Мария Викторовна Башун — один из самых старейших жителей деревни Красная Горка

Общество

Менавіта ў гэтым бачыць сакрэт даўгалецця Марыя Віктараўна Башун – адзін з самых старэйшых жыхароў Краснай Горкі Глыбачанскага сельсавета. У 91 год яна выглядае жвава і стараецца не сядзець склаўшы рукі, хоць, канечне, ужо шмат работы не па сілах.

– Нездарма кажуць, што рух – гэта жыццё. Вось прагуляюся крыху па вуліцы – і здаецца, адчуваю сябе лепш. Лічу, што пасільная праца не нанясе ўрон здароўю, наадварот, яна карысная,  – разважае жанчына.

Лёгкім жыццёвы шлях Марыі Віктараўны не быў. Нарадзілася яна на Дубровеншчыне, дзе скончыла 7 класаў. Добра памятае, але не любіць гаварыць пра вайну, якая прыпала на яе юнацкія гады. Пазней лёс прывёў жанчыну на Ушаччыну, куды пасля заканчэння навучальнай установы яна прыехала працаваць заатэхнікам. Першым месцам працы М.Башун стала сельгаспрадпрыемства ў Глыбачанах  і з 1950­га года па сённяшні дзень жыве ў Краснай Горцы.

– Усё жыццё разам з мужам Паўлам Ульянавічам прысвяцілі сельскай гаспадарцы. Цяпер яго ўжо няма. І як толькі ўсё паспявалі – зараз не ўяўляю. З самай раніцы да позняга вечара шчыравалі ў калгасе, ды і дома чакала немалая гаспадарка, апрацоўвалі прысядзібны ўчастак. Тады гэта было нормай, а ў цяперашні час мала знойдзеш тых, хто трымае па дзве­тры каровы. Зямля лічылася каштоўнасцю і карміцелькай,  – гаворыць Марыя Віктараўна.

Галоўным жа сваім багаццем жанчына лічыць пяцёра дзяцей, чацвёра ўнукаў, дачакалася яна ўжо і дваіх праўнукаў. Побач з маці ў Краснай Горцы пастаянна знаходзіцца сын Юрый, ніколі не забываюць і астатнія дзеці, нягледзячы на мноства сваіх сямейных спраў, пастаянна прыязджаюць з гарадоў  дочкі. У доме Марыі Віктараўны адразу прыцягвае ўвагу печ, якая размалявана яркімі кветкамі. Такую вясёлую і простую кампазіцыю зрабіла ўнучка Алёна, каб ажывіць пакой і парадаваць бабулю. На вуліцы ж жанчыне ўздымаюць настрой кветкі, пасаджаныя рукамі яе дзяцей.

М.В.Башун заўсёды займала актыўную жыццёвую пазіцыю, у свой час была дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў. І зараз яна пастаянна сочыць за навінамі ў раёне, краіне, свеце, цікавіцца палітыкай і нават падчас прагляду тэлевізара аддае перавагу розным грамадска­палітычным праграмам і ток­шоу, чым серыялам і кінафільмам.

Марыя Віктараўна зазначыла, што трэба радавацца кожнаму пражытаму дню, цаніць тое, што ёсць і заўсёды імкнуцца да лепшага. Простая і мудрая  парада ад таго, хто шмат пражыў і зведаў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *