Время повышенного риска, или Где поджидает детей опасность?

Демография

Не за гарамі – школьныя канікулы, час, калі нашых дзяцей літаральна на кожным кроку падпільноўвае небяспека: на дарогах, гульнявых пляцоўках, ля вадаёмаў, у парках. Гэтаму спрыяюць павышаная цікаўнасць хлопчыкаў і дзяўчынак, наяўнасць у іх вольнага часу, а таксама адсутнасць належнага кантролю з боку дарослых. Каб адпачынак дзяцей не абярнуўся трагедыяй, бацькам трэба памятаць і выконваць шэраг простых правілаў.

Эх, дарогі!

Трохгадовая Маша з вёскі Юхнаўка Докшыцкага раёна гуляла з мячыкам у двары пад наглядам свайго старэйшага браціка. Літаральна на некалькі хвілін хлопчык адышоў у дом, – але гэтага хапіла, каб адбылося незваротнае. Малышка выйшла на абочыну, дзе стаяў аўтобус, а пасля нечакана рушыла з-за яго на праезную частку. Тэрмінова спыніцца вадзіцель “Сітраена” не змог. Маша  памерла па дарозе ў бальніцу…

Праезная частка ўяўляе сур’ёзную небяспеку для ўсіх, а для дзяцей асабліва. З гэтай прычыны супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі нагадваюць бацькам аб неабходнасці бяспечнай перавозкі маленькіх пасажыраў – з выкарыстаннем спецыяльных дзіцячых крэслаў, бустараў. Як мага часцей нагадвайце малым правілы перасячэння праезнай часткі, у тым ліку ў двары. Выходзячы з-за любой перашкоды, у тым ліку з-за прыпаркаванай машыны, дзіця павінна выглянуць і пераканацца, што паблізу няма аўтамабіля, які рухаецца. Яму таксама трэба ведаць, што па “зебры” нельга без патрэбы прагульвацца і тым больш бегаць. Спачатку трэба спыніцца ля краю праезнай часткі, паглядзець па баках і пераканацца, што аўтамабілі спыніліся і прапускаюць пешаходаў. Дзецям да 14 гадоў выязджаць на веласіпедзе на дарогу забаронена.

Пластыкавы жах

У апошні час дзеці сталі гінуць і трапляць на бальнічныя ложкі… з-за пластыкавых вокнаў. З прычыны падзення з іх у год гіне каля 15 дзяцей, некалькі дзясяткаў атрымліваюць траўмы. Так, сёлета ў Віцебску, пакуль бабуля развешвала бялізну, выпадкова выпаў з балкона другога паверха трохгадовы хлопчык. У Гарадку чатырохгадовы малыш выйшаў на балкон трэцяга паверха, стаў на стульчык, які там знаходзіўся, і праз рассунутыя аконныя рамы перакуліўся. У абодвух выпадках, на шчасце, абышлося без ахвяр, з цялеснымі пашкоджаннямі хлопчыкі дастаўлены ў бальніцу.

Аналіз прычын падобных здарэнняў паказвае: практычна ўсіх іх можна было пазбегнуць. Новыя шклопакеты лёгка паддаюцца дзецям. Неабходна ўстанаўліваць вокны з запорамі, якія будуць абмяжоўваць магчымасць іх адкрыцця малымі. Прыбірайце любую мэблю на балконе і ў пакоях, якую дзіця лёгка можа выкарыстаць як прыступку.

У большасці зарэгістраваных сёлета ў Беларусі выпадкаў дзеці, якія выпалі з вокнаў, скарысталіся дапаможнымі сродкамі, а далей супраць іх спрацавала недасканалая каардынацыя.

Запалкі – не цацка

Яшчэ нядаўна ў адным з дамоў г.Асіповічы Магілёўскай вобласці гучалі звонкія дзіцячыя галасы. Але 13 сакавіка ў сям’ю прыйшла жудасная трагедыя: маладая жанчына з двума дзецьмі 2000 і 2007 гадоў нараджэння загінулі ў агні… Дом у адно імгненне апусцеў. Прычынай пажару стала неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Расказвайце дзецям аб элементарных правілах бяспекі – яны павінны ведаць нумары экстранных службаў. Растлумачце, што ў выпадку пажару неабходна выбягаць на вуліцу і ні ў якім разе не хавацца. Захоўвайце запалкі ў недаступных месцах, не дазваляйце самастойна карыстацца газавымі і электрычнымі прыборамі.

Надзейны сродак абароны

Як нам паведамілі ў дзіцячым аддзяленні ЦРБ, самай частай прычынай траўматызму дзяцей на Ушаччыне з’яўляюцца выпадковыя падзенні. Звычайна хлопчыкам і дзяўчынкам удаецца абысціся невялікімі ранкамі і драпінамі, аднак, на жаль, так бывае далёка не заўсёды. Бывае, у бальніцу трапляюць юныя веласіпедысты, якія падчас падзення з транспартнага сродку моцна ўдараюцца галавой аб зямлю ці асфальт – у некаторых выпадках у дзяцей фіксуецца сатрасенне мазгоў.

Медыкі папярэджваюць: зменшыць рызыку атрымання траўмы галавы на 85 працэнтаў дапаможа спецыяльны шлем. Паклапаціцеся, каб ён падыходзіў дзіцяці па памеры. Калі ж у вас ужо ёсць гэтае ахоўнае прыстасаванне з мінулага года, добра агледзьце яго на наяўнасць расколін і праломаў – пашкоджаны ўжо не зможа забяспечыць надзейную абарону.

Атрутны – значыць недаступны

Памятаю, як у дзяцінстве знайшла дамашнюю аптэчку – і не змагла не прыхапіць бліскучы блістар з маленькімі зялёнымі таблеткамі ад кашлю. Салодкія на смак, яны адна за адной то і справа накіроўваліся ў рот. Дзякуй Богу, бацькі гэта хутка заўважылі і спынілі “лячэбны” працэс. Пазней даведалася, што ўжыванне адразу 10-15 такіх таблетак маглі прывесці не толькі да моцнага атручвання, але і смерці…

Падчас канікул дзеці часта бываюць дома адны – у іх з’яўляецца магчымасць бесперашкодна аглядаць кожны куток. Ёсць рызыка, што падчас гульняў яны могуць выкарыстаць розныя хімічныя рэчывы. Каб гэтага не адбылося, лепш загадзя заблакіраваць доступ да падобнай “атруты” – мыйных сродкаў, інсектыцыдаў, а таксама лекаў. Лепш знайсці для іх захоўвання асобную шафу, якая зачыняецца. Не лішнім будзе растлумачыць дзецям, наколькі небяспечна гуляць з атрутнымі рэчывамі. Забяспечце маленькіх эксперыментатараў бясшкоднымі матэрыяламі для іх гульняў.

І ў ванне можна патануць

Утапленне – другая па частаце прычына смяротнасці сярод дзяцей ва ўзросце ад года да 14-ці ў Беларусі. Сёлета ўжо патанулі 19 малых (летась было 14). Прычым, як паказвае практыка, небяспеку ўяўляюць не толькі натуральныя вадаёмы (рэчка, возера), але і каналы, канавы, калодзежы, быў нават адзін няшчасны выпадак у ванне.

Ніколі не пакідайце дзіця без нагляду ля вады. Для самых малых глыбіня на ўзроўні 20 см – гэта ўжо небяспечна! Калі дзіця знаходзіцца ў ванне, басейне ці любой іншай вадзе, а вам трэба адысці на хвілінку, бярыце яго з сабой. Не пакідайце каля басейна ці напоўненай ванны цацкі, якія могуць упасці і справакаваць у малога жаданне іх дастаць.

Зоны небяспекі

Небяспеку для дзяцей уяўляюць дзіцячыя пляцоўкі, на якіх размешчаны арэлі. Пасля падзення з апошніх асноўнай памылкай дзяцей становіцца спроба стаць на ногі, у выніку чаго яны атрымліваюць яшчэ адзін удар – па галаве. На дзіцячай пляцоўцы не пакідайце малых адных, нават самых паслухмяных і занятых сваёй справай. Хадзіце следам – дзіця павінна быць ад вас на адлегласці выцягнутай рукі.

Што ж датычыцца дамоў і кватэр, самымі небяспечнымі пакоямі ў іх з’яўляюцца кухня і ванная. Там малы ніколі не павінен заставацца адны! У ванным пакоі, па меншай меры, пакладзіце на падлогу гумавы дыванок. Устанавіце абарончыя экраны каля пліты на кухні. Абмежаваць дзіця ў свабодным руху дапамогуць хадункі і манеж.

І грошы могуць нашкодзіць

З уваходам у наша жыццё манет трэба памятаць аб магчымасці траўматызацыі страўнікава-кішачнага тракту. Любы дробны прадмет не павінен трапляць у рукі дзіця да трох гадоў, якія ўсё спрабуюць на смак. Вызначце месца для сумак, у якіх захоўваюцца кашалькі, і прывучыце гасцей класці сумкі туды, куды дзіця не дацягнецца.

Далей ад каналізацыі!

У Круглянскім раёне сямігадовы хлопчык быў на вуліцы разам з бацькамі – дарослыя працавалі ў агародзе. У нейкі момант дзіця знікла з вачэй. Бацькі кінуліся яго шукаць і ўбачылі, што цяжкі драўляны шчыт, якім шчыльна накрылі калодзеж, адсунуты. Цела малога знаходзілася на дне калодзежа…

Галоўнай прычынай падобных здарэнняў з’яўляецца недаацэнка дзецьмі і дарослымі небяспекі, якую ўтойвае сістэма каналізацыі. У калодзежы могуць накоплівацца выбуханебяспечныя і атрутныя газы (метан, вокіс вугляроду, сярністы газ, аміяк, серавадарод або розныя іх камбінацыі). Двух­-трох удыхаў дастаткова, каб чалавек страціў прытомнасць і нават жыццё.

Азнаёміцца – і запомніць

Бацькам варта ведаць патэнцыяльна небяспечныя аб’екты і месцы знаходжання непаўналетніх ва Ушацкім раёне. Прапануем вашай увазе пашпарт такіх “кропак”. Знайсці больш падрабязную інфармацыю па адзначанай тэме можна на сайце газеты “Патрыёт” у раздзеле “Афіцыйна”.

Кар’еры (бываюць выпадкі іх абсыпання): прамысловы “Звонь” у вёсцы Бараўцы, унутрыгаспадарчыя “Старынка” (несанкцыянаваны), “Жывалака”, “Федаронкі”, “Вялікадолецкі”, “Краснае” – ля аднайменных населеных пунктаў, кар’ер паміж агр.Глыбачка і в.Якаўкі, а таксама на тэрыторыі Касарскога лясніцтва.

Штучныя вадаёмы: в.Двор Пліна, вул.Маладзёжная, 16; в.Старае Сяло; В.Дубраўка, вул.Цэнтральная, 38 і Школьная, 44; в.Залужэнне, 1; агр.Вяркуды; в.Гарбаціца (кар’ер, запоўнены вадоў); в.Глыбачка і в.Дубраўка (пажарныя вадаёмы).

Прыродныя вадаёмы: рака Ушача ў раёне вул.П.Броўкі і ля разбуранай плаціны ў в.Замошша Вялікадолецкага сельсавета, рака Дзіва ля дзіцячага лагера “Турасполле”, азёры Вечалле, Чаравэчча, Должыца, Баркоўшчына і Лутава, вадаём ля Арэхаўскай школы, сажалка ў в.Старае Сяло Жарскага сельсавета.

Закінутыя каналізацыйныя калодзежы: перасячэнне вул. Савецкай і Набярэжнай агр.Кублічы; ля магазіна “Сонечны” ў Кублічах; в.Матырына, вул.Садовая; в.Двор Пліна, вул.Маладзёжная; в.Газберг.

Дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі: вул.Віцебская, д.1 корп.1, 2, 3, д.3, 5, 7; вул.Ленінская, д.26 і 16, агр.Арэхаўна – “Рамонак”.

Міні-палігоны цвёрдых бытавых адыходаў: вёскі Астапаўшчына, Селішча, Слабада, Сарочына, Мосар, Вацлавова, Жары (дарога за магазін), Лагі, Касары, Павулле, Апанаскавічы, Дубраўка, Матырына, Лутава Сяльцо, Двор Пліна, аграгарадкі Глыбачка (за запраўкай ГЗМ), Арэхаўна, Ільюшына, Вялікія Дольцы, Вяркуды.

Воданапорныя вежы: в.Стаі, Ветча, Шчарбёнкі, Жывалака, Кублічы, Міхалкаўшчына, Селішча, Апанаскавічы, Вацлавова, Глыбачка, Сарочына, Ціханяты, Навасёлкі, агр.Арэхаўна.

Жылыя дамы, аб’екты сацыяльна-культурнага і вытворчага назначэння, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці і не выкарыстоўваюцца: агр.Глыбачка і в.Рацькова (Глыбачэнскі сельсавет), в.Старае Сяло і Жары (Жарскі), в.Кублічы, Селішча, Баяршчына, Судзілавічы (Кубліцкі), в.Матырына, Двор Пліна, Забораўна, Градзянец (Ушацкі), агр.Вялікія Дольцы, в.Новае Жыццё, Казімірова, Касары (Вялікадолецкі), в.Мосар, Слабада, Завячэлле, Бікальнічы, агр.Арэхаўна (Сарочынскі), в.Гарбаціца, Апанаскавічы, Любжына, дубраўка, агр.Вяркуды (Вяркудскі).

Што рабіць?

Існуе меркаванне, што засцерагчы дзіця ад траўм можна толькі забараніўшы яму ўсе патэнцыяльна небяспечныя дзеянні. Але гэта не так. Хлопчыкам і дзяўчынкам патрэбны свабода і прастор для творчасці. У гульнях у іх фарміруецца характар, воля і фізічныя якасці. Рух стымулюе актыўнасць мыслення. І задача дарослых – не змагацца з фізіялагічна апраўданай актыўнасцю, а адцягнуць увагу дзяцей ад рызыкоўных свавольстваў, прапанаваўшы не менш цікавую альтэрнатыву, а таксама навучыць адрозніваць траўманебяспечныя сітуацыі, каб пры магчымасці пазбягаць іх.

Абавязкова зазірніце ў дамашнюю аптэчку і праверце, ці ёсць у ёй усё неабходнае. Лепш пракансультавацца з педыятрам, якія сродкі і прэпараты трэба мець пад рукой. Калі ваша дзіця мае спецыфічнае захворванне, паклапаціцеся пра наяўнасць сродкаў першай дапамогі ў экстранай сітуацыі. Перагледзіце наяўныя лекі: выкіньце пратэрмінаваныя, а замест іх купіце новыя. Праверце, ці захаваліся інструкцыі да прэпаратаў – яны павінны ляжаць ва ўпакоўцы.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *