В детском саду № 3 г.п.Ушачи работает единственная в районе санаторная группа для дошкольников

Демография Здравоохранение Калейдоскоп Наши дети

Сёлета дзіцячы сад №3 г.п.Ушачы стаў адным з пераможцаў раённага конкурсу па добраўпарадкаванні. Сапраўды, зроблена шмат, але трэба адзначыць, што работнікі ўсіх устаноў сістэмы адукацыі заўсёды стараюцца ўтрымліваць свае тэрыторыі ў належным стане, у кожнай ёсць нешта сваё, адметнае. Тое ж можна сказаць і пра вучэбна-выхаваўчы працэс. Але менавіта дзіцячы сад №3 мае адну вельмі важкую асаблівасць — тут функцыяніруе адзіная ў раёне санаторная група для дашкольнікаў.

Яе наведванне будзе карысным у першую чаргу дзецям, якія часта хварэюць. Для гэтага бацькам трэба атрымаць заключэнне ўрачэбнай камісіі ў райбальніцы, дзе ўрачы вызначаць для дзіцяці групу здароўя, і напісаць заяву ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама аб пераводзе дзіцяці са звычайнай групы ў санаторную.

Першае, чым яна адрозніваецца — невялікай колькасцю дзетак і іх розным узростам. Ужо значны час з санаторнай групай працуе вопытны выхавацель Наталля Дзмітрыеўна Арэхва, якая ўлічвае ўзроставыя асаблівасці дзяцей, бо адным хутка ў школу, а іншыя толькі пачалі наведваць дашкольную ўстанову. Атрымліваецца амаль што індывідуальны падыход да кожнага выхаванца — зразумела, што формы заняткаў і работы з дзецьмі адаптаваныя з улікам іх стану здароўя. Другое адрозненне — больш высокія нормы прадуктаў харчавання. Дзяцей кормяць чатыры разы ў дзень, у рацыёне выхаванцаў санаторнай групы фрукты і сокі, паўнацэнная вячэра. Ну і трэцяе, самае галоўнае — наяўнасць медыцынскага персаналу і шэраг аздараўленчых мерапрыемстваў, якія з дзецьмі санаторнай групы дзіцячага сада №3 праводзіць медработнік са стажам Тамара Дзмітрыеўна Барадзёнак.

Калі наведаў санаторную групу, якраз застаў дзяцей на сеансах масажу грудной клеткі — іх на працягу месяца кожны выхаванец групы атрымлівае дзесяць. На працягу 30 дзён чаргуюцца комплексы практыкаванняў, накіраваных на папярэджанне плоскаступнёвасці і на прафілактыку скаліёзу. Потым ідуць 15-дзённыя комплексы па нармалізацыі постаці і па аздараўленні пазваночніка. Кожны дзень праводзяцца 10 сеансаў дыхальна-групавой гімнастыкі, на працягу 5-6 хвілін — практыкаванні для ўмацавання мышцаў вочнага яблыка, што з’яўляецца прафілактыкай пагаршэння зроку ў дзяцей. Падабаюцца ім чаі з лекавых траў (чабор, зверабой, мята, ліпавы цвет, шыпшына), якія прапануюцца 10 дзён у месяц, дапамагаюць у прафілактыцы захворванняў паласканні ротавай поласці і зева адварамі лекавых траў (рамонак, шалфей, трыпутнік, эўкаліпт).

З наступленнем халоднай пары года ў мэтах папярэджання грыпу і вострых рэспіраторных захворванняў дзеці ўжываюць у ежу цыбулю і часнок у сырым выглядзе. Калі ж на вуліцы спрыяльнае надвор’е, то з выхаванцамі праводзяцца загартоўваючыя працэдуры на свежым паветры: дыхальная гімнастыка, гульні з элементамі лячэбнай фізкультуры, паветраныя ванны, вільготныя абціранні і іншае, ладзяцца прагулкі ў лес.

Такі комплекс мерапрыемстваў адпрацаваны і дае станоўчыя вынікі. За 2013-2014 навучальны год у аднаго дзіцяці ліквідавана пачатковая форма плоскаступнёвасці, у аднаго — парушэнне каардынацыі руху, а захворваемасць выхаванцаў санаторнай групы склала ўсяго 1,1 дзетадней! У бягучым навучальным годзе плануецца выйсці на рэкордную лічбу ў 0,8 дзетадней.

Ад сваіх знаёмых аднойчы пачуў, што, маўляў, «там дзеці аслабленыя, часта хварэюць, таму гэта можа быць небяспечна для майго дзіцяці». Але, як сцвярджае загадчыца ясляў-сада №3 Святлана Іванаўна Лёля, баяцца няма чаго:

— Дзіця, скажам, з вострым рэспіраторным захворваннем, патэнцыяльна небяспечнае для ўсёй групы, лечыцца дома. Усе лячэбныя мерапрыемствы ў нас накіраваны на ўмацаванне імунітэту дзяцей. Кожную раніцу іх аглядае медработнік. Выхавацелі пытаюцца ў бацькоў пра стан здароўя дзяцей, іх самаадчуванне дома. А такая павышаная ўвага малышам толькі на карысць. Трэба адзначыць, што месцы ў санаторнай групе яшчэ маюцца. Уплывае на гэта мабыць і той факт, што з-за ўзмоцненага харчавання і комплексу працэдур кошт платы за знаходжанне дзіцяці тут вышэй, чым у звычайнай групе, але не намнога. Затое вы зэканоміце на леках, а здароўе дзяцей і спакой бацькоў наогул не маюць цаны!

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *