Пик огненной опасности. За 10 дней в стране произошло 218 пожаров, на которых погиб 41 человек

Cлужба-101

Кожны год пачатак ацяпляльнага сезона з’яўляецца перыядам ўсплёску пажараў. Толькі ўдумайцеся ў гэтыя лічбы: за дзесяць дзён – з 20 па 30 кастрычніка ў рэспубліцы адбылося 218 пажараў, на якіх загінуў 41 чалавек! З 16 пажараў, што адбыліся з пачатку года на Ушаччыне, 3 прыходзіцца на кастрычнік.

Сагрэцца і не згарэць

Як толькі халадае на вуліцы, у дамах пачынаюць інтэнсіўна тапіць печы. Часам даходзіць ледзьве не да кругласутачнага рэжыму, і ў выніку многія кладкі ці дымаходы не вытрымліваюць перагрэву. Па статыстыцы кожны пяты пажар адбываецца з­за няправільнай эксплуатацыі печаў. Менавіта па гэтай прычыне ў мінулыя выхадныя ў Маладзечанскім раёне абарвалася жыццё 30­гадовага мужчыны і яго пяцігадовага сына. Мужчына з дзіцём засталіся на ноч у сваім дачным доме, а раніцай хацелі вярнуцца дадому ў Мінск, але, на жаль, не прачнуліся. У адзін момант перакрэслілася шчаслівае жыццё добранадзейнай маладой сям’і… Спіс трагічных выпадкаў, на вялікі жаль, можна працягваць.

Гэтай парой людзі саграваюцца не толькі з дапамогай пячнога ацяплення. Не менш распаўсюджанай прычынай пажараў з’яўляецца і выкарыстанне электраабагравальнікаў. Небяспечна пакідаць уключанымі іх на ноч, сушыць на іх рэчы. Акрамя гэтага абагравальнік з’яўляецца вельмі магутным прыборам, таму, выкарыстоўваючы яго, трэба ўлічваць агульную нагрузку на электрасетку – уключаць яго адначасова з мікрахвалевай печчу, пральнай машынай, тэлевізарам не варта. Каб пазбегнуць узгарання электраабсталявання з­за перападаў напружання, карыстайцеся сеткавымі фільтрамі. Сачыце за тым, каб разеткі не награваліся, бо гэта першая прыкмета няспраўнасці ці перагрузкі сеткі, што, адпаведна, можа прывесці да кароткага замыкання. Адна з галоўных запаведзей бяспекі – не пакідаць уключаныя прыборы без нагляду. У зводках МНС нескладана знайсці выпадкі, калі прычынай пажараў з’яўляецца парушэнне правіл эксплуатацыі электрапрыбораў, напрыклад, тэлевізары, пакінутыя ў рэжыме чакання, ці падключаныя да сеткі зарадныя ўстройствы. Дарэчы, за прыкладамі далёка хадзіць не трэба. У пачатку кастрычніка пажар, які адбыўся з­за няправільнай эксплуатацыі абсталявання ў адной з кватэр па вуліцы Савецкай, 2 прымусіў пахвалявацца і пацярпець нязручнасці ўсіх жыльцоў дома. Салодкі сон уначы прыйшлося перарваць і некаторы час правесці на вуліцы – выратавальнікі эвакуіравалі жыхароў шматпавярхоўкі. На шчасце, абышлося без ахвяр, гаспадыня кватэры не пацярпела, чаго не скажаш пра яе маёмасць.

Курэнне можа загубіць

Курэнне ў жылых памяшканнях – асобная тэма і асаблівая бяда. Вялікая доля пажараў адбываецца па гэтай прычыне. Прыкладам таму – нядаўні выпадак, калі закурыў у доме і заснуў жыхар Новага Сяла. Выжыць яму пашчасціла, а вось ад дома практычна нічога не засталося.

У рэйды па Ушаччыне

Каб папярэдзіць узнікненне пажараў і гібель людзей на іх у пажаранебяспечны асенні перыяд, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з 17 кастрычніка па 11 лістапада праводзіць пажарна­прафілактычную акцыю “За бяспеку разам!”

На Ушаччыне ў час акцыі праходзяць рэйды па праверцы стану жылых памяшканняў грамадзян, у першую чаргу адзінокапражываючых, інвалідаў, нядобранадзейных сямей. Акрамя супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у рэйдавыя рабочыя групы ўваходзяць прадстаўнікі энерганагляду, аддзела ўнутраных спраў, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райгаза. Асаблівая ўвага ў ходзе абследавання ўдзяляецца стану пячнога ацяплення, электраправодкі, газавага і электрычнага абсталявання, наяўнасці і спраўнасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, а таксама ўмовам пражывання дзяцей. На мінулым тыдні, напрыклад, рэйдавая група наведала вёскі Вялікадолецкага сельсавета. У дамах вяскоўцаў было выяўлена не адно парушэнне: трэшчыны ў печах, складзіраванне рэчаў на іх, старая праводка і іншае. Замест пакарання ўсім былі вынесены папярэджанні і праведзены тлумачальныя размовы, якія, будзем спадзявацца, паўплываюць на жыхароў.

У рамках акцыі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць сустрэчы і ў працоўных калектывах Ушаччыны. Тэма сходаў усё тая ж – пажарная бяспека.

Прафілактыка патрэбна

Многія лічаць, што падобныя прафілактычныя мерапрыемствы не патрэбны і паўтараць элементарнае “не курыце ў ложку!”, “не пакідайце дзяцей адных”, “выконвайце правілы пажарнай бяспекі” не мае сэнсу. Аднак менавіта дзякуючы мэтанакіраванай прафілактыцы за апошнія гады ўдалося змяніць сітуацыю: у 2010 годзе ў рэспубліцы загінула 1110 чалавек (!), у 2014­м – 737, у 2015 – 579. Тэндэнцыя на памяншэнне трагедый захоўваецца і ў бягучым годзе. На Ушаччыне таксама назіраецца змяншэнне колькасці пажараў і загінуўшых на іх. Так, у 2011 годзе адбылося 40 пажараў і загінула 11 чалавек, у 2012­м – 31 пажар і 7 загінуўшых, у 2013­м – 25 пажараў і 6 ахвяр. Сёлета ў раёне з пачатку года адбылося 16 пажараў, гібелі людзей не зарэгістравана. А значыць, прафілактыка дае эфект і трэба абследаваць, правяраць, яшчэ і яшчэ папярэджваць.

З пачатку года ў краіне адбылося 4566 пажараў, на якіх загінула 402 чалавекі, з іх сямёра дзяцей, 275 чалавек траўміраваны, агнём пашкоджана 3561 пабудова.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *