Итоги социально-экономического развития Ушачского района за 9 месяцев 2016 года

Общество

На апошнім пасяджэнні райвыканкама разглядаліся вынікі сацыяльна-­эканамічнага развіцця Ушацкага раёна за студзень-­верасень 2016 года. Прагнозныя паказчыкі выкананы па зніжэнні ўзроўню затрат, рэнтабельнасці продажу ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, працаўладкаванні грамадзян на новыя рабочыя месцы, рознічным тавараабароце грамадскага харчавання, інвестыцыях у асноўны капітал. Па асобных назіраецца станоўчая дынаміка, а ёсць і галіны, дзе паказчыкі пакуль не дацягваюць да задання. Падчас абмеркавання пытання былі заслуханы кіраўнікі тых арганізацый, дзе назіраецца адставанне.

Сельская гаспадарка

Па выніках работы за 9 месяцаў бягучага года тэмп росту вытворчасці ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна склаў 88,1 %: у галіне жывёлагадоўлі – 118,8 %, раслінаводстве – 69,3 %. Найбольшую ўдзельную вагу валавой прадукцыі займаюць дзве гаспадаркі: ААТ “Ільюшынскі” – 22 % і КУСГП “Вялікадолецкае” – 17,9 %. УП “Сарочына” ў агульным аб’ёме займае 12,6 %. Ні адна сельгасарганізацыя раёна не дасягнула ўзроўню вытворчасці валавой прадукцыі 2015 года. Найбольшае зніжэнне назіраецца ў КУСГП “Кублічы”, “Арэхаўна” і Глыбачаны”. Асноўнай прычынай зніжэння паказчыкаў у сельскай гаспадарцы з’яўляецца недаатрыманне прадукцыі раслінаводства. За 9 месяцаў недаатрымана 809 тон сенажу, 785 тон сіласу, 167 тон сена. Валавы збор зерня склаў 18 538 тон ці 55,2 % да ўзроўню 2015 года, рапсу – 1120 тон ці 40,2 %. Асноўнай прычынай гэтага стаў недахоп у гаспадарках грашовых сродкаў на набыццё мінеральных угнаенняў, гаруча­змазачных матэрыялаў, запасных частак на рамонт тэхнікі.

За прайшоўшы перыяд вытворчасць малака склала 9,07 тысячы тон ці 99,4% да ўзроўню 2015­га. Надой на карову – 2384 кілаграмы, што вышэй мінулагодняга паказчыка амаль на 11 %. А вось прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы не дацягнула да мінулагодняга паказчыка і склала 810 тон (98,4%). За аналізуемы перыяд сельгасарганізацыямі раёна атрымана 2615 галоў прыплоду, што склала 85,7 % – гэта адна з галоўных прычын недаатрымання малака.

Вытворчасць прамысловай прадукцыі

Яе аб’ём за студзень­-верасень 2016 года склаў 4739 тысяч рублёў і ў параўнанні з мінулым годам павялічыўся на 6 %. Менш прамысловай прадукцыі выпусціў Ушацкі агародніннасушыльны завод – 80,4 %. Знізіла аб’ёмы вытворчасці і ААТ “Прамкамбінат”: спецадзення на 4,8%, дзвярэй – на 13,6, акон – на 38,9 %. Адставанне складае амаль адзін месячны аб’ём вытворчасці.

Два прадпрыемствы – філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” і УП ЖКГ маюць станоўчую дынаміку па вытворчасці прадукцыі – 126,3 і 100,2%.

У першым паўгоддзі на складах прамысловых прадпрыемстваў меўся запас гатовай прадукцыі на 63 тысячы рублёў ці 12 % ад сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці.

Рознічны тавараабарот гандлю

Заданне па рознічным тавараабароце не выканана праз усе каналы рэалізацыі. Нягледзячы на гэта насельніцтву прададзена тавараў на суму 26 мільёнаў рублёў, што на 286,8 тысячы рублёў перавышае ўзровень мінулага года. Тавараабарот на аднаго жыхара склаў 1475,9 (на 6,3% больш аналагічнага перыяду 2015).

Асноўнай прычынай невыканання паказчыка з’яўляецца адставанне ад задання арганізацый спажывецкай кааперацыі, на долю якіх прыходзіцца 65 % усяго рознічнага тавараабароту гандлю.

Рознічны тавараабарот грамадскага харчавання склаў 1,3 мільёна рублёў і павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам на 4% пры заданні росту 2. З даведзеным заданнем паспяхова справіліся райспажыўтаварыства (105%) і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (129,8%). Значна не дацягнулі да мінулагодняга ўзроўню УП “Санаторый “Лясныя азёры” і ПУП “Баця” – 64 і 47 % адпаведна. Гэтыя арганізацыі аргументавалі зніжэнне аб’ёмаў тавараабароту адсутнасцю попыту з боку насельніцтва.

Экспарт тавараў

За студзень­-жнівень бягучага года ў цэлым па раёне экспарт тавараў склаў 207,3 тысячы долараў ЗША, а гэта 112,8 % да аналагічнага перыяду 2015 года, у тым ліку па арганізацыях камунальнай уласнасці і без ведамаснай падпарадкаванасці – 108,7 тысяч долараў ЗША ці 84,7 %. Асноўнай прычынай зніжэння аб’ёмаў экспарту тавараў з’яўляецца змяншэнне паставак тавараў на знешні рынак індывідуальнымі прадпрымальнікамі, экспарт па якіх склаў толькі 28,2%. Гэта звязана з тым, што іх пастаўкі носяць разавы характар, суб’екты не маюць доўгатэрміновых кантрактаў, якія б дазволілі спрагназаваць аб’ёмы экспарту і выявіць прычыны зніжэння.

Экспарт паслуг

у бягучым годзе не выконваецца. Асноўнай прычынай гэтага з’яўляецца адставанне ад задання і мінулагодняга ўзроўню санаторыя “Лясныя азёры” (73,5%). Менавіта на гэта прадпрыемства прыходзіцца больш за 98 % усяго экспарту паслуг. За 8 месяцаў аб’ём турыстычных паслуг скараціўся на 136,2 тысячы долараў ці на 23,4% і склаў 446,1 тысячы долараў. Паслугі ў вобласці аховы здароўя зменшыліся ў параўнанні з мінулым годам на 46,9 тысячы долараў ці на 41,7 %.

Інвестыцыі

За 9 месяцаў прыцягнута 8,8 мільёна рублёў інвестыцый пры заданні 9. На 85,3% выканана заданне па аб’ёме будаўніча­мантажных работ.

У параўнанні з мінулым годам укладзена на 570 тысяч рублёў больш інвестыцый. Прырост паказчыка забяспечаны за кошт вялікіх аб’ёмаў інвестыцый па ўпраўленні капітальнага будаўніцтва. Большасць арганізацый раёна знізілі сумы інвестыцый у параўнанні з мінулым годам.

Сярэднемесячная заработная плата

Яна па арганізацыях па выніках дзевяці месяцаў склала 464,4 тысячы рублёў (106,5 % да ўзроўню мінулага года, выкананне задання – 93%). Заданне выканана толькі трыма арганізацыямі: лясгасам, ПМК­66, філіялам абласнога вузла вяшчання і тэлебачання. Чакаецца, што па выніках года сярэднемесячная заработная плата складзе 480,5 тысяч рублёў, пры заданні 506,8 тысячы рублёў.

Фінансавыя паказчыкі

У студзені­-жніўні арганізацыі раёна зарабілі 33,7 мільёна рублёў ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ, паслуг), а гэта 105,6 % да мінулагодняга паказчыка. Сабекошт рэалізаванай прадукцыі ў цэлым па раёне ўзрос на 2,1%, атрыманы прыбытак ад асноўнага віду дзейнасці, які ў цэлым па раёне склаў 1,9 мільёна рублёў, што больш чым у 2 разы больш аналагічнага перыяду 2015­га. Рэнтабельнасць продажу па раёне склала 5,6%. Рэнтабельнымі з’яўляюцца 19 арганізацый з 20. Але трэба адзначыць, што большасць арганізацый з’яўляюцца нізкарэнтабельнымі (ад 0 да 5%). Адмоўную рэнтабельнасць мае толькі агароднінасушыльны завод, а чыстыя страты – гэтае прадпрыемства і “Ушацкі райагрэсэрвіс”.

Другасная сыравіна

За 9 месяцаў у цэлым па раёне нарыхтавана 184,1 тоны адходаў паперы і кардону (61,4% ад задання), 51,5 тоны адходаў шкла (35,5%), 11,6 тон палімерных адходаў (21,1%), 0,686 тоны электрычнага і электроннага абсталявання (5,7%), 29,9 тоны зношаных шын (42,9%), 5,2 тоны адпрацаваных масел (47,7%).

Дзяржзаказ па пастаўках паперы і кардону выкананы на 56,6% – здадзена 141,5 тоны, па адходах шкла выкананы на 91,4 % – здадзена 54,9 тоны.

Распараджэннем райвыканкама арганізацыям раёна былі даведзены заданні па зборы і пастаўцы макулатуры ў райспажыўтаварыства. Як было адзначана на пасяджэнні, некаторыя арганізацыі яшчэ нават і не прыступалі да нарыхтоўкі паперы і кардону, таму ім трэба неадкладна актывізаваць гэтую работу.

Уцягненне ў гаспадарчы абарот

Сёлета ў спіс невыкарыстоўваемых аб’ектаў, якія падлягаюць зносу, кансервацыі ўключаны 22 аб’екты. Пераважная большасць невыкарыстоўваемай маёмасці (81,8%) прыходзіцца на сельскагаспадарчыя арганізацыі.

Было адзначана, што ў раёне работа па ўцягненні ў гаспадарчы абарот такіх аб’ектаў праводзіцца не на належным узроўні. Не вядуцца работы ў гэтым накірунку ў КУСГП “Вялікадолецкае”, “Арэхаўна”, “Кублічы”, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па правах моладзі райвыканкама.

Аналагічная сітуацыя з дзяржаўнай рэгістрацыяй нерухомасці. Гэта работа праходзіць вельмі маруднымі тэмпамі. З 25 аб’ектаў, запланаваных да рэгістрацыі, суб’ектамі гаспадарання ў студзені­верасні зарэгістраваны толькі 14.

* * *

Да канца года застаецца не так многа часу, а таму ад кіраўнікоў усіх узроўняў патрабуецца неадкладнае прыняцце мер па ліквідацыі адставанняў у сацыяльна­эканамічным развіцці, выхадзе не бясстратную работу арганізацый, бо ад гэтага напрамую залежыць фарміраванне раённага бюджэту.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *