Лагерь «Солнышко», конкурс «Эрудит», олимпиада по финансовой грамотности. Ушачские школьники с пользой провели осенние каникулы

Общество

Займаліся тым, што цікавіць

Гэтага тыдня школьнікі Ушаччыны чакалі даўно. Тым не менш, развітвацца з роднымі альма-­матэр на час восеньскіх канікул не сталі і з галавой акунуліся ў насычанае і цікавае культурна­масавае жыццё школьных лагераў.

Так, нягледзячы на пахмурную восень, ва Ушацкай школе ўвесь тыдзень свяціла “Сонейка”. Лагер з такой прыгожай назвай наведвалі 40 вучняў малодшых класаў. Асаблівасцю сёлетняй змены ў “Сонейку” стала ўвядзенне ў штодзённы рэжым маленькіх наведвальнікаў часу для сну, пра што, зрэшты, неаднаразова прасілі бацькі хлопчыкаў і дзяўчынак.

Не сумавалі падчас канікул і 32 старшакласнікі Ушацкай, Арэхаўскай, Плінскай школ – для іх у райцэнтры была арганізавана работа профільнага лагера для адораных і матываваных на вучобу дзяцей. Галоўная яго мэта – “падцягнуць” вучняў па вучэбных прадметах, падрыхтаваць іх да алімпіяд.

Традыцыйна карыстаецца папулярнасцю ў школьнікаў спартыўна­-аздараўленчы лагер на базе Ушацкай ДЮСШ. На гэты раз ён сабраў 45 юных аматараў спорту і здаровага ладу жыцця.

Ні хвіліны не сядзелі без справы вучні Плінскай і Касарской школ – 15 і 13 чалавек адпаведна. Усе яны сталі наведвальнікамі дзённых лагераў, адкрытых на базе родных альма-­матэр.

Дзе адпачынак школьнікаў выдаўся асабліва цікавым? Ды ўсюды! Шматлікія паходы і экскурсіі, спартыўныя спаборніцтвы, мерапрыемствы ў рамках дэкады энергазберажэння і творчыя сустрэчы, несумненна, запомняцца юнакам і дзяўчатам надоўга.

Эрудыт-2016

У апошні час, каб адшукаць адказ на нейкае пытанне, многія заглядваюць у інтэрнэт. Прадстаўнікі ж каманд васьмі ўстаноў адукацыі Ушаччыны, удзельнікі раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях “Эрудыт­­2016” у мінулую суботу такой магчымасці былі пазбаўлены – ім давялося спадзявацца толькі на ўласныя веды, кемлівасць і падтрымку таварышаў.

У выніку ўпартай барацьбы “золата” чэмпіянату дасталася вучням Глыбачанскай школы, на другім месцы прадстаўнікі Ушацкай, на трэцім – Арэхаўскай. Ад аддзела адукацыі, спорту і турызму, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама пераможцы атрымалі дыпломы і памятныя падарункі.

Фінансава адукаваныя

Напрыканцы кастрычніка пры ўдзе­ле ААТ “Беларусбанк” ва Ушачах прайшоў першы (раённы) этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай адукацыі сярод вучняў 10­­11 класаў. 39 прадстаўнікам 7 школ раёна былі прапанаваны пытанні на тэарэтычныя веды, а таксама задачы, што патрабавалі разлікаў.

Лепш за ўсіх справіліся з тэставымі заданнямі адзінаццацікласнікі Ушацкай школы Эльвіра Трафімава, Ганна Кандзякова і Антон Дуброўскі. Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі, а 23 лістапада яны прымуць удзел у другім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды ў Віцебску.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: падчас конкурсу “Эрудыт”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *