Операторы машинного доения коров ОАО «Ильюшинский» Наталья Маркевич, Ирина Казаченко, Светлана Михейко лидируют по надоях в своём хозяйстве и в районе

Сельское хозяйство

“Не ведала, што фатаграфаваць мяне прыедзеце, не рыхтавалася!” – саромеецца свайго рабочага выгляду Наталля Васільеўна Маркевіч. Жанчына ёсць жанчына – аператару машыннага даення перад аб’ектывам фотакамеры выглядаць прывабна хочацца не менш, чым прадстаўніцам больш “эстэтычных” прафесій ды адказных пасад. Іншая справа, што “кабінеты” даяркі не зусім спрыяюць якаснаму фону. Але больш за модныя прычоскі і дарагія сукенкі прывабнай жанчыну робіць унутраныя святло і прыгажосць, якімі захапляешся міжволі. Вось і адна з лепшых даярак “Ільюшынскага” з першых хвілін размовы выклікае прыхільнасць да сябе.
Адна з лепшых таму, што на групе яна працуе разам з Ірынай Васільеўнай Казачэнка і Святланай Ільінічнай Міхейка. Гэта трыо мае ідэнтычны і лепшы паказчык па надоях не толькі ў сваёй гаспадарцы, а і сярод усіх аператараў машыннага даення раёна.
У міні-калектыве працавітых аператараў у любы момант, калі здарыцца штосьці непрадбачанае, заменяць калегу, ні адну са 188 кароў нядоенай не пакінуць. У сваю чаргу і з боку спецыялістаў да гэтых даярак адносіны адпаведныя, бо такія работніцы заслужылі права атрымаць лепшы маладняк, нейкія іншыя невялікія прывілеі. Інакш і быць не можа – высокаўдойную карову выгадаваць цяжка, а загубіць прасцей простага.
Недасведчаным людзям можа падацца, што зараз аператарам варта толькі прыставіць да вымя даільныя стаканы і малако пацячэ ракой. Толькі тут не з усім можна згадзіцца. Перад тым, як ушчыльную заняцца даільнымі апаратамі, Наталлі Васільеўне прыходзіцца выканаць шэраг падрыхтоўчых аперацый. Акрамя таго, што кароў, якія нядаўна ацяліліся, трэба падаіць у асобную ёмістасць і потым выпаіць цялят-малочнікаў, неабходна выгуляць жывёлу, раздаць канцэнтраты. У “Ільюшынскім” гэта робяць тройчы на дзень, і такі на першы погляд няхітры прыём дае аддачу – надой падрос. А з размоў са спецыялістамі жывёлагадоўчай галіны, аператарамі, загадчыкамі ферм ведаю, што пры ўмовах, калі генетычны патэнцыял кароў практычна вычарпаны, нават невялікая прыбаўка даецца нялёгка.
Вымя сваіх чорна-пярэстых падапечных даяркі не толькі мыюць, але і апрацоўваюць да і пасля даення спецыяльнымі прэпаратамі. Ну і, зразумела, сочаць за парадкам у кароўніку – тут светла, на праходах і ў стойлах пануе чысціня, якая ў першую чаргу спрыяе паляпшэнню не колькасці, а якасці прадукцыі. Нездарма ж большая частка малака адпавядае гатунку “экстра”.
3 вышэйпералічанага можна зрабіць вывад, што высокіх паказчыкаў дабіваюцца там, дзе належным чынам наладжана тэхналогія, а людзі строга прытрымліваюцца ўсіх яе патрабаванняў і працуюць свядома, не з-пад палкі, без нагляду начальнікаў.
Калегі Н.В.Маркевіч зараз у водпусках – карыстаюцца момантам, што амаль палова кароў у запуску, таму ў абед на групе Наталля Васільеўна завіхалася адна. Заробкі зараз не вельмі, але жанчына сцвярджае, што хутка пойдуць масавыя ацёлы і іх чакае “вялікае малако”, а значыць і прыбаўка да зарплаты. Каровы тут высокаўдойныя, пасля другога цяляці нават нягледзячы на тое, што доіцца зараз менш двух трэціх пагалоўя, атрымліваюць звыш 1600 кілаграмаў малака за дзень – каля 14,5 літра на адну жывёлу. Ёсць і рэкардсменка, якая дае звыш 30 літраў.
Н.В.Маркевіч на комплексе лічаць мясцовай, але яна з Лажаншчыны. Проста працуе даўно, “яшчэ са старой фермы”, таму не ўсе маладзейшыя калегі ведаюць, што трапіла яна ў гаспадарку, калі выйшла замуж – яе абраннік да таго часу ўжо ўладкаваўся ў “Дружбе” вадзіцелем.
– Старшыня калгаса Уладзімір Антонавіч Крывапушчанка выдзеліў нам дом, які мы даўно прыватызавалі, – успамінае аператар. – Розныя былі часы, прыходзілася і куды складаней, чым зараз, але не шукалі мы іншага месца. Я і сама сябе даўно лічу ільюшынскай… Дзеці тут выраслі – меншая Даша ў адзінаццатым класе, вучыцца добра, мяне радуе, старэйшая Маша сацыяльным работнікам уладкавалася. Зяць таксама ў нашай гаспадарцы трактарыстам працуе – Дзіма Бурак, пра яго неаднойчы пісалі, а не так даўно і пра сыночка майго, Сашу Маркевіча, механізатара “Райаграсэрвіса”.
І.В.Казачэнка, таксама як і Наталля Васільеўна, старажыл у жывёлагадоўлі, а самая старэйшая з напарніц, С.І.Міхейка, у сельскагаспадарчай галіне брала перадых, калі ўладкавалася паштальёнам у мясцовым аддзяленні сувязі. На комплекс жа вярнулася… калі выйшла на заслужаны адпачынак, і ўжо шосты год працуе не горш, а лепш многіх маладзейшых калег. Кожная з гэтых працавітых жанчын не толькі аддала складанай і пачэснай рабоце шмат гадоў, неаднаразова станавілася пераможцам і прызёрам унутрыгаспадарчага і раённага спаборніцтваў, але яшчэ і ласкавая маці, добрая жонка і дбайная рупліўца на ўласнай гаспадарцы. І, безумоўна, кожная з іх вартая слоў пашаны і ўдзячнасці за сваю нялёгкую працу.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *