В Ушачах построен новый 40-квартирный дом

Общество

Будаваць   — значыць жыць. Так здаўна кажуць у народзе. І будаўнічая галіна стала сінонімам адраджэння і росквіту жыцця. Новыя кватэры і дамы – гэта шчаслівыя навасёлы, маладыя сем’і, будучыня краіны. Новыя аб’екты інфраструктуры ствараюць камфорт для жыцця грамадзян, на што і накіравана дзейнасць органаў улады. Нягледзячы на ўсе складанасці, дзяржава аказвала і працягвае аказваць дапамогу рэгіёнам у гэтай важнай справе. І кожны год у нашым раёне азнаменаваны ўводам у эксплуатацыю новабудоўляў, якія маюць вялікую сацыяльную значнасць. Сёлета такімі сталі рэканструкцыя з рэстаўрацыяй мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, асвячэнне пасля завяршэння работ храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры і 40-кватэрны жылы дом на Віцебскай, у адкрыцці якога напярэдадні Новага года прыняў удзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў.

Дом, дзе саграваюцца цяплом

Перад адкрыццём новай шматпавярхоўкі кіраўнік заканадаўчай улады Віцебшчыны наведаў яшчэ адзін сацыяльны аб’ект – дом сямейнага тыпу ў аграгарадку Арэхаўна, які быў пабудаваны за бюджэтныя сродкі і адкрыты ў маі 2013 года. Цішыня тут пануе рэдка, сямёра дзяцей – двое сваіх і пяцёра прыёмных – ні на хвіліну не даюць засумаваць Анастасіі і Вячаславу Залатым. А 30 снежня бацькі і дзеці толькі паспявалі прымаць гасцей з навагоднімі падарункамі і сюрпрызамі.

– Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” стала добрай беларускай традыцыяй і абавязвае дарослых дарыць хлопчыкам і дзяўчынкам святочны настрой, клопат і ўвагу, – адзначыў У.У.Цярэнцьеў, які разам са старшынёй райвыканкама Віктарам Віктаравічам Родзічам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Вольгай Мікалаеўнай Захарэнка ўручыў падарункі як для сям’і – у адным з пакояў аб гэтым мерапрыемстве будзе нагадваць вялікая карціна – так і кожнаму з сямі дзяцей.

Напрыклад, Ваня шчыра ўзрадаваўся санкам, а самы меншы Сярожа адразу ж прыняўся апрабоўваць уласцівасці новай машынкі. Але гэта было не ўсё! Сапраўдны навагодні цуд чакаў сям’ю на вуліцы, і ўжо праз хвіліну бацькі і малышы радаваліся сямі новым веласіпедам – для кожнага па ўзросце. “Цяпер усім разам можна будзе ў велапаход адпраўляцца!” – адзначыла гаспадыня і шчыра падзякавала прадстаўнікам улады.

Павіншаваць з навагоднімі святамі сям’ю ў гэты дзень завіталі прадстаўнікі ўшацкіх прадпрыемстваў і арганізацый. Сімвалічнай была прысутнасць работнікаў “НікСілБуда” – менавіта гэтае прыватнае прадпрыемства, якое пабудавала дом сямейнага тыпу, першым і паклала пакет салодкіх ласункаў пад ёлачку. З падарункам наведаў сям’ю Сяргей Міхайлавіч Ільюшэвіч, ляснічы Сарочынскага лясніцтва, дзе працуе галава сямейства, свае прэзенты ўручылі прадстаўнікі разлікова-касавага цэнтра №37 “Белаграпрамбанка” і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Іванавіч Бухалка. Акрамя салодкіх падарункаў былі і неабходныя ў гаспадарцы, карысныя для здароўя – ААТ “Дземенец” перадала сям’і мяшок грэчкі, а ТАА “Лес” – упакоўку журавіннага прыпасу. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Фёдараўна Сыроўчанка ўручыла патрэбныя ў быце рэчы: падстаўку для абутку, сушылку для бялізны, рамкі для сямейных фатаграфій, насценны гадзіннік.

Здаецца, яшчэ нядаўна на гэтым месцы побач з царквой было пуста, а зараз у прасторным доме саграваюцца дзіцячыя сэрцы, пануе дабрыня і ўтульнасць, а пад Новы год тут сустракаюць гасцей, частуюць смачным дамашнім тортам і разам водзяць карагоды.

Сумеснымі намаганнямі

З ўжо абжытага дома ў Арэхаўне ­У.У.Цярэнцьеў разам з раённым кіраўніцтвам накіраваліся на вуліцу Віцебскую гарпасёлка. Новы дом, які менш чым за год вырас у самым маладым мікрараёне Ушач, так і хочацца па аналогіі з папярэднікамі назваць “кааператывам”. Але гэта будзе няправільна, бо няма ў пяціпавярхоўкі таварыства ўласнікаў, старшыні і бухгалтара, як, напрыклад, у суседнім доме, які з 2012 года насіў зараз страчаны статус “новага” – з таго часу ў гарпасёлку будаўніцтва шматкватэрных дамоў прыпынілася. Сотні ж грамадзян стаялі ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Хтосьці наогул не меў уласнага кутка, іншыя былі вымушаны гадаваць дзяцей у цеснаце ў бацькоў, здымаць жыллё. Таму будаўніцтву першага долевага 40-кватэрнага дома грамадзяне, трапіўшыя ў канчатковыя спісы яго будучых жыльцоў, былі рады.

Яшчэ на пачатку будоўлі даводзілася чуць – “чаму аддалі аб’ект шумілінцам?” Справа ў тым, што магутнасці нашай асноўнай будаўнічай арганізацыі на той момант не дазвалялі ў поўным аб’ёме выконваць усе работы, у адрозненні ад Шумілінскай ПМК-70, якая і стала генпадрадчыкам. Пры гэтым ушацкія будаўнікі таксама не засталіся без працы – менавіта наша ПМК-66 была задзейнічана на субпадрадных работах, працавала на нулявым цыкле, падводзе камунікацый і інжынерных сетак, добраўпарадкаванні, на ўзвядзенні аднаго з двух пад’ездаў. Будучыя жыльцы, многія з якіх наведвалі аб’ект падчас будоўлі і ацэньвалі контуры сваіх квадратных метраў, так і называлі паралельна растучыя часткі дома: “Ты ў якім пад’ездзе, “ушацкім”? А я ў “шумілінскім”!”

І такая своеасаблівая кааперацыя дазволіла скончыць асноўныя работы ў сціслыя тэрміны. Магчымым гэта стала толькі пры падтрымцы дзяржавы, а аператыўнасці правядзення інжынерна-транспартнай інфраструктуры спрыяла выдзяленне сродкаў з абласнога бюджэту. У.У.Цярэнцьеў, які быў на ўрачыстым адкрыцці ў ліку ганаровых гасцей, павіншаваў ушачан з гэтай важнай падзеяй, адзначыў увагу і намаганні, якія прыклалі для завяршэння аб’екта раённыя ўлады і будаўнікі, а В.В.Родзіч у сваю чаргу падзякаваў за падтрымку кіраўніцтву дзяржавы і вобласці.

Усе 40 дагавораў заключаны з дольшчыкамі, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў: 20 кватэр прызначаны для мнагадзетных сямей і сямі з іх дзяржава пакрые кошт будоўлі цалкам. Агульны кошт будаўніцтва аб’екта склаў больш 20 мільярдаў недэнамінаваных рублёў, з якіх уласныя сродкі дольшчыкаў – звыш 1 мільярда. Астатнія – крэдытныя рэсурсы, якія, улічваючы сацыяльную значнасць аб’екта, былі выдзелены ў неабходных памерах.

Дом лічыцца ўведзеным у эксплуатацыю, але не ўсе работы яшчэ скончаны, зіма не спрыяе знешняй аддзелцы і добраўпарадкаванню, яны перанесены на больш цёплы перыяд. Таму і быў уручаны толькі адзін сімвалічны ключ – галоўны інжынер Шумілінскай ПМК-70 Аляксандр Міхайлавіч Багданаў перадаў яго А.С.Лосеву, дырэктару Ушацкага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва, якое выступала заказчыкам аб’екта. Аляксандр Сяргеевіч звярнуўся са словамі ўдзячнасці да кіраўніцтва раёна, будаўнікоў і будучых навасёлаў, якім паабяцаў у хуткім часе адліць з сімвалічнага камплекты сапраўдных ключоў.

Грамадзяне таксама ўнеслі важкі ўклад у паспяховасць завяршэння свайго будучага жылля. Некаторым давялося адшукаць і ўнесці значныя сродкі. Напрыклад, ведаем, што супрацоўніку Ушацкага райаддзела міліцыі Аляксандру Бандарэнку, які прысутнічаў на адкрыцці дома з усёй сям’ёй і ад імя жыльцоў дзякаваў уладам і будаўнікам, для гэтага прыйшлося прадаць аўтамабіль. Затое ў новым годзе яго чакаюць хоць і стратныя, але прыемныя клопаты па рамонце і абсталяванні новай кватэры, дзе будзе месца для гульні дваім дзеткам – планіроўкай, выкананай спецыялістамі “Віцебсксельбудпраекта”, дольшчыкі задаволены.

Ацаніць яе хутка змаглі ўсе, хто прысутнічаў на ўрачыстасці – пасля таго, як благачынны раёна айцец Вячаслаў правеў малебен, а У.У.Цярэнцьеў, В.В.Родзіч і А.М.Багданаў перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку. Лесвічныя пляцоўкі адразу напоўніліся гулкім тупатам дзіцячых ног – у сарака кватэрах будзе пражываць каля сотні малышоў.

“Мы так рады!” – не хавалі хвалявання Уладзімір і Таццяна Лесіны, якія аднымі з першых зайшлі ў пакоі сваёй кватэры разам з дырэктарам ПМК-66 Аляксандрам Лукічом Фамёнкам і намеснікам старшыні райвыканкама Андрэем Вітальевічам Галяковічам. “Зразумець нашы пачуцці можа толькі той, хто як і мы, гадамі марыў пра свой уласны куток!” – разам са словамі ўдзячнасці казала Таццяна Іванаўна. Прыўзняты настрой быў і ў астатніх навасёлаў, іх родных. “Сфатаграфавацца? Калі ласка, нагода прыемная!” – засталі на парозе новага жылля маладую маці Таццяну Нарывончык (на здымку). Пад аб’ектывамі тэлекамер агульнанацыянальнага тэлебачання не ўтойвалі станоўчых эмоцый і пяцёра членаў сям’і Васіля і Яўгеніі Царовых: 75 працэнтаў ад кошту іх кватэры дзякуючы праграме па падтрымцы шматдзетных сямей аплаціць дзяржава. Астатнюю частку пракрэдытаваў банк пад адзін працэнт гадавых.

Будзем будаваць далей

Пакінуўшы шчаслівых навасёлаў, У.У.Цярэнцьеў, В.В.Родзіч і В.М.Захарэнка наведалі і яшчэ адзін аб’ект з праграмы візіту старшыні абласнога Савета дэпутатаў – дзіцячую школу мастацтваў. Яе будынак падтрымліваецца ў належным функцыянальным стане, кожны год праводзіцца бягучы рамонт, але наспела неабходнасць і капітальнага. Кіраўніцтва раёна прадумвае варыянты, у выніку рэалізацыі якіх установа культуры атрымае больш прасторныя памяшканні і класы – магчыма, гэта будзе і ў іншым будынку, шукае шляхі фінансавання, у тым ліку і з прыцягненнем сродкаў спецыяльных праграм. Рэканструкцыя і мадэрнізацыя такіх аб’ектаў – гэта інвестыцыі, забяспечанасць аб’ёмамі арганізацый і працай калектываў, зарплата і, адпаведна, паступленні ў бюджэт, сацыяльная накіраванасць якога заўсёды ў ліку галоўных прыярытэтаў нашай дзяржавы.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ, Вольга КАМАРКОВА.



1 комментарий по теме “В Ушачах построен новый 40-квартирный дом

  1. Это очень хорошо, что люди получат квартиры. Просто здорово! Только вот непонятно, почему строили строители из Шумилино? Неужели у нас нет своей строительной организации? А наше МСО, наверное, ищет себе объекты и, возможно, в том же самом Шумилино. Когда уже, наконец, мы научимся думать и планировать? Или, как и везде — рука руку греет?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *