Испытание морозами. Как экстремальные погодные условия повлияли на жизнь ушачан?

Общество

Калядныя маразы сталі сапраўдным выпрабаваннем як для людзей, так і для службаў сферы абслугоўвання жыхароў раёна. Як паўплывалі экстрэмальныя прыродныя ўмовы на жыццё ўшачан? Каб высветліць гэта, мы звярнуліся ў асноўныя арганізацыі, якія адказваюць за жыццезабеспячэнне насельніцтва.

Пра тое, што нізкія тэмпературы вельмі небяспечныя для жыцця і здароўя, здаецца, ведаюць усе, аднак нярэдка легкадумна ставяцца да гэтага. 26 чалавек звярнуліся толькі 9 студзеня ў лячэбныя ўстановы Віцебскай вобласці з прычыны абмаражэння, а ў Мінску 7 студзеня ўвогуле загінула ад пераахалоджвання 3 чалавекі. На шчасце, жыхары нашага раёна гэтую сумную статыстыку амаль не папоўнілі – зарэгістраваны толькі адзін зварот у ЦРБ: малады чалавек, прайшоўшы без галаўнога ўбору ад вуліцы Віцебскай да РДК, атрымаў абмаражэнне вушэй. Непрадбачліваму ўшачаніну аказана неабходная медыцынская дапамога.

Забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання – адно са стратэгічных пытанняў у час прыродных катаклізмаў. Дастойна справілася з ім Ушацкае райспажыўтаварыства: усе аўтамагазіны спраўна даязджалі ў населеныя пункты на сваіх маршрутах.

Напружаным стаў апошні тыдзень для работнікаў газавай службы. Пад уздзеяннем нізкіх тэмператур ва ўладальнікаў прыватных жылых дамоў неаднаразова ўзнікалі праблемы з эксплуатацыяй абсталявання газавых катлоў, ва ўсіх выпадках яны былі аператыўна ўхілены спецыялістамі службы.

Не абышлося без аварыйных сітуацый у сістэмах цепла- і водазабеспячэння населеных пунктаў раёна. Трэба сказаць, што глабальных маштабаў яны не насілі і ўхіляліся ў рабочым парадку. У шэрагу выпадкаў перамярзала вада ў індывідуальных жылых дамах. Вядома ж, адначасова ўхіліць усе непаладкі работнікам камунальнай службы было немагчыма, а таму некаторым грамадзянам давялося пацярпець часовыя нязручнасці, да чаго яны ў сваёй большасці адносіліся з разуменнем.

У панядзелак з-за нізкай тэмпературы былі адменены заняткі ў школах раёна. Зрэшты, падобнае выключнае рашэнне акрамя Ушацкага было прынята таксама ў Аршанскім раёне, часткова былі адменены ўрокі ў некаторых школах іншых раёнаў, дзе ажыццяўляецца падвоз дзяцей з аддаленых вёсак.

Рашэнне аб закрыцці школ па прычыне неспрыяльных умоў надвор’я (зніжэнне атмасфернай тэмпературы, ураган і інш.) прымаюць мясцовыя выканаўчыя органы ўлады. Акрамя таго, адпаведна санітарным правілам, калі ва ўстанове адукацыі па прычыне ВРВІ адсутнічаюць больш за 30 працэнтаў навучэнцаў, адміністрацыя школ з выканаўчай уладай на месцах можа прыняць рашэнне аб скарачэнні або часовым спыненні навучальнага працэсу.

У дашкольных установах адукацыі існуюць пэўныя санітарныя правілы, згодна з якімі пры тэмпературы паветра ніжэйшай за 15 градусаў і хуткасці ветру большай за 3 м/с малышам да 3 гадоў не рэкамендуюцца прагулкі на свежым паветры. А пры тэмпературы ніжэйшай за 18 градусаў выводзіць на вуліцу не варта і дзяцей ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў. Разам з тым, мароз – не падстава, каб выхаванцы дзіцячых садоў наогул не выходзілі на вуліцу. Рашэнне аб скарачэнні прагулак прымаецца кіраўніцтвам установы дашкольнай адукацыі. У час прагулкі трэба забяспечваць рухальную актыўнасць дзяцей, а адзенне павінна адпавядаць надвор’ю.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *