Автоклубы области — Великой победе

Общество

На Віцебшчыне працягваецца аўтапрабег “Аўтаклубы вобласці – Вялікай Перамозе”, які стартаваў у Гарадку, а завершыцца ў Расонах. Вось і дэлегацыя нашага раёна з ліку работнікаў культуры і ўдзельнікаў народнага клуба “Ветэран”, прадстаўнікоў раённай ветэранскай арганізацыі пабывала ў рамках аўтапрабега ў сваіх суседзяў з Докшыц. Для нашых ветэранаў гэта была цудоўная магчымасць пагутарыць, падзяліцца ўспамінамі ваенных гадоў з докшыцкімі калегамі.
Пасля сустрэчы на граніцы раёнаў наведалі Бягомльскі музей народнай славы, дзе прайшоў цікавы экскурс па экспазіцыйных залах, тут адбыўся прагляд кінастужкі “Бягомльская легенда”, прысвечанай партызанскаму руху на Бягомльшчыне. У музеі адбылася перадача эстафетнага альбома “Аўтаклубы вобласці – Вялікай Перамозе”, ушачанам уручылі кнігі “Памяць. Докшыцкі раён”, гербы Докшыц. Затым было ўскладанне кветак і вянкоў на брацкай магіле ў гарпасёлку Бягомль, мемарыяльным комплексе “Шунеўка” на месцы спаленых карнікамі вёсак. Таксама ўдзельнікі аўтапрабега зрабілі фотаздымкі на памяць ля ваеннага самалёта часоў Вялікай Айчыннай вайны, далі канцэрт у аграгарадку Таргуны.
Гарадок Докшыцы ўшачанам спадабаўся: чысценькі, добраўпарадкаваны, людзі шчырыя, працавітыя. Шмат даведаліся пра яго гісторыю, гэта адзін са старэйшых гарадоў Віцебскай вобласці.
Вельмі прыемна, што горад захаваў сваю гістарычную планіроўку, архітэктурныя помнікі. Уразілі таксама Дом рамёстваў, новая кінаканцэртная зала.
Наш аўтапрабег даў магчымасць набыць новых сяброў, пазнаёміцца з новымі куточкамі нашай роднай Беларусі.
Г.КРАЎЧОНАК,
загадчыца аўтаклуба.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *