Сказки на ночь и уколы без слёз. Как медсестра детского отделения Валентина Жодик находит подход к каждому ребёнку

Главное Общество

Трыццаць сем год у медыцыне, і ўсе – побач з дзецьмі. Хоць Валянціна Іванаўна Жодзік і зазначае, што работа ў кожным аддзяленні бальніцы вельмі адказная, канечне, прызнае, што ў дзіцячым яна мае свае асаблівасці. Не скажаш жа малому: будзе балюча, цярпі. Загадны тон з імі наогул недапушчальны, трэба шукаць падыход, ісці на хітрыкі, так што можна сказаць – медыцынская сястра ў педыятрыі заўжды ў творчым пошуку.

«Галоўнае – наладзіць кантакт. Усталюецца давер, тады і маленькі пацыент пагадзіцца на любую працэдуру. Аднак мы не толькі лечым, а і замяняем ім родных, таму не праігнаруеш: “А мне мама перад сном заўсёды ручку гладзіць, казку чытае”. І гладзім, і “Калабка” ці “Ваўка і сямёра казлянят” расказваем – ведаем розныя на памяць, кніжкі з малюнкамі прыносім. – Валянціна Іванаўна гаворыць у множным ліку, паколькі не лічыць сябе адметнай у іх дружным калектыве. З Алай Паўлаўнай Гіраўкай, Тамарай Уладзіміраўнай Літвін, Таццянай Валер’еўнай Жаваранак яны поплеч працуюць шмат год, калі трэба – падмяняюць адна адну, а перадаючы сутачную змену, падрабязна расказваюць, што змянілася за тры дні. Хаця лакмусавай паперкай самаадчування падапечных з’яўляецца іх настрой. Загаманілі, пачалі свавольнічаць – значыць выздараўліваюць. І настрой медыкаў тады таксама падымаецца.

Намнога складаней бывае супакоіць матуль, якія ляжаць з малымі. Кожная з іх лічыць крытычным любы сімптом. І тады выручае не столькі медыцынскі, колькі бацькоўскі вопыт: з большым даверам успрымаюць людзей, якія таксама перанеслі пнеўманіі ці бранхіты ўласных сыноў і дачок. Хаця, Валянціна Іванаўна сцвярджае, што чужых дзяцей для іх не бывае, за кожнага перажываюць, як за роднага. Амаль сорак гадоў прайшло, а яна памятае твар сямігадовай дзяўчынкі, якую на верталёце суправаджалі ў сталічную клініку (пасля вучылішча В.Жодзік працавала ў Малдавіі). Малая круцілася каля маці, якая рыхтавала на зіму кансервы, і выпіла эсэнцыю. Апаліла сабе стрававод, і гадзіну палёту ўрач з медсястрой змяншалі пакуты малой.

Прыгадвае медсястра матуль радзільнага аддзялення, кожная з якіх ішла да бокса з немаўлятамі, сцвярджаючы, што плача менавіта яе дзіця. Сваю работу ва Ушацкай ЦРБ Валянціна Іванаўна распачынала з догляду не за хворымі, а за бездапаможнымі пацыентамі – карміла і спавівала іх, вучыла гэта рабіць маладых матуль, хоць уласнага вопыту яшчэ не мела. “Асаблівую радасць адчуваеш, калі назіраеш за новымі непаўторнымі асобамі. Яны такія прыгожыя, аб нечым думаюць і ўсміхаюцца. Дзяцей у дзевяностыя нараджалася ва Ушачах больш, чым цяпер, быў нават асобны бокс з немаўлятамі, якія з’явіліся на свет раней часу. Малюсенькія, па 1,5-2 кілаграмы, іх да накіравання ў вобласць на захоўванне спачатку даглядалі медсёстры радзільнага аддзялення”, – прыгадвае Валянціна Іванаўна і адзначае ўсіх, з кім ёй давялося працаваць.

Дзякуючы раённым педыятрам Святлане Іванаўне Ерашовай, Ніне Васільеўне Літвінавай, Генадзю Анатольевічу Лапіцкаму, Таццяне Міхайлаўне Бумажэнка, Іне Сцяпанаўне Папок, Валерыі Алегаўне Севярын, Анастасіі Сяргееўне Вярцёлка не адбылося ніводнага трагічнага выпадку.

Доўгі час медсястрой у аддзяленні адпрацавала Ніна Іванаўна Гайко, якая цяпер на пенсіі. А таксама В.І. Жодзік падкрэслівае вялікую ролю санітарак Н.А.Долгай, А.В.Футарман, Н.М.Садоўскай, Д.В.Філімонавай і раздатчыцы В.І.Александровіч, якія не ў меншай меры раздзяляюць мацярынскі догляд і няньчацца з малымі. Менавіта тут часова знаходзяцца хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх забіраюць ад нядобранадзейных бацькоў. Сярод іх часта і немаўляты, што сцішаюцца і засынаюць толькі на руках.

Ну а зараз Валянціна Іванаўна ў прамым сэнсе лечыць роднага чалавека. У аддзяленні знаходзіцца яе ўнучка Маша, якая, канечне, не плача і не баіцца лажыцца спаць без бацькоў. Дзяўчынка яшчэ не ходзіць у школу, а ўжо вызначылася з прафесіяй: сцвярджае, што як бабуля і матуля будзе лячыць людзей, і ўжо зараз ахвотна прымяняе на родных свой дзіцячы набор урача. Так Валянціна Іванаўна распачала сямейную дынастыю самай высакароднай у свеце прафесіі.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *