Терапевт Ушачской ЦРБ Ольга Дворецкая врач с большой буквы и чутким сердцем

Главное Общество

Словы ўдзячнасці ад пацыентаў урач-тэрапеўт Вольга Андрэеўна Дварэцкая чуе пастаянна, прычым, адразу ў трох аддзяленнях райбальніцы, у якіх зараз працуе. З павагай адносяцца да яе і калегі, называючы ўнікальным спецыялістам – хворобу яна бачыць не толькі па аналізах, але часта і па знешнім выглядзе чалавека.

Лячыць людзей яна хацела са школы. Праўда, жывучы ў невялікай вёсачцы на Пастаўшчыне, не верыла ў магчымасць паступлення ў медуніверсітэт – настройвалася на каледж, але ўсё ж узяла мэтавае накіраванне ў ВНУ.

– Такая прафесія прадугледжвае пастаянныя зносіны з людзьмі. Я ж была сціплая, сарамлівая, таму падчас вучобы ў БДМУ вырашыла выпрабаваць сябе – уладкавалася медсястрой у адну з мінскіх бальніц, – расказвае Вольга Андрэеўна. – Там, а пазней у Маладзечне, дзе праходзіла інтэрнатуру, канчаткова зразумела: калі на кон пастаўлена здароўе чалавека, яго жыццё, усё астатняе – дробязі. Пакідаць уласнае за межамі рабочага кабінета стараюся і зараз.

Працоўную кар’еру пачала ва Ушачах у 2015-м – маладога спецыяліста накіравалі ў тэрапеўтычнае аддзяленне райбальніцы. Як зараз прызнаецца, амаль адразу адчула сябе тут сваёй – думак аб пераездзе ніколі не ўзнікала. Зараз яна жыве ў прасторным прыватызаваным доме ў Ліпаўцы, выхоўвае дачушку.

– Калектыў у “тэрапіі” – проста выдатны! – расказвае В.Дварэцкая. – Заўсёды магу параіцца з загадчыцай Вольгай Аляксандраўнай Шлёнскай, якую ў яе адсутнасць замяшчаю, з вопытным урачом Віктарам Канстанцінавічам Літвінавым. У любой справе разлічваю і на медсясцёр, санітарак.

Аддзяленне на 50 ложкаў ніколі не пустуе – то пацыенты з анеміяй, гіпертанічным крызам паступаюць, то колькасць інфарктаў, інсультаў прыбаўляецца, то грып ускладненні дае… Бываюць і рэдкія паталогіі – з такімі, па словах доктара, цікава працаваць, бо трэба пастаянна штосьці вывучаць, разбірацца.

У сваёй практыцы Вольга Андрэеўна карыстаецца прынцыпам: лепш перастрахавацца, чым упусціць важны момант. Таму пры мінімальным падазрэнні на той жа інсульт, хоць яўных сімптомаў можа яшчэ не быць, прызначае лячэнне і ўважліва кантралюе стан пацыента. Выручае і інтуіцыя. Было нямала выпадкаў, калі мяняла прывычны маршрут абходу палат ці заглядвала да пацыентаў у пазаўрочны час, а там якраз пачыналася абвастрэнне. Сама ці з дапамогай рэанімацыйнай брыгады такім чынам выратавала не адно чалавечае жыццё.
Многія яе пацыенты – як родныя людзі. Пры сустрэчы абавязкова запытаецца, як здароўе, думае пра хворых нават дома – увечары тэлефануе калегам, каб упэўніцца, што ўсё ў парадку.

“Пры неабходнасці адпраўляем людзей на абследаванне ў горад, але ўсё асноўнае – аналізы крыві, рэнтген, гастраскапія, “ультрагук” – робіцца на месцы. Прычым, пры вострай сітуацыі – вельмі аператыўна, – расказвае доктар. – Не кожная раённая бальніца можа такім пахваліцца”.

Вользе Андрэеўне прапаноўвалі ў ЦРБ розныя адміністрацыйныя пасады. Аднак на іх яна сябе не бачыць – любіць кантактаваць з пацыентамі, шукаць аптымальныя метады лячэння. Зараз паспявае спраўляцца яшчэ і ў аддзяленні прафілактыкі, прыёмным пакоі – адказвае за правядзенне медаглядаў, днём і па начах заступае на дзяжурствы, вядзе тых, хто хварэе на гепатыт.

– Бывае, прыходзіць да мяне чалавек, каб толькі штамп паставіць, але проста так адпусціць яго не магу: вынікі аналізаў не падабаюцца. Разумею, што браць у рэгістратуры талон, сядзець у чарзе да іншага доктара той наўрад ці будзе, таму сама даю рэкамендыцыі, накіроўваю на абследаванні. У свой час вопыт вядзення прыёму ў паліклініцы ў мяне ўжо быў, – кажа В.Дварэцкая.

Для кожнага яна ўмее знайсці падыход і словы падтрымкі – а так з любой хваробай справіцца значна прасцей!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *