Председателю Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Владимиру Павловичу Андрейченко присвоено звание «Почётный гражданин Ушачского района»

Общество

Пазачарговая трыццаць чацвёртая сесія Ушацкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання стала асаблівай. Пытанне “Аб прысваенні звання “Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна”, якое разглядалася на ёй, апошні раз выносілася на павестку дня ў далёкім 1992 годзе. А ў чацвер, 20 красавіка, дэпутаты аднагалосна падтрымалі прапанову старшыні райвыканкама Віктара Віктаравіча Родзіча аб прысваенні такога звання нашаму дэпутату, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Паўлавічу Андрэйчанку.

Для гэтага неабавязкова быць ураджэнцам Ушаччыны. Як адзначыла на пачатку пасяджэння сесіі старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, прысваенне звання Ганаровага грамадзяніна – вышэйшая форма павагі і ўдзячнасці людзям, якія сваёй дзейнасцю, творчасцю, гераічнымі подзвігамі праславілі наш раён або ўнеслі выключны асабісты ўклад у яго развіццё. Да гэтай, безумоўна, гістарычнай сесіі, Ушацкі раён меў пяць ганаровых грамадзян. Гэтага звання былі ўдастоены нашы праслаўленыя творцы літаратурнай нівы: Героі Сацыялістычнай Працы народны паэт БССР Пётр Усцінавіч Броўка і народны пісьменнік БССР Васіль Уладзіміравіч Быкаў, народны паэт Беларусі Рыгор Іванавіч Барадулін, а таксама адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза Уладзімір Елісеевіч Лабанок і поўны кавалер Ордэна Славы Аніс Андрэевіч Клопаў. Зараз у адзін шэраг з гэтымі легендарнымі для Ушаччыны людзьмі, якія ўпісалі знакавыя старонкі ў летапіс нашага краю, стала і прозвішча У.П.Андрэйчанкі.

Ён, дарэчы, сваю гісторыю яшчэ працягвае пісаць. Але і тое, што зроблена, заслугоўвае сапраўднай усенароднай павагі і прызнання. Улічваючы значнасць і важнасць пытання, відавочнасць і неабходнасць прыняцця рашэння аб прысваенні звання Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна У.П.Андрэйчанку дэпутатам абгрунтаваў асабіста старшыня райвыканкама. В.В.Родзіч падрабязна расказаў пра ўклад Уладзіміра Паўлавіча ў сацыяльна-эканамічнае развіццё нашага раёна.

І нават калі прывесці толькі самыя яскравы прыклады – атрымаецца вельмі вялікі пералік. Пры непасрэдным удзеле У.П.Андрэйчанкі яшчэ на пасадзе старшыні Віцебскага аблвыканкама, а потым старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ва Ушацкім раёне рэалізаваны шэраг важных сацыяльных і эканамічных праграм. Пры яго падтрымцы праведзены работы па капітальным рамонце і рэканструкцыі Ушацкай сярэдняй школы, раённага Дома культуры. Пры непасрэдным удзеле дэпутата набываюць новы твар установы аховы здароўя – праведзены работы па рамонце і мадэрнізацыі аперацыйнага блока і рэанімацыйнага аддзялення, тэрапеўтычнага і інфекцыйнага аддзяленняў, даху Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы, аказана садзейнічанне ва ўмацаванні яе матэрыяльна-тэхнічнай базы. Выкананы значныя работы па рамонце і абсталяванні Глыбачэнскай і Вялікадолецкай бальніц сястрынскага догляду, набыты транспарт.

Дзякуючы падтрымцы У.П.Андрэйчанкі ва Ушачах пачалося, вядзецца і хутка будзе скончана будаўніцтва сучаснага многафункцыянальнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Уладзімір Паўлавіч садзейнічаў перадачы Ушацкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе мікрааўтобуса, у набыцці аўтагрэйдара для УП ЖКГ, у фарміраванні і фінансаванні выканання работ па пяці кааператывах газіфікацыі ў райцэнтры і аграгарадку Арэхаўна. Аказана садзейнічанне ў выдзяленні сродкаў на добраўпарадкаванне вуліц гарпасёлка і ўтрыманне дарог раёна. Выкананы работы па ўкладцы тратуарнай пліткі і бардзюрнага каменю па вуліцах Камсамольскай, Школьнай, Е.Лось, Дуброўскага, капітальны рамонт дарожнага пакрыцця ўчастка аўтадарогі Р-116. Праведзена будаўніцтва сеткі водаправода па вуліцах Полацкай, Каранеўскага, завулку Полацкім. Знайшлі падтрымку ініцыятывы кіраўніцтва раёна ў фінансаванні аб’екта “Рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы “Сарочына”, па капітальным рамонце будынка Ушацкай раённай насенінспекцыі, які стаў упрыгожаннем вуліцы Калінінскай. У мінулым годзе завершаны работы па капітальным рамонце ясляў-сада № 4 у гарпасёлку.

Як адзначыў В.В.Родзіч, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу не толькі аказвае рознабаковае садзейнічанне ў вырашэнні пытанняў развіцця раёна ва ўсіх сферах, а і значную ўвагу ўдзяляе рабоце з людзьмі, дасканала вывучаючы запыты выбаршчыкаў. Нягледзячы на высокую пасаду і занятасць у Парламенце, Уладзімір Паўлавіч рэгулярна праводзіць асабістыя прыёмы грамадзян і юрыдычных асоб у сваёй акрузе. А гэта не толькі наш раён – такога дэпутата пашчасціла мець і нашым суседзям з Докшыцкага і Глыбоцкага. Менавіта так, “пашчасціла”, бо У.П.Андрэйчанка да кожнай праблемы падыходзіць нязменна ўдумліва, з жаданнем дапамагчы і з’яўляецца сапраўдным прыкладам дэпутацкай дзейнасці, эталонам дзяржаўнага служачага, чыноўніка і чалавека слова – не было выпадку, калі б Уладзімір Паўлавіч штосьці паабяцаў і не выканаў.

Такім чынам з 20 красавіка лёс ураджэнца Лёзненскага раёна будзе непарыўна звязаны і з Ушаччынай. Але гэта хутчэй пост-фактум, бо, як бачна, справамі нашага рэгіёна Уладзімір Паўлавіч жыве даўно, сваёй дзейнасцю заслужыў павагу і аўтарытэт грамадзян, якія свой давер дэпутату нязменна пацвярджаюць на выбарах высокім працэнтам “за”. І нават самыя заўзятыя крытыкі ўлады аддаюць даніну прафесіяналізму і чалавечым якасцям У.П.Андрэйчанкі, яго вялікаму ўкладу ў паляпшэнне жыццезабеспячэння насельніцтва нашага рэгіёна. Таму ўпэўнены, што калі б у чацвер за прысваенне звання Ганаровага грамадзяніна Ушацкага раёна галасавалі не толькі дэпутаты раённага Савета, а ўсе жыхары раёна – вынік быў бы такім жа.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.




Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *