Необычную выставку к празднику Пасхи подготовили ученики Ушачской школы

Наши дети

Напярэдадні светлага і ўзнёслага свята ўсіх хрысціян у бібліятэцы Ушацкай школы адкрылася не зусім звычайная выстава. Кожны, хто на бягучым тыдні прыходзіў сюды, трапляў у асаблівую атмасферу творчасці, знаёміўся з традыцыямі святкавання Вялікадня, яго сімволікай. Аўтарамі ўсіх прадстаўленых тут работ сталі зусім яшчэ юныя хлопчыкі і дзяўчынкі, найперш вучні 2 “Б” і “В” класаў (настаўнікі – Алена Сяргееўна Мамон і Святлана Пятроўна Бялова). Ацэньвалі ж міні-шэдэўры шляхам закрытага галасавання наведвальнікі школьнай бібліятэкі, якіх у гэтыя дні стала значна больш.

Кожны прадстаўлены на выставе велікодны сувенір па-свойму здзіўляў і ўражваў! І не толькі сваім знешнім выглядам, але і аўтарствам: стваральнікамі большасці работ, што цікава, сталі менавіта хлопчыкі. Былі там і каляровыя малюнкі, паштоўкі, і надзвычай арыгінальныя кампазіцыі з падручных матэрыялаў. Так, напрыклад, Мацвей Казакевіч для ўвасаблення ў жыццё свайго “Велікоднага гнязда” выкарыстаў не толькі пафарбаванае яйка з адметным надпісам, але і ніткі, засушаныя кветкі і нават штучнага матылька. “Велікодны вянок” з галінкамі вярбы прынёс на выставу Данііл Дрозд. Чароўная “Велікодная скрыначка” з простага пластыкавага латка для яек, фарбаў і каляровых стужак атрымалася ў Ягора Стральцова.

Не адставалі ў дэманстрацыі сваіх талентаў і дзяўчаты. Сапраўдны твор мастацтва прадставіла на суд гледачоў Карына Кучаронак – у рабоце пяцікласніца выкарыстала самы розны матэрыял: бісер, ніткі, стужкі, бусіны. А вось Аляксандра Башун, наадварот, для ўвасаблення ў рэчаіснасць сваіх задум выкарыстала стаканчык з-пад ёгурту і пластылін – зрэшты, атрымалася прыгожая кампазіцыя. Самым жа нечаканым “госцем” Велікоднай выставы стаў мяккі заяц у выкананні другакласніцы Віялеты Бойчанка. Напэўна, не кожны ведае, што менавіта гэтая жывёла з’яўляецца сімвалам свята ў заходне-еўрапейскіх краінах. Кампанію ж зайцу саставіла курачка Раба з сена, пер’я, аўтарам якой стала Крысціна Лосева.

– Вядома, да большасці гэтых работ прыклалі руку і бацькі школьнікаў, – расказвае Святлана Дзмітрыеўна Галай, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. – І гэта толькі радуе, паколькі такая сумесная стваральная праца мае для дзяцей асаблівае значэнне: не толькі развівае іх творчыя здольнасці, але і фарміруе сямейныя каштоўнасці. Спадзяюся: уся любоў і цеплыня, укладзеныя ў “экспанаты” выставы, заўсёды будуць жыць у сэрцах хлопчыкаў і дзяўчынак, а светлае свята Вялікадня навучыць іх дабрыні і спагадзе.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *