В Ушачах чествовали лучших учеников района

Ими гордятся Наши дети

Штогод у маі па добрай традыцыі прасторная актавая зала Ушацкай школы збірае ў сваіх сценах лепшых вучняў раёна. Сёлета на мерапрыемства пад сімвалічнай назвай “Сузор’е надзей” былі запрошаны юнакі і дзяўчаты, якія ў Год малой радзімы гучна праслаўлялі Ушаччыну сваімі дасягненнямі ў вучобе, спорце, творчасці.

Вучняў, іх бацькоў і педагогаў на бягучым тыдні віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Васільеўна Стрыжонак. Звяртаючыся да прысутных, яны падкрэслілі, што дзяржава надае значную ўвагу падтрымцы адоранай моладзі, раённая ўлада ганарыцца таленавітымі школьнікамі, заахвочвае іх на дасягненне новых вяршынь.

Пад дружныя апладысменты на сцэну выйшлі галоўныя героі ўрачыстасці. Дарэчы, прозвішчы многіх неаднаразова былі на старонках “Патрыёта”, бо поспехаў у школьнікаў, сапраўды, нямала.

Гонарам Ушаччыны па праве з’яўляецца вучань 11 класа Ушацкай школы Леанід Давыдаў. Некалькі гадоў запар хлопец перамагаў на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Сёлета ж у другі раз стаў дыпламантам яе заключнага этапу, павысіўшы якасць мінулагодняй узнагароды, і адзначаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Падрыхтавала хлопца Ларыса Аркадзьеўна Струй, прозвішча якой па выніках работы за 2017-ы занесена на раённую Дошку гонару.

Высокі вынік сёлета і ў дзевяцікласніцы Ушацкай школы Лізаветы Літвінавай – яна стала ўладальніцай дыплома ІІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі (настаўніца – Вольга Анатольеўна Жыткая). Такую ж узнагароду на абласным этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры атрымала вучаніцы 9 класа гэтай жа ўстановы Злата Клачок (Ірына Уладзіміраўна Леснічэнка). І гэта не адзінае сёлетняе дасягненне дзяўчыны. Маючы першы спартыўны разрад, яна заваявала дыплом ІІІ ступені на першынстве Віцебскай вобласці па кулявой стральбе. Самым жа юным прадстаўніком намінацыі “Зоркі Алімпу” і ўсяго мерапрыемства стаў вучань 3 класа Ушацкай школы Павел Шарыпенка – на абласной алімпіядзе па інфарматыцы “Камп’ютарная казка” ён атрымаў дыплом ІІ ступені (Рыта Анатольеўна Бутоўская).

Традыцыйна школьнікі правяраюць свае веды па вучэбных прадметах і на дыстанцыйных алімпіядах. Адна з самых складаных і ў той жа час любімых юнакамі і дзяўчатамі – абласная алімпіяда па алгебры памяці прафесара ВДУ імя П.Машэрава К.А.Ананчанкі. Сёлета яе прызёрамі сталі вучні Ушацкай школы Леанід Давыдаў і Марат Клачок (дыпломы І ступені), Ніко Парцванія (ІІ), Ілья Косых, Святаслаў Марковіч і Валерыя Стуканава (ІІІ), якіх падрыхтавала Людміла Аляксандраўна Худалеева, а таксама Аляксандра Цімафеева (І),  Аляксандра Кузьміна і Віялета Птушко (ІІІ) –  Наталля Мікалаеўна Герцык.

Маюцца дасягненні і ў абласных навукова-практычных канферэнцыях. Так, дзесяцікласнік Вялікадолецкай школы Антон Ардынскі стаў прызёрам (дыпломы ІІ і ІІІ ступені) адразу дзвюх – “Эўрыка” і “Квант”. Хлопец запрошаны ў лагер “Зубраня” на конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХІ стагоддзя”. Любоў да фізікі Антону прывіў настаўнік Мікалай Уладзіміравіч Аніскевіч.

Шмат удзельнікаў з Ушаччыны сабраў сёлета рэспубліканскі даследчы конкурс “Празрыстыя хвалі Нарачы”. І, трэба сказаць, недарэмна. Па выніках абласнога этапу ўладальніцай дыплома І ступені стала адзінаццацікласніца Вялікадолецкай школы Ларыса Правада, якую падрыхтаваў настаўнік біялогіі Віктар Мікалаевіч Шышоў. “Срэбра” спаборніцтваў – у Паўла Гапеева, Сняжаны Залатой, Алёны Куляшовай і Аляксандры Стрыжонак з Арэхаўна. Зрэшты, яшчэ адно даследаванне Алёны, праведзенае разам з Ангелінай Барысёнак, заваявала дыплом ІІІ ступені на абласным конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ. А дапамагла вучням дасягнуць падобных вяршынь Таццяна Уладзіміраўна Ліленка.

У тым, што адна галава – добра, а дзве – яшчэ лепш, упэўнены вучаніца 9 класа Глыбачанскай школы Дзіяна Герцык і яе мама, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Сцяпанаўна. Работа, падрыхтаваная гэтым творчым сямейным дуэтам, адзначана дыпломам ІІІ ступені на пятых абласных Кірыла-Мяфодзіеўскіх адукацыйных чытаннях маладых даследчыкаў.

У намінацыі “Зоркі спорту” даволі прадстаўнічай аказалася каманда Вялікадолецкай школы, дзе вучацца прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне “Снежны снайпер” Раман Лабецкі, пераможца ў асабістым заліку гэтага ж турніру абласнога ўзроўню і пераможца ў складзе каманды абласной спартакіяды па зімовым мнагабор’і “Абаронца Айчыны” Арцём Полазаў, прызёр у асабістым заліку абласных спаборніцтваў “Снежны снайпер” Анастасія Хадан (настаўнік – Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі). Больш узнагарод толькі ў вучняў Ушацкай школы. Так, сёлета вызначыўся шасцікласнік названай альма-матар Ілья Вяр’ясаў – пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў па летнім мнагабор’і “Здароўе” (трэнер – Таццяна Леанідаўна Клопава). Дзевяцікласнік Уладзіслаў Байцоў стаў пераможцам у складзе каманды абласной спартакіяды па зімовым мнагабор’і “Абаронца Айчыны” і быў лепшым на першынстве вобласці сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ па кулявой стральбе. На лідарскіх пазіцыях на гэтым турніры аказаліся таксама Валерыя Стуканава, Мікіта Вяр’ясаў, Таццяна Падгола і Максім Клімашэўскі, а яго пераможцы – Уладзімір Бутоўскі і Віктар Лёля – прадстаўляюць зараз Ушаччыну на рэспубліканскіх спаборніцтвах па кулявой стральбе. Падрыхтавалі ж юнакоў і дзяўчат Пётр Юльянавіч Варатынскі і Уладзімір Міхайлавіч Верлаў.

З гонарам выступае за каманду нашага раёна Эльвіра Падгола, навучэнка Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву – у скарбонцы яе дасягненняў нядаўна з’явіліся дыпломы І і ІІІ ступені па выніках першынства вобласці па дзюдо і рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. Пераможцамі гэтага ж спаборніцтва сталі Крысціна Зуева і Вераніка Ціханава (Вера Васільеўна Кіліна). Выдатна заявілі пра сябе на першынстве вобласці сярод спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў па дзюдо Дзмітрый Адамовіч, Максім Малак, Ілья Каваленка, а таксама Данііл Кузняцоў, цяпер студэнт Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву. Падрыхтавалі хлопцаў Святлана Мікалаеўна Фядосенка і Канстанцін Валер’евіч Дук. Прызёрамі першынства вобласці сярод ДЮСШ па дзюдо сталі Ксенія Шаўчэнка, Дзіяна Сцежкіна, Анастасія Макрыдзіна, Вераніка Алексяёнак – выхаванкі Валерыі Мікалаеўны Джураевай.

Падчас ушанавання школьнікаў у намінацыі “Зоркі творчасці” на сцэну былі запрошаны мінулагоднія пераможцы абласнога фестывалю міжкультурных камунікацый у намінацыі “Фабрыка зорак” Крысціна Гвоздзева, Аліса Краснова, Марыя Сцёпачкіна, Элеанора Карабань, Дзмітрый Рудкоўскі і Іван Цвяцінскі з Ільюшынскай школы (Ларыса Уладзіміраўна Шарыпа), Крысціна, Аліса і Маша трапілі ў лік прызёраў яшчэ і ў намінацыі “Я – гід”.

Уладальнікамі дыпломаў ІІ ступені конкурсу агітбрыгад абласнога фестывалю прававых ведаў сталі вучні Ушацкай школы Макар Амбражэвіч, Таццяна Зелянік, Ілья Каваленка, Ганна Ларчанка і Эвеліна Мядзведзева (Ірына Генадзьеўна Каваленка і Марыя Уладзіміраўна Ядрэўская). Выдатныя паэтычныя здольнасці ў абласным конкурсе “Рыфма.by” прадэманстраваў вучань 6 класа з Ушач Яраслаў Карабань (Людміла Васільеўна Трафімава).

Аднымі з лепшых на абласной выставе-конкурсе “Лёд. Кветкі. Фантазія” прызнаны работы вучаніц Ушацкай школы Міланы Ярмош – у намінацыі “Фларыстычная калекцыя”, а таксама Марыі Хамічонак і Аліны Аўсіевіч – “Фларыстычная цацка “Сімвал года”. Разам з Машай і Алінай прызёрам абласнога этапу рэспубліканскай выставы-конкурсу “Саматканы цуд” стала Яна Чапкевіч. Падрыхтавала ж дзяўчат педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра дзяцей і моладзі Ганна Аляксандраўна Бабянок. У апошнім конкурсе паказала добры вынік і вучаніца Ільюшынскай школы Вікторыя Карпёнак (Алена Васільеўна Шынкоўская) – у яе дыплом ІІ ступені.

Адзначаліся на высокім узроўні і юныя эколагі. Прызёрам рэгіянальнага этапу міжнароднага дзіцячага форуму “Зялёная планета” стала вучаніца Ушацкай школы Вікторыя Полазава (В.А.Жыткая). А Наталля Ладзік і Анастасія Ладыгіна высока заявілі пра сябе падчас абласнога этапу конкурсу па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый “Аздобім Беларусь кветкамі” ў намінацыі “Сад “Чатыры сезоны” (Алена Васільеўна Марозава). Прэзентацыя пра пакаёвыя расліны на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Юны натураліст” у намінацыі “Калекцыя кветак” прынесла перамогу шасцікласніцам з Ільюшына Ганне Паршонак і Анастасіі Петуховай (Ларыса Пятроўна Асіповіч), а ў намінацыі “Цікавае побач” дыпломам ІІІ ступені адзначана работа вучаніц 11 класа гэтай жа школы Анастасіі Губаравай, Элеаноры Карабань, Алісы Красновай, Вольгі Мядзянік, Марыі Сцёпачкінай і Крысціны Шарко (Галіна Мікалаеўна Аўсіевіч).

Намінанты атрымалі ў гэты дзень грашовыя прэміі, педагогі – граматы, кветкі, а бацькі – неперадавальнае пачуццё гонару за сваіх дзяцей. Заўсёды імкнуцца да новых вяршынь пажадаў прысутным мінулагодні выпускнік Ушацкай школы, залаты медаліст, двухкратны пераможца заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове, а зараз студэнт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Павел Гардзіёнак. Сваімі ўсмешкамі, маладосцю і задорам падчас святочнага канцэрта падзяліліся выхаванцы эстраднага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў і раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Мерапрыемства атрымалася па-сапраўднаму цёплым, шчырым і дадало ўражанняў у эмацыянальную скарбонку апошніх дзён навучальнага года.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *