Сёння афіцыйна завяршаецца купальны сезон, з 1 кастрычніка прыпыняе да вясны сваю работу выратавальны пост на пляжы возера Вечалле. Для арганізаванага адпачынку грамадзян ля вадаёмаў сёлета ў раёне былі дадаткова вызначаны 7 афіцыйных месцаў для купання – у кожным сельсавеце.
Прафілактычная работа, якая праводзілася раённай арганізацыяй таварыства выратавання на водах, аддзеламі па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, штодзённае дзяжурства матросаў-выратавальнікаў у купальны сезон на Вечаллі дазволілі не дапусціць, а часам і спыніць грубыя парушэнні правілаў аховы жыцця людзей на водах, забяспечыць спакойны адпачынак грамадзян ля вады. Пры наведванні пляжа дзецьмі з выхаваўча-аздараўленчых і спартыўных лагераў праводзіліся не толькі інструктажы па бяспечных паводзінах на вадзе, а і навучанне аказанню першай дапамогі пацярпелым. Дзякуючы неабыякавасці грамадзян у гэтым сезоне ўдалося выратаваць пяцігадовага хлопчыка, які тануў на вадаёме.
Выказваю ўдзячнасць за добрасумленную работу матросам-выратавальнікам Ілью Бірукову, Генадзю Глінскаму, Уладзіміру Напрыенку, Дзмітрыю Шмялёву, а таксама ўсім, хто аказаў фінансавую дапамогу таварыству ў выглядзе індывідуальных і калектыўных членскіх узносаў, словам і справай дапамагаў нам.
Сёлета раённай арганізацыяй праведзена больш за 65 сустрэч у працоўных калектывах і навучальных установах, 67 разоў арганізоўваліся сумесныя рэйды з зацікаўленымі службамі і грамадскімі арганізацыямі па абследаванні месцаў масавага адпачынку грамадзян ля вадаёмаў.
Наперадзе восеньска-зімовая кампанія, разам з іншымі суб’ектамі прафілактыкі ўжо рыхтуемся да сезона тонкага лёду, кантролю за выкананнем правіл паводзін падчас зімовай рыбалкі. Паважаныя ўшачане, будзьце асцярожнымі, беражыце сябе!
Сёлета на Віцебшчыне патанула 33 чалавекі, у тым ліку адно дзіця.
Мая ПАЦЭЙКА, старшыня Ушацкай раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах.

