На Ушаччине началась вакцинация от гриппа

Здравоохранение

На Ушаччыне пачалася вакцынацыя ад грыпу. Каму прышчэпка патрэбна ў першую чаргу і чаму зрабіць яе рэкамендуецца як мага раней – у нашым матэрыяле.

Па інфармацыі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, зараз па ўсёй краіне і ва Ушацкім раёне, у прыватнасці, назіраецца сезонны рост вострых рэспіраторных інфекцый. Пераважаюць пакуль негрыпозныя ўзбуджальнікі, амаль у 70 працэнтах выпадкаў хварэюць дзеці. Прагназуецца, што ў сезон 2026/2027 гадоў чакаецца адначасовая цыркуляцыя адразу трох груп вірусаў: негрыпозных рэспіраторных, грыпу і SARS-CoV-2. Гэта азначае, што арганізм могуць атакаваць з некалькіх бакоў, і загадзя падрыхтаваная імунная абарона становіцца не пажаданнем, а разумнай неабходнасцю. Многія падоўгу адкладаюць магчымасць прышчапіцца, што няправільна. Пасля ўвядзення вакцыны арганізму патрабуецца ад двух да трох тыдняў, каб выпрацаваць ахоўныя антыцелы. Калі зацягнуць з працэдурай, імунітэт проста не паспее сфарміравацца да пачатку эпідсезона. А ён сёлета чакаецца раней звычайнага – ужо ў канцы лістапада, снежні.

– Імунітэт пасля вакцынацыі захоўваецца прыкладна 6-12 месяцаў. А паколькі вірус грыпу пастаянна муціруе, леташняя прышчэпка ў новым сезоне ўжо не спрацуе – склад вакцын штогод абнаўляецца, – расказвае памочнік урача-эпідэміёлага Ушацкага РЦГЭ Таццяна Дуброўская. – У гэтым сезоне штамавы склад прэпаратаў абноўлены цалкам – па ўсіх трох кампанентах у строгай адпаведнасці з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Вакцына ад грыпу не абараняе ад усіх ВРВІ. Аднак калі прышчэплены чалавек усё ж заражаецца, хвароба працякае значна лягчэй – рызыка пнеўманіі, шпіталізацыі і цяжкіх ускладненняў зніжаецца ў разы.

За кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў прышчэпку зробяць тым, хто ўваходзіць у групы рызыкі. Гэта дзеці ад шасці месяцаў, пацыенты з хранічнымі захворваннямі і імунадэфіцытнымі станамі, цяжарныя жанчыны, асобы сталага ўзросту (65 і больш гадоў), а таксама грамадзяне, якія кантактуюць з вялікай колькасцю людзей. Для гэтых мэт выкарыстоўваецца вакцына “Грыпол Плюс” расійскай вытворчасці. Акрамя таго, для ўсіх жадаючых на ўмовах аплаты ў бліжэйшы час будуць даступныя таксама прэпараты “Ваксігрып Тэтра” (Францыя), “Інфлювак Тэтра” (Нідэрланды/Швейцарыя), “Ультрыкс Квадры” (Расія) – іх кошт складзе каля 30-40 рублёў.

Зрабіць прышчэпку можна ў працэдурным кабінеце паліклінікі (другі паверх), дзіцячай кансультацыі.
У дадатак да вакцынацыі ўшацкія медыкі раяць часцей праветрываць памяшканні, захоўваць гігіену рук і рэспіраторны этыкет, падтрымліваць фізічную актыўнасць і па магчымасці пазбягаць цесных кантактаў з хворымі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *