Для сяброўства і адзінства няма межаў! Гэта ў чарговы раз пацвердзіў фестываль мастацтваў беларусаў свету, які праходзіў у краіне на працягу мінулага тыдня. Яго мэта – падтрымка і папулярызацыя беларускай культуры сярод сусветнай супольнасці прадстаўнікоў нашай нацыі, умацаванне сувязяў дыяспар з гістарычнай радзімай.
Сёлетні форум сабраў больш за 200 беларусаў з 13 краін свету. Геаграфія – ад блізкага замежжа і дзяржаў Балтыі да ЗША і Іарданіі, сярод удзельнікаў – вакалісты, аўтэнтычныя калектывы, народныя ўмельцы. У праграме фестывалю былі экскурсіі, выставы, канцэрты і сустрэчы ў сталіцы, а ў суботу ўдзельнікі адправіліся па рэгіёнах. Адметна, што на Віцебшчыне для наведвання дэлегацыі беларусаў свету з усіх раёнаў быў абраны менавіта Ушацкі.
На Ушаччыну завітала дэлегацыя з 40 чалавек, а стартавым пунктам у праграме іх прабывання стала адна з візітовак раёна – музей народнай славы. З першых крокаў госці былі ўражаны роспісамі на сценах у фае і засыпалі супрацоўнікаў шматлікімі пытаннямі наконт часу стварэння ўстановы, напаўнення экспазіцыі і звестак пра Героя Савецкага саюза Уладзіміра Лабанка, чыё імя носіць музей.
“Цікавімся гісторыяй, таму з інтарэсам прайшліся па залах такога незвычайнага музея. А як цёпла нас сустрэлі на яго парозе – з караваем, песняй, так шчыра і па-беларуску!” – дзяліліся першымі ўражаннямі госці.
Яшчэ больш эмоцый у іх было, калі завіталі на “Прарыў”. На мемарыяльным комплексе для ўдзельнікаў форуму арганізавалі экскурсію, а таксама мітынг-рэквіем, падчас якога памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да пліт. Асабліва ўзрушаны гэтым дзействам былі расіяне, для якіх паняцці вайны і міру зараз успрымаюцца асабліва балюча.
“Мае карані – у суседнім Докшыцкім раёне, а майго мужа – на Міншчыне, але на “Прарыве” ніколі не былі. Нават не магла ўявіць, што ён такі велічны! А калі бачыш столькі імён на мемарыяльных плітах, сапраўды разумееш, як важна цаніць мір і быць адзінымі. У Беларусі мы бываем часта, тут вучацца нашы дзеці, тут – наша радзіма”, – расказала прадстаўніца Эстоніі.
Хоць праграма прабывання на Ушаччыне была распісана па хвілінах, госці не спяшаліся хутка пакінуць мемарыял, рабілі шмат здымкаў.
Не менш насычанай на ўражанні стала і другая частка святочнага дня. Таленты ў спрадвечных рамёствах дэманстравалі ў фае цэнтра культуры ўшацкія народныя ўмельцы: яны не толькі прэзентавалі свае работы, а і паказвалі, як іх вырабляць. “Бачыце, якія ў мяне дзівосныя завушніцы? Я іх толькі што зняла з вашай цудоўнай майстрыхі!” – жартавала прадстаўніца нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Карэліі Святлана Барташэвіч, прымяраючы саламяныя ўпрыгожанні. “Так і было! – усміхнулася ўдзельніца студыі “Адраджэнне” Ганна Бабянок. – Не магла ж я адмовіць такой абаяльнай кабеце! Ды нічога, сабе потым новыя спляту!” Сувеніры ад ушацкіх умельцаў набыў літаральна кожны з гасцей.
Як ужо прыгадвалася, да нас прыехалі людзі творчыя – і ім было што паказаць ушачанам, якія запоўнілі канцэртную залу. Усе нумары праграмы “Сэрцу мілы куточак» былі выдатнымі! “Дзе б мне ні быць, сніць мне і сніць пра Беларусь васільковыя сны”, – пранікнёна прызнаваліся спявачкі гурта “Спадчына” з італьянскага Неапаля. Вакальны калектыў “Пялёстак” аб’яднаў эстонскіх беларусаў розных прафесій – урачоў, настаўнікаў і нават вадалаза. Мікалай Іванавіч (так прадставіўся нам апошні) расказаў, што яго род паходзіць з чашніцкіх мясцін, дзядуля ваяваў ва ўшацкім партызанскім злучэнні, у Талін жа наш зямляк трапіў у часы Саюза, калі вырашыў звязаць лёс з морам. Фальклорнымі напевамі і танцамі парадавалі гледачоў самадзейныя артысты з Іркуцка, а Марына Кінзябаева з суполкі беларусаў Карэліі пазнаёміла з гучаннем старажытнага інструмента кантэлі, пад які праспявала ўрывак нядаўна перакладзенага на беларускую мову карэла-фінскага эпасу “Калевала”.
Эфектным было выступленне вакальнага гурта “Рэтра-Хіт” з паўночнай расійскай сталіцы – шлягерам з рэпертуару “Сяброў”, “Верасоў” і “Песняроў” падпявала ўся зала. Вакалісты прызналіся нам, што ў складзе іх групы толькі два этнічныя беларусы, аднак гэта не перашкаджае ім без усялякага акцэнту спяваць на нашай мове. Кіраўніку Віктару Каваленку, які родам з Рэчыцы, было цікава даведацца, што на Ушаччыне яго прозвішча – самае распаўсюджанае, а Міхаіл Севярын увогуле аказаўся нашым земляком, бо яго бацька – з Завячэлля.
Пасля канцэрту ўшачане яшчэ доўга дзяліліся эмоцыямі. А вось што расказалі ў сваёй групе “ВКонтакте” беларусы Карэліі:
“На зваротным шляху ў Мінск мы ўсе разам спявалі, абменьваліся кантактамі. У італьянскай дэлегацыі было некалькі чалавек, якія не размаўляюць на нашай мове і ўвогуле нічога не ведалі пра Беларусь і Расію. Яны былі ўражаны тым, як мы сябруем і жывём. Тое, што яны чулі пра нас па сваіх каналах інфармацыі, зусім не супала з рэчаіснасцю! У аўтобусе яны стараліся спяваць разам з намі, а калі не атрымлівалася – проста махалі рукамі ў такт…”
Думаецца, апісаны эпізод яскрава характарызуе яшчэ адну мэту фестывалю – паказаць свету сапраўдную Беларусь – самабытную, адкрытую і вельмі шчырую. Прыемна, што свой унёсак у гэта зрабілі і ўшачане.
Вольга КАМАРКОВА,
Наталля БАГДАНОВІЧ.




