Обаятельные и незаменимые. Сотрудницы Ушачского участка «Белтелеком» доказали, что для женской смекалки, обаяния и трудолюбия нет недосягаемых высот

Общество

Калі размова заходзіць пра сувязістаў, многія ўяўляюць сабе суровых мужчын з кабелем за плячыма. Аднак ва Ушацкім участку электрасувязі Полацкага ЗВЭС Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” такі стэрэатып даўно абвергнуты, бо на працягу значнага часу тут плённа працуюць чатыры жанчыны, без якіх проста нельга ўявіць гэты калектыў.

Спецыялісты па продажы Алена Федуковіч і Надзея Віннік, электрамеханікі лінейна-апаратнага цэха і абаненцкіх прылад Ганна Бугай і Алена Пятроўская штодня даказваюць, што для жаночай кемлівасці, абаяння і працавітасці няма недасягальных вышынь.

Цэняць кіраўніцтва і абаненты

Прафесіяналізм работніц ацэньваюць не толькі ў калектыве. Партрэты трох дзяўчат у свой час упрыгожвалі Дошку гонару Ушацкага раёна. Скарбонка іх узнагарод пастаянна папаўняецца: так, па выніках леташняй работы прозвішча Г.Бугай занесена на Дошку гонару Віцебскага філіяла, А.Федуковіч аб’яўлена Падзяка яго дырэктара.
Высокія вытворчыя паказчыкі – важны крытэрый, але не менш яркі індыкатар – прыхільнасць абанентаў, а ўшачане пастаянна пакідаюць у кнізе заўваг і прапаноў удзячныя водгукі пра гераінь артыкула.

Гарачыя сэрцы і залатыя рукі

Паспяваюць дзяўчаты ўчастка заявіць пра сябе і ў грамадскім жыцці. Ганна, напрыклад, – актывіст раённай арганізацыі РГА “Патрыёты Беларусі”. Усе чацвёра – пастаянныя ўдзельніцы культурных, спартыўных мерапрыемстваў. А ў гэтым месяцы А.Федуковіч і Г.Бугай прадстаўлялі Ушацкі ўчастак на адборачным туры рэспубліканскага конкурсу “Прыгажуні Белтэлекама” і пакарылі журы і гледачоў. Асабліва яркім атрымалася выступленне Алены ў творчым конкурсе “Залатыя рукі”: яе талент у вырабе сувеніраў з вашчыны адзначылі Ганаровай граматай і каштоўным падарункам ад прафсаюзнай арганізацыі філіяла.

Эксперты ў выхаванні і лічбавых пытаннях

Гераіні аповеду – не толькі добрыя спецыялісты, а і выдатныя гаспадыні, клапатлівыя матулі. Так, Алена Пятроўская з’яўляецца мнагадзетнай маці і выхоўвае траіх цудоўных дзетак. Сама ж яна зазначае, што незлічоныя дамашнія клопаты, з якімі штодня трэба спраўляцца, дапамаглі ёй напрацаваць псіхалагічную ўстойлівасць, вельмі карысную і ў зносінах з абанентамі. Жанчына ўмее цярпліва выслухаць засмучанага вяскоўца, што сутыкнуўся са збоем сеткі, пажылога чалавека, які не можа разабрацца ў наладках, яна лёгка перакладзе інструкцыі з “тэхнічнай” мовы на звычайную. Увогуле Алена і яе сяброўкі-калегі знойдуць кантакт з любым абанентам.

“Мы ж не толькі ў працоўны час свае веды выкарыстоўваем: для родных, сяброў, суседзяў – персанальная “служба падтрымкі” і эксперты па ўсіх лічбавых пытаннях. Даступна тлумачым, чаму знік інтэрнэт, як перазагрузіць мадэм, раім, якія лепш набыць гаджэты, дапамагаем выбраць тэхніку для дому і саду. І такая запатрабаванасць не вымотвае, а падпітвае, бо дае прыемнае адчуванне сваёй значнасці і запатрабаванасці. Увогуле, калі правільна арганізаваць час, жанчыне па сілах і на службе сябе праяўляць, і людзям дапамагаць, і заставацца клапатлівай матуляй”, – разважае А.Пятроўская.

А пра тое, як годна работніцы Ушацкага ўчастка выхоўваюць дзяцей, сведчыць прыклад сыноў Надзеі Віннік: старэйшы зараз вучыцца на ваенным факультэце БДУІР, малодшы – курсант кадэцкага вучылішча. “Мы з мужам ганарымся іх выбарам!”, – зазначае Надзея.

“Сапраўдны спецыяліст у галіне сувязі – гэта не проста той, хто разбіраецца ў правадах ды праграмах. Гэта чалавек, які з’ядноўвае людзей, адкрывае для іх вялізныя магчымасці лічбавага свету, – падкрэсліваюць гераіні артыкула. – У нас выдатная прафесія, і мы даказваем, што жанчыны ў ёй могуць дастойна рэалізавацца. І канечне, у нашым згуртаваным калектыве мы заўсёды адчуваем вялікую падтрымку мужчын. Усё гэта – выдатны стымул рухацца наперад!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *