Не всем весна в радость: каждый шестой житель Земли мучается от аллергии

Здравоохранение

Па статыстыцы практычна кожны шосты жыхар Зямлі пакутуе ад алергіі. На двары вясна, і людзі, схільныя да гэтай непрыемнасці, ужо пачалі адчуваць яе праявы. Што рабіць, калі пачалася алергія? Якія яе сімптомы? На гэтыя і некаторыя іншыя пытанні адказвае урач-тэрапеўт Ушацкай ЦРБ Валянціна Мікалаеўна НАРЫВОНЧЫК:

– Алергія – рэакцыя імуннай сістэмы чалавека на неспрыяльны раздражняльнік, які трапляе ў арганізм звонку або развіваецца ў ім самім. Схільнасць да алергічных рэакцый абумоўлена найперш спадчыннасцю: калі бацькі – алергікі, то ў 50 працэнтах выпадкаў іх дзеці – таксама.

– У якім узросце ў чалавека ўпершыню можа ўзнік­нуць алергія?

– У любым. Таму калі вясной ці летам вы прачнуліся з вачамі, якія зудзяць, і закладзеным носам – ідзіце да алерголага. У групу рызыкі можа трапіць абсалютна кожны.

– На які сезон прыходзіцца пік алергіі?

– З сярэдзіны вясны (звычайна гэта красавік) і да сярэ­дзіны лета. Гэта звязана з розным часам квітнення раслін і рассейвання імі пылку – моцнага алергену. Часцей за ўсё прычынай алергіі становяцца такія дрэвы, як асіна, ясень, алешына, таполя, вяз, клён, дуб, вярба і іншыя. Кустоў, кветак і траў яшчэ больш. У цёплыя і сухія ветраныя дні пылок распаўсюджваецца асабліва хутка, робячы жыццё алергікаў проста невыносным. У дажджлівыя ж дні прасцей, бо паветра ачышчаецца.

Варта заўважыць, што ў некаторых людзей алергія не праходзіць увесь год – за выключэннем тых месяцаў, калі выпадае снег.

– Наколькі нам вядома, алергены могуць выклікаць і іншыя захворванні…

– Так. Гэта найперш бранхіяльная астма, крапіўніца, абвастрэнне алергічнага дэрматыту або ацёк Квінке. Асаблівае каварства вясновай алергіі – у яе падабенстве з сімптомамі прастуды. Нярэдка людзі прымаюць антыбіётыкі і толькі з часам разумеюць, што карысці ад іх ніякай.

– Як праяўляецца вясенняя алергія?

– У чалавека з’яўляецца кан’юктывіт ці запаленне слізістай абалонкі вачэй з ацёкам і пачырваненнем, сухасцю, свербам, а часам і болеем. Не абыходзіцца без насмарку, закладзенасці носу, свербу ў вушах, а таксама пяршэння ў горле і сухога кашлю. Скурныя праявы сустракаюцца рэдка, і ўсё ж нагадаю пра іх – гэта крапіўніца, сверб, сухасць скуры.

Сімптомы могуць узнікаць як паасобку, так і ў любых спалучэннях і рознай інтэнсіўнасці. Звычайна яны ўзмацняюцца ў сухое, гарачае надвор’е, раніцай і на вуліцы. А вось у памяшканнях, падчас дажджу і па вечарах значна слабе­юць. Але нават пры слабых, рэдкіх праявах захворвання варта звярнуцца да спецыялістаў.

– Якое лячэнне патрэбна алергікам?

– Для кожнага яно назначаецца індывідуальна. Медыкаментознае павінна быць сімптаматычным і ўключаць анты­алергенныя прэпараты.

– Раскажыце, калі ласка, як можна аблегчыць праявы алергіі ў быце?

– У перыяд цвіцення раслін імкніцеся не выязджаць на пікнікі, адмоўцеся ад ужывання спіртнога, інакш алергія можа ўзмацніцца. Касметычныя сродкі і парфюм, у складзе якіх могуць быць экстракты раслін, лепш прыбраць далей. На вуліцы ж рэкамендуецца насіць сонцаахоўныя акуляры, прагульвацца па вечарах і пасля дажджу. Калі работы ў двары ў небяспечныя гадзіны не пазбегнуць, выкарыстайце марлевую павязку ад пранікнення пылка да слізістых абалонак. Рэгулярная вільготная ўборка, сеткі на вокнах, увільгатненне паветра ў кватэры знізяць рызыку пранікнення алергена ў жылое памяшканне. З дапамогай душа і змены адзення можна лёгка пазбавіцца ад пылка. Таксама неабходна часцей купаць хатніх жывёл, якія бываюць на вуліцы, не сушыце бялізну на адкрытым паветры ў перыяд цвіцення.

– Дзякуй за карысныя тлумачэнні.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *