Женский вклад в мужское дело. Более 20 лет в коллективе ушачских спасателей работает Елена Анатольевна Раговешка

Cлужба-101 Экономика и малый бизнес

“Яна наш надзейны тыл, вопытны работнік, памочнік у многіх справах і важнае звяно ў нашай згуртаванай камандзе!” Так характарызуюць ушацкія выратавальнікі свайго калегу, адзіную прадстаўніцу жаночага полу сярод супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Алену Анатольеўну Рагавешка.

Ці складана працаваць у мужчынскім калектыве – першае, аб чым хацелася даведацца ў старшыны пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы. Нават не задумаўшыся, жанчына адзначыла, што вельмі лёгка, толькі напачатку было крыху боязна. “А зараз мне толькі 23 лютага, у Дзень абаронцаў Айчыны складана”, – усміхаецца Алена Анатольеўна.

А калісьці яна нават і не думала, што Ушаччына стане для яе роднай, а прафесійны шлях маладому фінансісту давядзецца звязаць зусім не з жаночым заняткам. Скончыўшы Рыжскі ўлікова-крэдытны тэхнікум, ураджэнка Верхнядзвінскага раёна прыехала працаваць ва ўшацкае аддзяленне “Белаграпрамбанка”, але паколькі месца тут было часовае, праз год маладую дзяўчыну перавялі ў Верхнядзвінск, дзе яна адпрацавала 5 гадоў. Але ва Ушачах яна ўжо знайшла сваю другую палавінку і стварыла сям’ю, таму праз некаторы час вярнулася сюды. Працавала не па спецыяльнасці – у яслях, што знаходзіліся ў цэнтры гарпасёлка. Калі ж іх потым расфарміравалі, засталася без работы.

– Гэта быў 1994 год. Генадзь Васільевіч Рубанік, якому я вельмі ўдзячна, прапанаваў пайсці на службу ў аддзел па надзвычайных сітуацыях, начальнікам якога тады быў Юрый Леанідавіч Шыханцоў. Шчыра кажучы, вельмі сумнявалася і доўга раздумвала, што рабіць, ды і хвалявалася – ці спраўлюся. Але мой муж Алег Пятровіч, які працаваў у часці вадзіцелем, падтрымаў мяне, – прыгадвае Алена Анатольеўна.

І вось ужо больш двух дзясяткаў гадоў яна бездакорна нясе службу. Жанчына не заступае на баявое дзяжурства, але менавіта на ёй матэрыяльна-тэхнічная частка, вядзенне і падрыхтоўка бухгалтарскіх дакументаў, справаводства, заключэнне дагавораў на аказанне аддзелам платных паслуг і многае іншае. Хоць і даводзіцца займацца папяровай работай, аднак як і ўсе супрацоўнікі райаддзела А.А.Рагавешка мае службовую форму і спецыяльнае званне – старшы прапаршчык і прафесійнымі святамі лічыць Дзень выратавальніка і Дзень пажарнай службы. Сваю адзіную жанчыну ў калектыве выратавальнікі паважаюць, аберагаюць і, канечне, ніколі не крыўдзяць – па словах Алены Анатольеўны, калегі заўсёды былі побач, падстаўлялі мужчынскае плячо ў самыя цяжкія хвіліны жыцця, як маглі падтрымлівалі. Таму за гады службы ў яе ніколі не ўзнікала думкі аб іншым месцы працы і яна ўдзячна лёсу, што прывёў яе ў гэты калектыў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *