Продавец магазина «Техномир» Юлия Ярмош вошла в тройку лучших продавцов Витебщины на конкурсе пофмастерства

Экономика и малый бизнес

У кожнага з нас, напэўна, ёсць любімыя крамы, куды хочацца зайсці нават без асаблівай нагоды. І ро­біць іх прыцягальнымі не толькі асартымент, а і людзі, што стаяць за прылаўкам. Ветлівасць і цярплівасць, акуратнасць і спрыт, камунікабельнасць і запас ведаў – абавязковы набор якасцяў добрага прадаўца. Усім пералічаным валодае Юлія Ярмош – загадчык магазіна “Тэхнамір” – адной з самых прывабных гандлёвых кропак райцэнтра.

Нагоду расказаць пра яе на старонках нашай газеты дзяўчына дала яшчэ летась, калі стала пераможцам конкурсу прадаўцоў, які праводзіла райспажыўтаварыства. Сёлета ж Юліі пакарылася яшчэ больш высокая прыступка – на нядаўнім абласным конкурсе прафесійнага майстэрства наша прадстаўніца ўвайшла ў тройку прызёраў. На прафесійнае спаборніцтва, якое праходзіла ў горадзе Сянно, сваіх лепшых прадаўцоў дэлегаваў кожны раён Віцебшчыны, а агульны вынік выступлення складаўся па суме пяці конкурсаў.

Традыцыйна распачынала праграму творчая візітоўка, у рамках якой удзельнікі расказвалі пра сябе і свой раён. Усім вядома, што брэнд Ушаччыны – літаратурныя таленты. Да аднаго з іх – паэтэсы Тамары Барадзёнак – Юлія звярнулася па дапамогу пры падрыхтоўцы творчага нумара. Яскравае вершаванае прадстаўленне ў выкананні нашай удзельніцы ўразіла ўсіх: як вынік – 44 балы з 45 магчымых! Удала склаўся і конкурс “Рэклама тавара”, калі прадаўцы расказвалі пра рэч, найменне якой трапілася ў выцягнутым білеце. “Захацелася купіць насценны гадзіннік, які рэкламавала ўдзельніца з Ушач”, – такі водгук журы кажа сам за сябе. Не паставілі Юлію ў тупік пытанні тэарэтычнага конкурсу на веданне закона аб правах спажыўца, а таксама практычныя заданні, якія ўдзельніцы выконвалі за прылаўкам мясцовага ўнівермага. Юліі, у прыватнасці, трэба было правільна выкласці адзенне для дзяўчынак, аформіць цэннікі і акцыйную інфармацыю на вырабы, расказаць пра школьную форму беларускай вытворчасці. Заданне не такое і простае, калі ўлічыць, што за час работы ў райспажыўтаварыстве з такім таварам ушачанцы працаваць не даводзілася.

Пасля заканчэння лепельскага ліцэя яна пачынала кар’еру прадаўца ў магазіне “Сельгаспрадукты”, на месцы якога ў 2014 годзе адкрыўся “Тэхнамір”. Юліі давялося вывучаць новую сферу гандлю.

– Было даволі няпроста, і я вельмі ўдзячна тагачаснаму загадчыку магазіна Валянціне Васільеўне Касяк, якая дапамагала разабрацца ў нюансах работы, – расказвае дзяўчына. – Прадавец сучаснай складанай электратэхнікі павінен добра арыентавацца ў ёй, таму даводзіцца вывучаць інструкцыі бытавых прыбораў, спасцігаць прынцып іх работы, каб пры неабходнасці расказаць і паказаць усё гэта патэнцыяльнаму пакупніку. Памятаю, як складана было аднойчы разабрацца з наварочанай кітайскай кававаркай, няпроста прыходзілася са шматлікімі насадкамі да кухонных камбайнаў, але ж кожны працоўны дзень прыносіць новыя веды, пэўны вопыт.

Тое, што дзяўчына ўмее карыстацца гэтымі каштоўнымі прафесійнымі здабыткамі, дазволіла ёй увайсці ў тройку лепшых прадаўцоў спажыўкааперацыі Віцебшчыны і стаць членам каманды аблспажыўсаюза, якая прадставіць рэгіён на рэспубліканскім конкурсе. Застаецца толькі пажадаць нашай зямлячцы зрабіць гэта дастойна!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *