Учащиеся Ушачской детской школы искусств победили в конкурсе хоровых коллективов на фестивале «Браславские зарницы»

Наши дети

Зусім нядаўна мы расказвалі пра поспех прадстаўнікоў Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў на міжнародным фестывалі ў Дуброўне, а навучэнцы ўстановы зноў далі нам прыемную нагоду прыгадаць пра іх, атрымаўшы бліскучую перамогу ў конкурсе харавых калектываў на прэстыжным фестывалі “Браслаўскія зарніцы”.

Сёлетняе міжнароднае свята традыцыйнай культуры было асаблівым – мерапрыемства адзначыла свой паўвекавы юбілей. Натуральна, што праграма фэсту была шырокай і насычанай, а адной з яе асноўных падзей стала адкрыццё паруснай школы – павіншаваць дзяцей, якія будуць асвойваць азы гэтага прыгожага віду спорту, прыехаў губернатар Віцебшчыны М.М.Шарснёў. Ну а юныя прадстаўнікі Прыдзвіння, якія маюць здольнасці да вакальнага мастацтва, дэманстравалі свае таленты ў конкурсе харавых калектываў.

– Калі даведаліся пра склад удзельнікаў, у ліку якіх, напрыклад, былі масцітыя калектывы з Полацка і Наваполацка, у душу закралася трывога – а раптам будзем выглядаць блякла на іх фоне,.. – расказвае мастацкі кіраўнік Узорнага хору Ушацкай ДШМ Жанна Віктараўна Савіцкая. – А таму прысуджэнне нам дыплома І ступені стала вялікім прыемным сюрпрызам. Лічу, што гэта плён упартых рэпетыцый і, канечне, удалага выбару рэпертуару.

І сапраўды, песня на роднай мове “Зямля з блакітнымі вачамі”, аздобленая акампанементам нязменнага канцэртмайстра калектыву Вольгі Аляксандраўны Цітовай і гучаннем цымбал Ірыны Коршун, бездакорна адпавядала духу свята традыцыйнай культуры. А раскладзены на чатыры галасы вакальны твор “Уваскрэсенне” літаральна пакарыў слухачоў і членаў журы.

– Вельмі прыемна, што менавіта такой узнёслай падзеяй завяршаецца для мяне навучанне на харавым аддзяленні! – прызналася выпускніца школы мастацтваў Юлія Жданава.

Згодны з яе словамі і два прадстаўнікі моцнай паловы ў харавым калектыве – Павел Калясінскі і Віктар Малаток, якія таксама сёлета развітваюцца з ДШМ. Дарэчы, кіраўнік хору ўпэўнена, што менавіта наяўнасць у калектыве хлопцаў вельмі выгадна вылучала наш хор з іншых, бо давала больш шырокія магчымасці ў плане дыяпазону гучання.

А вось у больш юных удзельніц хору Ксеніі Кротавай, Аліны Зарубы, Дамінікі Сісковіч наперадзе яшчэ шмат выступленняў у складзе вакальнага калектыву. “Калі знаходзіліся на сцэне – моцнага хвалявання не было, куды больш перажывалі, калі чакалі рашэння журы, нават пальцы скрыжоўвалі, каб нам пашанцавала!” – з усмешкай расказваюць дзяўчаты.

Увогуле абсалютна ўсе юныя спевакі прывезлі з конкурсу самыя яркія ўражанні. “Падчас свята ўпэўнілася, што музыка здольная аб’ядноўваць людзей розных краін, бо мова мастацтва зразумелая ўсім”, – разважае Юлія Хамёнак. А Паліна Судак прыгадвае: “Калі пасля нашага выступлення раздаліся крыкі “Брава!” – мяне ахінула такое моцнае пачуццё гонару за сяброў, настаўнікаў, за наш невялікі пасёлак!”

І сапраўды, ушацкі край заўсёды быў адметны сваімі талентамі, а таму няма ніякага сумнення, што нашы творчыя калектывы яшчэ не раз парадуюць землякоў гучнымі перамогамі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *