Ученица Глыбочанской школы Милана Бородулько оказалась в числе лучших юных спортсменов на республиканских соревнованиях по зимнему многоборью «Здоровье»

Cпорт Наши дети

На маё пытанне, чым яна больш за ўсё любіць займацца ў вольны час, шасцікласніца Глыбачанскай школы Мілана Барадулька адказала даволі нечакана: “Гуляць у футбол!” “На камп’ютары?” – удакладніла я. “Не! – засмяялася мая субяседніца. – У двары, з братам Максімам”.

Дзяўчынка і хлопец, а таксама іх старэйшая сястра Даша жывуць у Дубраўцы ў сваёй бабулі Валянціны Генадзьеўны Сталбуновай, якая з’яўляецца іх апекуном. І ва ўсіх траіх, па словах настаўніка фізкультуры Арцёма Іванавіча Церашкаўца, адметныя спартыўныя здольнасці. Найбольш ярка іх праяўляе малодшая Мілана: у яе скарбонцы ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага праекта “300 талентаў для каралевы”, уключэнне ў 2018 і 2019 гадах у зборную вобласці ў лёгкаатлетычных спаборніцтвах “Шкаліяда”. Нядаўна ж дзяўчынка дасягнула свайго самага гучнага поспеху – выдатна выступіла ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод сельскіх школьнікаў па зімовым мнагабор’і “Здароўе”. Мілана заняла другое месца ў асабістым першынстве сярод шасцікласніц краіны, а таксама атрымала камандны медаль – зборная нашай вобласці стала срэбраным прызёрам спаборніцтваў.

Трапіць жа ў склад каманды паўночнага рэгіёну нашай дзяўчынцы дазволіла ўдалае выступленне на абласным этапе, які праходзіў у пачатку лютага на базе Віцебскай СДЮШАР па лёгкай атлетыцы. “Трэба сказаць, што Мілана выступала там пасля хваробы і праявіла байцоўскі характар! – расказвае А.Церашкавец. – Асабліва бліснула ў сваім каронным відзе – скачках у даўжыню з месца, паказаўшы вынік 222 см, няблага выглядала ў бегу на 1000 метраў, а вось у адцісканні прыкметна не дабрала да свайго рэкорду”. Тым не менш яе сума балаў па трох відах стала “бронзавай” сярод шасцікласнікаў (на вобласці падводзіўся агульны вынік у дзяўчат і хлопцаў). Такім чынам, Мілана ў ліку 14 лепшых спартсменаў 5-11 класаў сельскіх школ Віцебшчыны адправілася напрыканцы лютага ў Навагрудак, дзе праходзіў фінальны этап.

“На гэты раз са здароўем усё было нармальна, таму палепшыла вынікі ва ўсіх відах!” – з задавальненнем адзначае дзяўчынка. У скачках яна дадала 2 сантыметры, 28 разоў адціснулася ад падлогі, а ў забегу на кіламетр стала чацвёртай з 14 удзельніц з 5-6 класаў. З гэтых вынікаў і склалася агульнае “срэбра” глыбачанскай школьніцы. Дзяўчынка і яе настаўнік вельмі рады выдатнаму рэзультату, аднак мяркуюць, што яго можна і палепшыць, калі больш трэніравацца. А яшчэ Мілана задумваецца пра тое, каб звязаць са спортам сваё далейшае жыццё. І, канечне, марыць стаць у гэтай справе адной з лепшых – па прыкладзе бразільскага футбаліста Неймара, якога лічыць сваім кумірам.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *