Сколько стоит быть в форме… школьной?

Выясняем ситуацию Калейдоскоп Наши дети

Летнія канікулы пралятаюць хутка – ужо праз два тыдні школьны званок пакліча некага ў чарговы раз, кагосьці ўпершыню ў краіну ведаў. Ужо з ліпеня здаюць экзамен на падрыхтаванасць да новага навучальнага года бацькі, швейныя і абутковыя прадпрыемствы, гандаль. Менавіта з гэтага часу па ўсёй краіне пачалі працаваць традыцыйныя школьныя кірмашы.

Напэўна, многія пагадзяцца, што вельмі зручна набываць усе неабходныя рэчы ў адной гандлёвай кропцы. Бо курсіраваць з аднаго магазіна ў другі па летняй спякоце цяжкавата і клопатна. Дык вось, атаварыць поўны (ну, ці амаль што поўны) спіс можна ва ўнівермагу г.п.Ушачы. Адразу заўважу, што тут прадстаўлены даволі шырокі асартымент адзення для вучняў на любы ўзрост і густ, не кажучы пра канцылярскія тавары.

Як адзначыла прадавец універмага Аксана Мынчынская, да школьнай пары райспажыўтаварыства сёлета, як і заўсёды, рыхтавалася вельмі інтэнсіўна. Тавары завозіліся з розных беларускіх прадпрыемстваў: “Калінка”, “Белкрэда”, “Надзея”, “Бэль Бімба”, “Эліс”, Навагрудскай, Баранавіцкай швейных фабрык і іншых. Такія рэчы, па словах спецыялістаў, – гарантыя зручнага спалучэння даступнай цаны і высокай якасці, плюс магчымасць падтрымаць попыт на айчынную прадукцыю, зэканоміць грошы.

Дарэчы, пра цэны. На касцюмы для хлопчыкаў яны вагаюцца ад 611 да 658 тысяч рублёў. Да гэтага яшчэ трэба дадаць кашулю за 95-169 тысяч. Штаны абыдуцца ў 193-207 тысяч. Праўда, зусім не парадавала аднастайная шэра-чорная гама касцюмаў. З дзяўчынкамі прасцей: ім можна асобна набыць пінжак са спадніцай, сарафан, камізэльку і разнастаіць каляровую гаму. А вось што датычыцца сумы, то за касцюм давядзецца аддаць ад 253 да 367 тысяч, за сарафан – ад 186 да 315, кашулю – ад 150 да 260 тысяч.

Традыцыйна ва ўнівермагу прапанаваны вялікі выбар спартыўных касцюмаў (195-377 тысяч рублёў), нацельнай бялізны, панчошна-шкарпэткавых тавараў. Ёсць тут і тавар мінулагодні – дарэчы, яго кошт крыху ніжэйшы, чым на адпаведнае адзенне новага завозу. Днямі ў магазіне было вялікае паступленне дзіцячых асенніх куртак, яшчэ плануецца завоз пінскага трыкатажу.

Абутак для дзяцей паступае ў “Гандлёвыя рады” з абутковых прадпрыемстваў Магілёва, Гродна, Ліды, СП “Марка”, ЗАТ “Сівельга” і іншых. Асартымент пастаянна абнаўляецца, а таму кожны вучань знойдзе патрэбную “пару” па сваім гусце. Кошт тавару разнастайны, залежыць ад мадэлі, памеру і матэрыялу туфлікаў.

Калі сямейны бюджэт не дазваляе затраціць за адзін раз патрэбную суму, выйсце ёсць. З 15 жніўня ў раёне дзейнічае акцыя “Добры дзень, школа!”: пры пакупцы тавараў школьнага асартыменту на суму 500 тысяч рублёў і больш можна без першапачатковага ўзносу скарыстацца беспрацэнтным крэдытам на тэрмін да трох месяцаў.

Райспажыўтаварыства імкнецца ўлічыць усе запатрабаванні пакупнікоў – менавіта таму ў гандлёвых кропках (і вясковых магазінах таксама) прымаюцца папярэднія заяўкі на той ці іншы тавар. Асабліва такая магчымасць павінна зацікавіць бацькоў, дзеці якіх па сваіх фізічных асаблівасцях не падыходзяць пад стандартныя памеры адзення ці абутку.

Дарэчы, школьнымі таварамі, акрамя райспажыўтаварыства, гандлююць індывідуальныя прадпрымальнікі. Выбар за пакупнікамі, якім варта паспяшацца: верасень не за гарамі.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *