Как избежать ремонта, или Правила пользования ноутбуком

Калейдоскоп

У наш час напэўна нікога не здзівіш наяўнасцю ў доме ноўтбука. Нагадаць нашым чытачам асноўныя правілы карыстання ім мы папрасілі індывідуальнага прадпрымальніка, уладальніка майстэрні па рамонце камп’ютараў, ноўтбукаў, тэлефонаў, бытавой тэхнікі (будынак РКБА, 2 паверх) Алега Паўлавіча СТАНКЕВІЧА.

Акуратна з правадамі

Гэтае правіла датычыцца ўсіх кабеляў, якія цягнуцца да ноўтбука праз увесь пакой, ёсць вялікая верагоднасць таго, што хто-не­будзь за іх зачэпіцца. У такой сітуацыі можна і траўму атрымаць, і ноўтбук разбіць аб падлогу.

Небяспеку ўяўляюць таксама флэш-назапашвальнікі, уваткнутыя ў USB-порт. Нават просты нахіл ноўтбука можа вывесці са строю гняздо, а заадно і флэшку.

Беражыце ад вадкасцяў

Вадкасць, якая нечакана трапіла на кнопкі, часам дабіраецца і да мацярынскай платы. Не спрабуйце самі ўсё выправіць! Вашы дзеянні ў такім разе павінны заключацца ў наступным: выключыць ноўтбук з сеткі, працерці клавіятуру зверху, вынуць батарэю і тэрмінова аднесці прыладу ў сэрвісны цэнтр.

Асцярожна з дысплеем

Гэтая частка ноўтбука самая “далікатная”. Не тыкайце пальцам у экран, не дазваляйце рабіць гэта дзецям: можна пашкодзіць матрыцу, і там назаўсёды застануцца цёмныя плямы. Праціраць экран неабходна спецыяльнымі сурвэткамі без ворсу. Перад тым, як закрыць ноўтбук, пераканайцеся, што нічога не пакінулі на клавіятуры: нават дробны прадмет можа пашкодзіць шкло. Таксама нельга дапускаць прамога траплення прамянёў сонца на экран на працягу доўгага часу: выгараюць фарбы. І не пакідайце ноўтбук ля прыбораў, якія ствара­юць вакол сябе моцныя электрамагнітныя палі.

Добрае астуджэнне

Ноўтбук мае запчасткі, якія пры рабоце моцна награваюцца. На яго ж корпусе – па баках і ў ніжняй частцы – ёсць адтуліны для вентыляцыі, а ўсярэдзіне стаяць вентылятары, якія астуджаюць цэнтральны працэсар, відэакарту і чыпсэт. Імкніцеся доўга не трымаць ноўтбук на ложку ці ў сябе на каленях: вентыляцыйныя адтуліны могуць быць перакрыты.

Пастаянна зарадка – не на карысць

Часта ноўтбук выкарыстоўваецца як стацыянарны камп’ютар. У такім разе шнур зарадкі звычайна падключаны да сеткі, што вельмі шкодна для акумулятара. Прыкладна праз год апошні ўжо не будзе доўга “трымаць”, максімум 10-15 хвілін.

Рэзервовае капіраванне

Калі вы захоўваеце на цвёрдым дыску ноўтбука важныя дакументы, фатаграфіі, заўсёды рабіце рэзервовыя копіі. Скіньце файлы на дыскі ці на анлайн сэрвісы, паколькі нічога вечнага пакуль не вынайдзена. А вось для таго, каб працягнуць тэрмін службы, не пераносьце ноўтбук уключаным.

Зачынены латок

Ніколі не пакідайце высунутым латок DVD-прывада: на яго садзіцца пыл, які потым можа трапіць у механізм ці на лінзы. Перад тым, як пакласці дыск у DVD-прывад, пераканайцеся, што ён чысты. Можна набыць спецыяльны дыск для чысткі, але карыстацца ім толькі па меры неабходнасці – у адваротным выпадку адбудзецца памутненне аптычных лінз.

Выкарыстоўвайце сумку

Калі вы носіце ноўтбук з сабой на работу ці вучобу, абавязкова купіце спецыяльную сумку. Яна абароніць тэхнічны сродак ад механічных пашкоджанняў, а зімой – яшчэ і ад марозу. І памятайце: увайшоўшы ў халодную пару года з вуліцы ў памяшканне, нельга адразу ўключаць ноўтбук, варта пачакаць хаця б гадзіну.

Сачыце за чысцінёй

Прыкладна раз у год рэкамендавана праводзіць чыстку ноўтбука. Калі вы не ведаеце, як гэта зрабіць, звярніцеся да спецыялістаў – такую паслугу аказвае і мая рамонтная майстэрня.

Беражыцеся перападаў напружання

Калі ў вашай мясцовасці часта здараюцца перапады напружання ў сетцы, разам з ноўтбукам раю ку­піць блок бесперабойнага сілкавання. А калі набліжаецца навальніца, у абавязковым парадку адключайце ад сеткі і сам ноўтбук, і кабель ад інтэрнэту.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



1 комментарий по теме “Как избежать ремонта, или Правила пользования ноутбуком

  1. Скрытая реклама…материал содержит информацию рекламного характера…а именно место нахождения ИП и его ФИО.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *