Путь побед длинною в 50 лет! Ушачская спортивная школа отметила юбилей

Cпорт

Прыгожы юбілей адсвяткавала днямі Ушацкая спартыўная школа. Вось ужо 50 год хлопчыкі і дзяўчынкі нашага раёна спяшаюцца на заняткі да захопленых сваёй справай людзей, якія імкнуцца зрабіць іх больш хуткімі і дужымі, валявымі і адказнымі. Гэта не проста вялікі адрэзак часу – гэта гісторыя, за якой стаяць тысячы лёсаў, эйфарыя перамог і горыч паражэнняў, незлічоныя гадзіны ўпартых трэніровак…

У фае раённага цэнтра культуры, дзе ладзілася юбілейная ўрачыстасць, панавала цёплая атмасфера: госці шчыра радаваліся сустрэчы, абдымаліся, узгадвалі “спартыўныя прыгоды”. Арганізатары адлюстравалі слаўны шлях установы ў цікавай экспазіцыі. Ігар Клімашэўскі з Аляксандрам Лабанём перабіралі выразкі публікацый, прысвечаных армрэстлінгу, Сяргей Фамін і Мікалай Несцярэнка захоплена гарталі рукапісныя старонкі Кнігі дасягненняў вадналыжнікаў, а прадстаўнікі ўпраўлення спорту аблвыканкама з павагай разглядалі здабытыя ўшачанамі медалі еўрапейскіх і міравых першынстваў.

Іх, дарэчы, больш трох дзясяткаў – дастойны паказчык для сціплага райцэнтра. Ганарыцца ўстанова і тым, што сярод яе выхаванцаў ёсць заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, тры майстры спорту міжнароднага класа, 31 майстар спорту.

…А пачыналася ўсё ў далёкім 1976-м з некалькіх груп па лёгкай атлетыцы, заняткі ў якіх праходзілі на базе звычайных школ. Дарэчы, у адну з такіх у пачатку 80-х запісалася палова дзяўчат з майго класа – мы з захапленнем хадзілі на трэніроўкі да маладога выкладчыка Таццяны Клопавай, вывучалі тэхніку бегу і скачкоў у вышыню, адстойвалі гонар раёна на спаборніцтвах… Гэты трэнер прысвяціла спартшколе практычна ўсё жыццё, і хоць зараз Таццяны Леанідаўны з намі няма, яе выхаванцы па-ранейшаму на слыху – дастаткова прыгадаць Ілью Мялешку, які ўваходзіць у лік самых перспектыўных маладых бегуноў краіны.

Ну а ў сярэдзіне 80-х настала эра двух зорных спартыўных напрамкаў – на Вечаллі пачалі круціць піруэты вадналыжнікі, а Станіслаў Шэдзько прывёз ва Ушачы дзюдо, да якога пазней далучылася і самба. Гэтыя віды далі нам цэлую плеяду яркіх спартсменаў! Вось на чорна-белым здымку – каралева палётаў над хвалямі Зіна Дапёрка: многія і зараз памятаюць яе яркія перамогі! Спорт – гэта не толькі рэкорды, а і чэмпіёнскі характар. На яшчэ адным здымку, датаваным 1986-м, – бялявы хлопчык на водных лыжах з абгорнутай тэйпам нагой. Гэта Коля Несцярэнка, які на трэніроўцы парваў звязкі і, як меркавалася, паставіў крыж на спартыўнай кар’еры. Але ён не здаўся – здолеў аднавіцца і праз тры гады стаў майстрам спорту. А вось яшчэ адзін выпадак мужных паводзін, праўда, ужо з іншага віду: падчас паўфінальнага паядынку абласных спаборніцтваў па дзюдо Юра Антуновіч зламаў палец на назе. Трэнер прапанаваў яму зняцца, аднак хлопец нават чуць пра гэта не хацеў: выйшаў на фінальную схватку і выйграў “золата”!

Шлях да перамог не бывае простым. Многія памятаюць, у якіх спартанскіх умовах трэніраваліся раней прадстаўнікі адзінаборстваў, аднак хіба магло гэта спыніць вучняў С.Шэдзько? Яго паслядоўніца Вера Кіліна прыгадала, што ў вучняў быў любімы “трэнажор” – аўтамабільны балон, які выкарыстоўвалі ў якасці батута для напрацоўкі акрабатычных навыкаў.
Не хопіць цэлай старонкі, каб расказаць пра дасягненні ўшацкіх армрэстлінгістаў і гіравікоў, якія прывезлі з чэмпіянатаў Еўропы і свету 20 медалёў! Аддзяленне падрыхтавала 12 майстроў спорту і каля 30 КМС. Былыя выхаванцы і зараз з удзячнасцю прыгадваюць трэнера І.Клімашэўскага.

А колькі пакаленняў футбалістаў выхавала спартшкола! Андрэй Лодзіс у свой час гуляў за беларускую “маладзёжку”, Сяргей Кіслы быў капітанам зборнай юнакоў краіны да 17 год, Таня Логінава ўваходзіла ў склад жаночай нацыянальнай каманды. Падрыхтавалі іх шчыра захопленыя футболам трэнеры В.Лук’яненка і П.Варатынскі. Памятаю, як пасля кожнага турніру Віктар Аляксандравіч прыходзіў у рэдакцыю і літаральна патрабаваў прыгадаць у заметцы ўсіх юных ігракоў каманды – маўляў, гэта будзе для іх стымулам. Выхаванцы расказваюць, што ён пастаянна вазіў іх на ўласнай машыне з трэніровак, якія праходзілі ў зале лясгаса. В.Лук’яненка, дарэчы, прыехаў на юбілей любімай установы аж з

Магілёўшчыны, дзе зараз пражывае.
Нельга перабольшыць і заслугі Пятра Юльянавіча, стаж работы якога ў спартыўнай сферы складае 44 гады! Апроч футбола ён навучаў ушацкіх дзяцей лёгкай атлетыцы, валейболу, ну а зараз рыхтуе чэмпіёнаў па кулявой стральбе.

Прыемна, што поплеч з вопытнымі выкладчыкамі ва ўстанове працуюць і маладыя трэнеры. І паказваюць добрыя вынікі: напрыклад, радуюць перамогамі юныя плыўцы, трэніруе якіх Вікторыя Аноп.

Усе гэтыя і іншыя выкладчыкі, а таксама работнікі, якія забяспечваюць дзейнасць Ушацкай СДЮШАР, падчас урачыстасці атрымалі сваю порцыю ўвагі.
Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў павіншаваў прысутных ад імя раённай улады і ўручыў адпаведныя ўзнагароды. Падзякі ўпраўлення спорту аблвыканкама атрымалі трэнеры Ігар Коршун, Святлана і Раман Фядосенкі, галоўны спецыяліст сектара спорту райвыканкама Вадзім Рубанік. Шэраг работнікаў адзначаны Граматамі і Падзякамі Віцебскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза і сектара спорту Ушацкага райвыканкама. Узняліся на сцэну за кветкамі, сувенірамі і апладысментамі ветэраны ўстановы. У сваю чаргу, школа атрымала каштоўныя падарункі ад “Белай Русі” і Сяргея Фаміна. Атмасферу свята расквецілі яркія канцэртныя нумары ў выкананні культработнікаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *