В Ушачах прошёл традиционный День призывника

Общество

У нашым раёне склалася добрая традыцыя – ладзіць для хлопцаў, якія адпраўляюцца на тэрміновую службу, запамінальную ўрачыстасць.

Нязменнае правіла – пачынаць падобную імпрэзу з ушанавання памяці герояў, якія аддалі сваё жыццё, абараняючы нашу незалежнасць. Пачэсная місія – прайсці ўздоўж шарэнгі таварышаў і ўскласці вянок да падножжа помніка загінуўшым воінам і партызанам – сёлета была даручана Максіму Малаку і Дзмітрыю Адамовічу. Пасля хвіліны маўчання прысутныя накіраваліся ў храм святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры, каб атрымаць благаславенне на службу.

Урачыстае ўручэнне павестак праходзіла ў раённым цэнтры культуры. Пра тое, што вайсковая служба – неабходная справа для сапраўдных мужчын, а армія правярае, на што кожны з хлопцаў варты, – казалі навабранцам намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў і начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Дзмітрый Заікін.

Павесткі ў гэты дзень атрымаў 21 юнак. Большасць з іх накіруюцца ў вучэбны цэнтр у Барысаве. Таксама ўшацкія прадстаўнікі будуць служыць на граніцы ў вайсковых часцях Мазыра і Смаргоні, паветрана-дэсантных і войсках спецыяльнага прызначэння. У апошнія, напрыклад, адправяцца Павел Станкевіч і Ілья Каваленка. А вось Дзяніс Давыдаў, які працуе па мэтавым накіраванні ва УП “Сафійскія дары”, будзе праходзіць службу ў рэзерве.

Сярод прызыўнікоў ёсць і ўчарашнія школьнікі, і маладыя людзі, якія ўжо атрымалі прафесію – набытыя раней навыкі некаторым спратрэбяцца ў арміі.
Хочацца пажадаць хлопцам, каб тэрміновая служба прайшла для іх хутка і карысна, а матулям – сустрэць іх дома больш дарослымі, умелымі і загартаванымі.

Анастасія ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *