Традиционный женский турнир по волейболу, посвящённый Дню матери, прошёл в Ушачах и получился представительным и интересным

Cпорт

Традыцыйны жаночы турнір па валейболе, прысвечаны Дню маці, зноў атрымаўся прадстаўнічым. У яго арганізацыі аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, як заўсёды, дапамагала Галіна Аляксандраўна Ігнатовіч. Капітан “Вікторыі” не толькі выстаўляе на турніры зборную каманду, а і дзякуючы сваёй камунікабельнасці, гульнявым і сяброўскім сувязям запрашае ва Ушачы саперніц з суседніх рэгіёнаў, дзякуючы чаму спаборніцтвы набываюць міжраённы ўзровень.

Прыняўшы ўдзел у турніры, прысвечаным Дню Незалежнасці краіны, жаночая зборная Лепельскага раёна была ўражана яго арганізацыяй. Таму з задавальненнем прыехалі да нас і ў нядзелю. У спартыўнай зале Ушацкай школы ўжо разміналіся пастаянныя ўдзельнікі спаборніцтваў – каманды гаспадароў пляцоўкі з вучаніц і педагогаў, райспажыўтаварыства і “Вікторыя”, а пятай дружынай стала зборная аграгарадка Ільюшына, аснову якой склалі школьніцы пад кіраўніцтвам настаўніка фізкультуры Віктара Іванавіча Акулёнка, а ўзмацніла іх былая выпускніца Марыя Алексяёнак – маладая маці пасля перапынку зноў прыняла ўдзел у турніры.

Дзеля любімай гульні ахвяруюць часам, манікюрам, хатнімі справамі і многія іншыя валейбалісткі. Каб дапамагчы сяброўкам дастойна згуляць, малых дзетак родным і знаёмым пакінулі ўдзельнікі каманды Ушацкай школы Святлана Краснова і Анастасія Геут, зборнай Лепельскага раёна Аксана Шалак – дзве апошнія дзяўчыны прызнаны лепшымі ў складзе сваіх дружын. А ў самага вопытнага іграка “Вікторыі” і ўсяго турніру Антаніны Аркадзьеўны Крывапушчанкі ў нядзелю быў Дзень нараджэння, ды нават клопаты па падрыхтоўцы яго святкавання не прымусілі яе застацца дома. Не магла жанчына падвесці “Вікторыю”, бо каманда адчувала кадравы “дэфіцыт”: два яе ігракі на гэты раз аказаліся на процілеглым баку сеткі – работнікі райспажыўтаварыства Таццяна Хрыпель і Алеся Ермаковіч выступалі за ведамасную каманду. Зрэшты, Антаніна Аркадзьеўна наўрад ці пашкадавала аб сваім выбары, бо атрымала заслужаныя віншаванні ад арганізатараў, сябровак па камандзе, саперніц і балельшчыкаў.

Т.Хрыпель заслужана стала лепшым іграком сваёй каманды – на апошні сілавы ўдар выводзілі ў асноўным яе. Улічваючы, што ў аднакругавым турніры кожнай камандзе давялося згуляць па чатыры сустрэчы, гэта сур’ёзная нагрузка нават для моладзі, але капітан дружыны кааператараў добраахвотна ўзваліла на сябе лідарскую ношу: “Паспрабуй не згуляць на яе!” – пачуў ад запасных ігракоў каманды, калі асцярожна пацікавіўся, ці не залішне яны нагружаюць свайго капітана.

І хоць Таццяна практычна не памылялася, на другой палове пляцоўкі таксама былі не дылетанты. Высокі ўзровень гульні паказала “Вікторыя”, якая не прайграла ніводнай партыі, правяла турнір на адным дыханні і стала пераможцам. У складзе каманды ўдала дзейнічалі Віка Камінская, Валерыя Карэйша, выдатна вяла гульню і неаднойчы хітрымі пераводамі мяча і складанымі падачамі ставіла саперніц у тупік А.Крывапушчанка, “на вышыні” была і капітан Г.Ігнатовіч. Але нават на іх высокім узроўні моцна выглядалі калегі па камандзе Марыя Баратынская і Ганна Аніковіч. “Яны б і ў гульнях мужчын не згубіліся!” – захапляліся гульнёй гледачы. І хоць некаторыя называлі гэтых дзяўчат “легіянерамі”, але гэта не зусім так. Навапалачанка Г.Аніковіч часта наведвае Ушачы – адсюль родам яе малады чалавек. А М.Баратынская хоць і працуе зараз у Полацку, але кубліцкая, разам з агульнаадукацыйнай прайшла там і добрую валейбольную “школу”.

У выдатных валейбалістак абяцаюць вырасці і ільюшынскія дзесяцікласніцы Элеанора Карабань і Крысціна Гвоздзева, іншыя ўдзельніцы гэтай юнай каманды. Іх паядынак з больш вопытнымі саперніцамі са зборнай Лепеля стаў па сутнасці гульнёй за другое­трэцяе месца. І трэба было бачыць, як радаваліся заваяванай ва ўпартай барацьбе перамозе нашы суседзі­лепяльчанкі. Іх капітан, намеснік дырэктара мясцовага фізкультурна-­аздараўленчага комплексу Наталля Кажухоўская літаральна “рассыпалася” ў кампліментах ільюшынскім школьніцам: “Вельмі моцная каманда, якой крыху не хапае вопыту і самавалодання! У нашай зборнай у асноўным узроставыя ігракі, а вось такіх маладых талентаў, як дзяўчаты з вашага аграгарадка, на змену нам на гарызонце, на жаль, не бачна”. У складзе ільюшынскай каманды выступаў і самы юны ігрок, Таццяна Маккавеева, якая таксама была адзначана арганізатарамі турніру.

Дзякуючы выдзеленаму ААТ “Ільюшынскі” транспарту зусім юныя спартсменкі з аграгарадка забяспечылі сваім старшакласніцам звонкагалосую падтрымку. Большай яна была толькі ў гаспадынь пляцоўкі – каманды Ушацкай школы, якая свой “галоўны” матч за чацвёртае­-пятае месца прайграла камандзе райспажыўтаварыства і замкнула выніковы пратакол. Дзяўчаты кідаліся за кожным мячом, і паядынкі з імі ні для каго не станавіліся лёгкімі.

А, напэўна, самы гарачы прыхільнік быў у “Вікторыі” і персанальна ў Валерыі Карэйшы – яе дзядуля Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец. І нават лепельчанкі не засталіся без падтрымкі. У перапынках паміж партыямі за іх падыходзілі “хварэць” землякі-­шахматысты – у нядзелю ва Ушацкай школе быў спартыўны дзень, бо паралельна з валейбольным праходзіў і міжраённы шахматны турнір.

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў узнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Старшыня ФСК “Ураджай” Дзмітрый Пятровіч Дрозд павіншаваў жанчын з Днём маці, дзякаваў ім за цікавыя гульні і запрасіў да ўдзелу ў новых турнірах. А ў тым, што яны неўзабаве адбудуцца, запэўнівалі прадстаўнікі ўсіх каманд­удзельніц – многія ўжо паспелі пасябраваць, сапернічаюць толькі на спартыўнай пляцоўцы, а спаборніцтвы выкарыстоўваюць як выдатную магчымасць сустрэцца яшчэ раз.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *