На районной спартакиаде среди трудовых коллективов в ФОК «Юность-Ушачи» было по-настоящему жарко

Cпорт

У суботу на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы” прайшла раённая спартакіяда сярод працоўных калектываў. За апошнія пяць гадоў яе смела можна назваць самай масавай: аб сваім удзеле заявілі 14 каманд, а калі ўлічыць, што многія з іх былі аб’яднаныя, то на комплекс завіталі прадстаўнікі 22 прадпрыемстваў і арганізацый.

Дыгатлон: паядынак паміж С.Лабёнкам і М.Шуком.

На пастраенні каманд удалых стартаў жадаў удзельнікам старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі. Пачалася ж праграма спартакіяды з гімнастыкі. Мужчынам традыцыйна трэба было паказаць свой спрыт у падцягванні на перакладзіне. У барацьбе за перамогу ўлічвалася не толькі колькасць зробленых практыкаванняў, а і ўзроставы каэфіцыент, бо ў зале сабраліся ўдзельнікі ад 20 да 54 гадоў. Не сумняваючыся, каманда выратавальнікаў выставіла на гэты від Віталя Баркоўскага – з году ў год хлопец на спартакіядзе ў падцягванні ўваходзіць у тройку мацнейшых, сёлета зноў стаў пераможцам, падцягнуўшыся 27 разоў. Толькі на два разы менш – Віталь Жогаль з аб’яднанай каманды аддзялення па ахове аб’ектаў і рэдакцыі, аднак заняў трэці радок пратакола, бо другое месца дасталася Аляксандру Гарадко з Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства – у свае 54 гады ён падцягнуўся аж 22 разы! Такому выніку здзіўляліся многія. “Здаровы лад жыцця і абавязковая зарадка штодня – усё проста. Хоць і з’яўляюся прыхільнікам спорту, аднак вельмі даўно не ўдзельнічаў у падобных спаборніцтвах. Шчыра кажучы, атрымаў вялікую асалоду ад мерапрыемства, з задавальненнем пахварэў за калег, якія выкладваліся ў іншых відах”, – адзначыў мужчына.

А.Гарадко, І.Долгая.

Жанчыны тым часам адціскаліся ад лаўкі. Фаварытам тут прадказальна была Ірына Цітова з Ушацкай школы, да яе рэкорду ў 70 разоў было далёка ўсім астатнім удзельніцам. Другой стала Ірына Долгая з Ушацкага філіяла, а трэцяе месца заняла Ганна Кандрацкая з каманды райвыканкама. Зрабіўшы адцісканні, прадстаўніцы каманд адзначалі, што гэта лёгка толькі з пазіцыі назіральнікаў, а на справе патрэбна моц у руках. А яшчэ дадалі, што адцісканні ў праграме спартакіяды можна было б замяніць на больш жаночыя віды кшталту планкі, практыкаванняў на прэс ці скачкоў на скакалцы.

Хоць у дартсе могуць прымаць удзел як жанчыны, так і мужчыны, прадстаўнікоў моцнай паловы ў гэтым відзе было значна больш. Максімальную колькасць ачкоў удалося набраць Аляксандру Тарасеню з Ушацкай школы, другой стала не навічок у дартсе – прадстаўніца Ушацкага філіяла Таццяна Хрыпель, трэцяе месца заняў Сяргей Камаркоў з аб’яднанай каманды аддзялення аховы і рэдакцыі.

У.Паўлавец.

Дарэчы, трапнасць давялося паказваць удзельнікам спартакіяды і ў кулявой стральбе, якая праходзіла паралельна ў ціры Ушацкай школы. Лепшымі стралкамі сталі Віктар Лёля з аб’яднанай каманды ЖКГ і ДРБУ-105 і Сяргей Клопаў са зборнай аддзела па адукацыі і цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый – абодва набралі па 44 ачкі, але па ўмовах спаборніцтваў занялі першае і другое месцы адпаведна. Трэцяе заваяваў Максім Кашко з каманды Ушацкай школы.

Заўсёды вялікую цікавасць выклікаюць спаборніцтвы на водных дарожках. На спартакіядзе міні-эстафету на 25-метроўцы пачыналі жанчыны, пасля чаго на ўдвая большую дыстанцыю адпраўляліся мужчыны. Фаварытамі гэтага віду з’яўляліся Ушацкая школа, зборная выратавальнікаў і сацработнікаў. І сапраўды, зладжаныя дуэты Юліі Красілевіч і Андрэя Жаваранка, Ніны Коршун і Мікіты Аўласенкі паказалі хуткія секунды, але атрымалі адпаведна толькі другое і трэцяе месцы, бо іх апярэдзілі прадстаўнікі РАУС – малады эксперт Сняжана Гушчынская і начальнік райаддзела Віталь Карэнскі.

На старце эстафеты М.Баратынскі і А.Грыневіч.

Прыемна бачыць такое папаўненне ў палку высокаўзроўневых плыўцоў нашага раёна! А яшчэ тут будзе дарэчы сказаць некалькі слоў пра дастойны прыклад кіраўнікоў асобных арганізацый, якія актыўна далучыліся да спаборніцтваў. Некаторыя ж увогуле ўзялі на сябе нават па некалькі відаў: так, дырэктар УП ЖКГ Андрэй Сідзюк абараняў гонар каманды ў плаванні і падыманні гіры, у гэтым жа відзе, а таксама ў шашачным марафоне змагаўся начальнік аддзялення па ахове аб’ектаў Сяргей Пугачоў. Хоць і хапае зараз спраў па падрыхтоўцы да сяўбы ў кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, але знайшлі час для ўдзелу ў розных відах спартакіяды Сяргей Халімоненка, Васіль Хамёнак, Віктар Ладноў.

Самым відовішчным і масавым па колькасці балельшчыкаў традыцыйна стаў дыгатлон. Спрачаліся ў трэнажорнай зале за перамогу як навічкі, так і ўжо вопытныя ўдзельнікі. Моцна выглядалі Аляксей Полазаў і Сяргей Собаль. Неўпершыню прымаў удзел у дыгатлоне Міхаіл Шук, які выступаў за каманду райвыканкама. Сёлета ён адолеў многіх сапернікаў і стаў трэцім. Самая напружаная барацьба разгарнулася паміж Максімам Коршунам з лясгаса і Андрэем Агіевічам з каманды ЖКГ і ДРБУ-105, за якіх горача хварэлі як калегі, так і сем’і. І ўсё ж апошняму ўдалося вырваць перамогу.

А.Апёнак, Д.Кучаронак.

Шмат гледачоў сабраў і гіравы спорт. Па ўмовах спаборніцтваў каманды павінны былі выставіць па тры ўдзельнікі ў розных вагавых катэгорыях – да 70 кілаграмаў, звыш 70 і звыш 90, якія падымалі гіру ў 24 кг, вынік усёй тройкі складваўся ў агульную скарбонку. Некаторыя зборныя нават не змаглі знайсці на гэты складаны від ніводнага ўдзельніка, за што ў дадатак да апошніх месцаў атрымалі яшчэ і штрафныя ачкі. Не было трох гіравікоў у каманды ААТ “Ільюшынскі”: на памост выйшаў толькі Аляксей Базылеў, які падняў гіру 61 раз – некаторыя каманды дасягалі такога выніку трыма ўдзельнікамі. Сяргей Лабёнак і Сяргей Пугачоў з аддзялення па ахове аб’ектаў удваіх адстойвалі гонар сваёй каманды і здолелі набраць ачкоў, якіх хапіла на чацвёртае месца. Удваіх змагаліся і Дзмітрый Баратынскі з Сяргеем Ціханёнкам з каманды райвыканкама, апошні змог падняць гіру аж 75 разоў і з улікам узроставага каэфіцыенту вывесці каманду на трэцяе месца. У складзе лясгасаўскіх асілкаў выступалі Аляксей Апёнак, Ігар Ардынскі і Васіль Цярэшчанка, якія занялі другое месца. А роўных у гіравым спорце ў гэты дзень не аказалася выратавальнікам, яны адарваліся ад другога і трэцяга месца на цэлую сотню ачкоў: Дзмітрый Кучаронак стаў рэкардсменам, падняўшы гіру 79 разоў, Міхаіл Ярмош зрабіў гэта 60 разоў, а Віталь Баркоўскі – 61. Дарэчы, за дзень да раённай спартакіяды апошні абараняў гонар Ушацкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях на спаборніцтвах па гіравым спорце сярод супрацоўнікаў МНС вобласці і ў вагавой катэгорыі да 70 кілаграмаў стаў лепшым.

Даўжэй за ўсё ішла барацьба ў самым ціхім відзе спорту – шашках. Балельшчыкаў тут было нямнога – не кожны вытрымае назіраць за доўгімі партыямі ды і лепш не перашкаджаць шашыстам абдумваць хады. Абсалютная перамога тут дасталася Ігару Шышко з райвыканкама, другі радок пратакола заняў Аляксей Клачок са зборнай кааператараў і сувязістаў, трэцяе месца ў Валерыя Секана з аб’яднанай каманды камунальнікаў і дарожнікаў.

Адціскаецца А.Цітова.

А вось у настольным тэнісе чатырнаццаць пар згодна выцягнутых нумароў апынуліся ў чатырох падгрупах па 4 і 3 каманды адпаведна – з кожнай за выхад у паўфінал выбіралася па адной. Пашчасціла тым, у каго было менш сапернікаў, як, напрыклад, камандам “Ільюшынскага”, райвыканкама і Ушацкага філіяла. Але гэта не азначала, што прабіліся слабыя. Матчы за 1-3 месца прадэманстравалі майстэрства прадстаўнікоў з першай каманды ў складзе Віктара Леўшыка і Алены Пятко, у выніку сельгасарганізацыя трапіла на п’едэстал. У групе “В” апынуліся моцныя прадстаўнікі з аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, міліцыі і бальніцы. Ні аднаго сэту не прайграў Аляксандр Бабенка, які змагаўся за апошнюю арганізацыю. А перамога выратавальнікам даставалася ў выніку трэцяй гульні: калі пасля сустрэч мужчын і жанчын аказвалася нічыя, тады за тэнісным сталом стаяла па чатыры ігракі. Дарэчы, такія баталіі можна было назіраць літаральна ў кожнай падгрупе. Зацягвалася барацьба паміж “Маяком-Ушацкім” і аб’яднанай камандай “Глыбачан”, “Селішча” і “Дземенца”, а таксама паміж апошняй і дуэтам з ДРБУ-105 і камунгаса. У групе “А” самымі моцнымі аказаліся Андрэй Дзмітрыеў і Наталля Селявёнак з лясгаса, якія абышлі тэнісістаў з аддзела адукацыі, Ушацкай і Арэхаўскай школ і занялі другое месца.

Увогуле літаральна кожная каманда адшукала людзей, якія “на ты” з ракеткай. Дзе адбывалася першае знаёмства? Пераважна ў школе, як для прадстаўніцы райвыканкама, ураджэнкі Вялікіх Долец Святланы Акулёнак ці медсястры паліклінікі Ілоны Буйневіч з Сорзава. Калі яе былы настаўнік Кубліцкай школы і адзін з суддзяў спаборніцтваў Валерый Корань расказваў пра сваю вучаніцу, зазначыў, што яна ў свой час перамагала на раёне сярод школьнікаў. “Напэўна, тады вялікадальчане не ўдзельнічалі?” – перапыталася Крысціна Карзянок з РАНС. Яна была адзінай, хто не прайграў ніводнай партыі – ні ў паядынках з жанчынамі, ні ў пары з Алегам Крыскевічам. Менавіта выратавальнікі сталі абсалютнымі чэмпіёнамі ў гэтым відзе.

Раённае аб’яднанне прафсаюзаў традыцыйна падрыхтавала два спецыяльныя прызы для самага старэйшага і юнага ўдзельнікаў. Іх уладальнікамі сталі Віктар Леўшык і Сяргей Глінскі.

Завяршальным, вельмі ды­намічным і, напэўна, самым маладзёжным відам праграмы стала лёгкаатлетычная эстафета: два хлопцы і адна дзяўчына з кожнай каманды павінны былі як мага хутчэй прабегчы чатыры кругі па перыметры гульнявой залы. І хоць задача здавалася няхітрай, не ўсе змаглі правільна размеркаваць сілы і максімальна захаваць хуткасць на віражах. Найлепш гэта ўдалося зладжанаму трыа з Ушацкай школы ў складзе Святланы Красновай, Уладзіміра Хамёнка і Паўла Паршонка. На паўтары секунды адсталі ад іх Крысціна Шастакова, Мікіта Сямчонак і Андрэй Раманоўскі з РАНС і ТЦСАН, бронзавы вынік у прадстаўнікоў райаддзела міліцыі. Трэба сказаць, што гэты від аказаўся і адным з самых відовішчных: трыбуны актыўна падганялі спрынтараў і з гумарам рэагавалі на тое, калі ўдзельнікі аднаго з забегаў паімчалі на лішні круг. А ў паўзах на старт выйшлі дзеці, якія таксама паспрабавалі свае сілы на дыстанцыі і нават атрымалі салодкія прызы.

Многія каманды яшчэ да пачатку стартаў лічыліся фаварытамі і пацвердзілі свой статус. Але былі і такія, хто стаў адкрыццём спартакіяды. Сярод іх, напрыклад, аб’яднаная каманда Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства і раённага вузла электрасувязі. Было прыемна назіраць, як горача спартсмены падтрымлівалі адзін аднаго, як старанна змагаліся за кожнае ачко. Як вынік – тры “срэбра” ў асобных дысцыплінах і агульнае пятае месца. “У нас вялікая арганізацыя, і многія работнікі, што працуюць у розных падраздзяленнях, амаль не перасякаюцца, – зазначае лідар каманды Ірына Долгая. – Гэтыя ж старты сталі добрай нагодай, каб сабрацца разам. Вось, напрыклад, у эстафеце бягуць наш эканаміст Лёша Грыневыч і будаўнік Жэня Барысёнак, і спаборніцтвы згуртавалі гэтых маладых спецыялістаў адзінай мэтай”. Хоць ніколі не спрабаваў сябе ва ўзняцці гіры работнік кацельні філіяла Аляксей Сіротка, але адгукнуўся на просьбу каманды і выступіў у адной з трох вагавых катэгорый: узняў снарад 21 раз. Канечне, вынік не рэкордны, але дастойны для дэбютанта ды і каштоўныя ачкі ў агульную скарбонку прынёс. Вельмі натхніла маладога чалавека падтрымка сям’і: пахварэць за Аляксея прыйшла жонка Яўгенія, дзеці Маша і Рома.

Да цырымоніі ўзнагароджання мнагалюдна было каля стэнда з вынікамі па відах спорту, удзельнікі суміравалі свае ачкі, ацэньваючы шансы на перамогу. У выніку трэцяе месца на раённай спартакіядзе заняла каманда Ушацкай школы. Усяго на 0,5 ачка апярэдзіла гэты калектыў аб’яднаная каманда выратавальнікаў і ТЦСАН. Дарэчы, менавіта паміж імі штогод разгортвалася напружаная барацьба за п’едэстал. Ну а пераможцам сёлета нечакана для ўсіх стала аб’яднаная каманда УП ЖКГ і ДРБУ-105. Трэба было бачыць, як шчыра прадстаўнікі гэтых калектываў радаваліся перамозе: не было сумнення, што і ў наступны раз яны абавязкова выйдуць на старт. Зрэшты, многія разыходзіліся дадому з думкамі, што да будучай спартакіяды патрэніруюцца і прыйдуць палепшыць свой вынік. Тым больш што ў нас для гэтага ёсць цудоўная спартыўная база, якой зайздросцяць нават у буйных гарадах.

Вольга КАМАРКОВА, Наталля БАГДАНОВІЧ,
Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *