Последние две недели стали насыщенными для ушачских спортсменов

Cпорт

У халодныя восеньскія дні гарачыя спартыўныя баталіі з адкрытых пляцовак перамясціліся ў памяшканні. Апошнія два тыдні для ўшацкіх спартсменаў былі насычаныя – яны прымалі ўдзел у спаборніцтвах па розных відах спорту і дабіваліся поспеху на турнірах ад раённага да абласнога ўзроўню.

Сярод лепшых шахматыстаў

Ушачы паступова становяцца адным з рэгіянальных цэнтраў вобласці па шахматах. Турніры па самым інтэлектуальным відзе спорту арганізуюцца з зайздроснай перыядычнасцю, акрамя нашых збіраюць за чорна­белымі дошкамі і моцных шахматыстаў з суседніх раёнаў. У спаборніцтвах, якія прайшлі два тыдні таму, прымалі ўдзел каманды Ушацкага, Лепельскага, Глыбоцкага і Бешанковіцкага раёнаў. Усяго за перамогу змагалася звыш 20 спартсменаў. Сярод лепшых – прадстаўнік нашай каманды і пастаянны ўдзельнік падобных турніраў Аляксандр Крацёнак, які заняў трэцяе месца. Другім стаў Андрэй Ліля з Глыбоччыны, а перамогу зноў заваяваў Яўген Мудры: уладальнік гучнага прозвішча з Лепельскага раёна выйграў тры з чатырох апошніх спаборніцтваў, якія праводзіліся ва Ушачах. Зрабіць гэта ў чарговы раз яму будзе складаней – 6 лістапада ў турніры на базе школы плануюць прыняць удзел каманды з шасці раёнаў Віцебшчыны, сур’ёзна рыхтуюцца да паядынкаў і ўшацкія аматары шахмат.

Россып медалёў

прывезлі з абласных спаборніцтваў сярод дзіцяча­юнацкіх спартыўных школ выхаванцы аддзялення кулявой стральбы Ушацкай ДЮСШ. З 27 узнагарод ушачане заваявалі звыш паловы – 14. У вінтовачнікаў Таццяна Казлова стала пераможцам у стральбе стоячы, Арцём Крывец выйграў комплексную стральбу і быў другім у стральбе лежачы. Тры другія месцы ў розных практыкаваннях заняла Валерыя Стуканава. Срэбраным прызёрам у стральбе з пісталета стаў і Уладзімір Бутоўскі. Неаднаразовымі прызёрамі спаборніцтваў былі Аляксандр Пашкевіч і Даніла Чумакоў.

А.Крывец, У.Бутоўскі выканалі нарматыў першага дарослага разраду, і на бягучы момант яго маюць тры выхаванцы Ушацкай ДЮСШ – на папярэдніх стартах першаразрадніцай стала В.Стуканава.

Д.РАМАНОЎСКІ.

Спаборніцтвы па кулявой стральбе

пройдуць на базе ціра Ушацкай СШ 5 лістапада. Памерацца сіламі змогуць каманды ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый, нават невялікіх, паколькі ў складзе каманды павінна быць тры стралкі, не менш аднаго з якіх – жанчына. Магчымы і ўдзел зборных каманд. Стральба з пнеўматычнай вінтоўкі на адлегласці 10 метраў седзячы, з апорай локцяў на стол. Тры пробныя і пяць заліковых выстралаў. Можна ўдзельнічаць і са сваёй зброяй.

Заяўкі прымаюцца не пазней 4 лістапада ў ФСК “Ураджай” па факсе 2­70­40 ці на электронны адрас: fksit­ushachi@yandex.by.

На высокім узроўні

Услед за жаночым валейбольным турнірам, у мінулую суботу да сеткі ў спартыўнай зале лясгаса выйшлі мужчынскія каманды. Спаборніцтвы моцнай паловы ў адрозненні ад мінулых гадоў атрымаліся больш прадстаўнічымі, бо ўзрасла колькасць каманд­удзельніц, пашырылася геаграфія.

Моцную каманду ўраджэнцаў Кубліч сабраў Сяргей Харашкевіч. За Ушацкую школу гулялі старшакласнікі, але аснову каманды склалі выпускнікі. А вось у склад каманды аграгарадка Ільюшына ўваходзілі ў асноўным школьнікі, якіх узмацнілі былыя выпускнікі Артур Кулянок і Ілья Міхейка. Зладжаную гульну паказала зборная Лепельскага раёна, што яшчэ больш павысіла ўзровень турніру. Ніводная каманда не прайшла па яго дыстанцыі без страт – нават зборная “Эскадрон”, многія ігракі якой раз у тыдзень збіраюцца на трэніроўкі ў спартыўнай зале лясгаса. Яны перамаглі лепельчан, але прайгралі кубліцкім валейбалістам, якія ў сваю чаргу не справіліся з камандай суседняга раёна. У выніковым пратаколе тры каманды набралі аднолькавую колькасць ачкоў і толькі па колькасці выйграных партый лепшай стала наша “зборная”: Антон Пінчук, Андрэй Скарабагаты, Андрэй Казьянін, Алег Апёнак, Васіль Раманоўскі, браты Віктар і Уладзімір Балабоўкі. Срэбра – у лепельскіх валейбалістаў, бронза – у кублічан.

Акрамя камандных дыпломаў і кубкаў, індывідуальнымі прызамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама адзначаны і лепшыя ігракі кожнай з каманд. У складзе кубліцкіх валейбалістаў ім стаў С.Харашкевіч, ільюшынскіх – А.Кулянок. Мацнейшым сярод прадстаўнікоў Ушацкай школы прызнаны А.Жыткоў. Яно і не дзіўна, бо хлопец з’яўляецца студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і набывае прафесію трэнера па валейболе. А ў складзе пераможцаў адзначаны адразу два ўдзельнікі – А.Апёнак і А.Казьянін.

Д.ДРОЗД, старшыня ФСК “Ураджай”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *