На прыпынку ў Баяршчыне прытармазіў школьны аўтобус. Шасцігадовыя Аліна і Валера хуценька пакінулі салон і радасна кінуліся да сустракаўшай іх жанчыны, а пасля абдымкаў пачалі наперабой дзяліцца навінамі. “Цёця Люда, глядзіце, гэта – наш дом!” – горда паказвала ёй свой малюнак дзяўчынка, а хлопчык радасна дэманстраваў маленькую чырвоную машынку, якую падарыў яму вадзіцель аўтобуса.
Гэтых малышоў сям’я Людмілы і Алега Крывёнкаў узяла на выхаванне каля года таму, бо родныя бацькі па пэўных прычынах не здольныя выконваць свае абавязкі. За гэты час дзеці адаптаваліся і шмат чаму навучыліся: у Алінкі добра атрымліваецца запраўляць ложак, Валера дапамагае прыбіраць пакой, абое пад кіраўніцтвам Людмілы Іванаўны старанна вывучаюць лічбы і літары. Вясёлыя, у прыгожых новых касцюмчыках – проста немагчыма было без замілавання назіраць за такой цёплай сямейнай сцэнай.
Зрэшты, прыемныя моманты гэтага вечара толькі пачыналіся! На сядзібу завіталі госці – супрацоўнікі Ушацкага РАУС, якія дасталі з багажніка службовай машыны… новенькі веласіпед.
Гісторыя гэтага падарунка даволі незвычайная. У адзін з дзён інспектар ДПС старшы лейтэнант міліцыі Ціхан Апенчанка патруляваў вуліцы райцэнтра і выявіў парушэнне правілаў дарожнага руху. Вадзіцель, які яго дапусціў, прайсці ў аўтамабіль ДАІ адмовіўся, стаў аказваць супраціўленне і абразіў супрацоўніка пры выкананні ім службовых абавязкаў. У выніку на грамадзяніна быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, а таксама пададзена іскавая заява ў суд аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды і ўзбуджана грамадзянская справа. Правапарушальнік добраахвотна заплаціў спагнаную судом суму, на якую супрацоўнік ДАІ набыў падарунак для дзяцей, што выхоўваюцца ў прыёмнай сям’і.
“Да гэтага ў нас быў адзін веласіпед, на які дзеці садзіліся па чарзе, ну а цяпер змогуць катацца разам. Вялікі вам дзякуй!” – не хавала пазітыўных эмоцый Людміла Іванаўна. Тым часам Аліна з Валерам паспелі бліжэй пазнаёміцца з “дзядзем Ціханам” і з яго дапамогай апрабоўвалі новы транспарт.
“Было вельмі прыемна выканаць добрую місію і, канечне, мы плануем працягваць практыку падобных дабрачынных акцый, – падкрэсліў намеснік начальніка Ушацкага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Лісоўскі. – Ну а ўдзельнікам дарожнага руху хочам нагадаць, што непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, прымяненне фізічнай сілы, абраза пры выкананні службовых абавязкаў – сур’ёзныя правапарушэнні, якія могуць пацягнуць за сабой не толькі адміністрацыйную, а і крымінальную адказнасць. Кантралюйце свае эмоцыі, а сілы лепш накіроўвайце на добрыя справы”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

