Узнали, сколько медведей в ушачских лесах

Калейдоскоп

У восеньскую грыбную пару нават аматары ціхага палявання баяцца наведваць лес, каб не сустрэцца з мядзведзем. У сродках масавай інфармацыі паўтараюцца паведамленні аб тым, што менавіта на Віцебшчыне сканцэнтравана 80 працэнтаў ад іх агульнай колькасці па краіне. Ці варта палохацца бурых і што робіцца, каб скараціць папуляцыю, мы пацікавіліся ў начальніка Ушацкай паляўнічай гаспадаркі Полацкай міжраённай структуры БТПР В.А.ШУЛЬГІ.

– Вадзім Аляксандравіч, ці вядома колькасць мядзведзяў на тэрыторыі Ушацкага раёна і ці запланаваны іх адстрэл?
– Так, зараз 34 дарослыя асобіны, хаця, зразумела, жывёла перамяшчаецца і лічба можа мяняцца, аднак на вялізную лясную тэрыторыю раёна гэта няшмат. Што датычыцца адстрэлу, то на гэты год мы маем тры ліцэнзіі на здабычу мядзведзяў. Неаднойчы рабіліся спробы палявання, якія пакуль безвыніковыя. Зараз выспела кукуруза, і мы робім засады ля такіх палёў, што часткова спрашчае задачу. Аднак гэта вельмі хітры звер, які імкнецца абмінуць чалавека. Больш таго, у адрозненне ад кабана, які не зыходзіць з аўсянага ці кукурузнага поля, пакуль там ёсць ежа, мядзведзь не трымаецца за адно месца. Таму нават калі мы высачылі аб’ект, бачым яго ў цеплавізар (палюем ноччу), калі пад’язджаюць паляўнічыя з дазволам на адстрэл, звер проста знікае. Зразумела, не кранаем самак з малымі.

– Адстрэл вядуць паляўнічыя Ушаччыны?
– Не. Пуцёўкі разыгрываюцца асаблівым конкурсам – выпадковым падборам лічбаў – і выдаецца ўсяго дзве на выхадныя дні па ўсёй Беларусі. У нашым раёне за гэты час былі людзі з Астраўца, Бярозы, Кармы. Адлегласць, як бачыце, немалая.

– Мядзведзяў часта бачаць і блізка ад населеных пунктаў, прычым, не адзін дзень.
– У гэтым часткова павінны самі жыхары. Касалапыя, як вядома, усёедныя: жалудоў, ягад, яблыкаў хапае і ў лесе, і ля вёсак, дзе людзі ўстройваюць звалкі з жывёльнымі і расліннымі адходамі – па сутнасці, прыманьваюць звяроў.

– Многія, напэўна, напужаны паведамленнямі аб чалавечых ахвярах у Расіі. Што трэба рабіць для сваёй бяспекі?
– За 23 гады маёй паляўнічай практыкі я ні разу не бачыў, каб мядзведзь кінуўся на чалавека. Ён пачуе вас раней, чым вы яго заўважыце, і паспрабуе размінуцца. Тым больш у яго няма падстаў нападаць на людзей восенню, калі не трэба здабываць ежу, як пасля зімовай спячкі. Аднак, усё ж асцярожнасць не будзе лішняй. Калі сустрэлі мядзведзя, не бяжыце – уцячы ўсё роўна не атрымаецца, ён здольны рухацца з хуткасцю 70 кіламетраў у гадзіну! Адыходзіць ад жывёлы – без рэзкіх рухаў, крокам – варта толькі тады, калі ён не глядзіць. Нельга паварочвацца да звера спіной. Адпудзіць мядзведзя крык ці моцны шум, напрыклад, стук аб ствол дрэва.

Гутарыла Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *