Спартакіяда калектываў

Cпорт Общество

 

шашкіP1140595Трыццаць дзве каманды супраць дваццаці дзевяці ў мінулым годзе! 256 толькі непасрэдных удзельнікаў, а плюс яшчэ балельшчыкі як з арганізацый, так і з сямей. “Якасны скачок! –так ахарактарызаваў мерапрыемства начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму С.І.Ціханёнак. І гэта на справе так, паколькі мэта спаборніцтваў – не рэкорды, а масавы ўдзел, далучэнне да здаровага ладу жыцця шырокага колу ўшачан. А самае каштоўнае, што даводзілася “падслухаць” у кулуарах: “Усё, пачынаю займацца і на наступны год…” Нават калі палова, няхай нават трэць сённяшніх удзельнікаў сапраўды пачне паляпшаць уласныя вынікі – гэта якасны рывок наперад.

 

– Ну мне і пашчасціла, – не стрымаў воклічу Яўген Казачонак, калі ўбачыў саперніка. Уладзімір Магілін і ростам, і вагой, пэўна, пераўзыходзіў удвая. Аднак, Яўген не разгубіўся і перамог. У дыгатлоне не ўлічваецца ні ўзрост, ні вагавая катэгорыя. Таму і мерыліся сілай рук малады і пажылы, высокі і нізкі. Тут спрабаваў сілы і самы старэйшы ўдзельнік спартакіяды Сяргей Лявонавіч Крышнёў. Мабыць таму самым азартным і прыцягальным для гледачоў па-ранейшаму застаецца гэты непрадказальны від. Вось і лідэрам сёлета стаў “цёмны конік” – новы работнік ДРБУ-105 Павел Майло, які літаральна вырваў перамогу ў мінулагодняга прызёра з лясгаса Максіма Коршуна.

А вось у гіравым спорце не было нічога непрадказальнага, можна сказаць, асабістае першынство двух сапернікаў, настолькі адрываюцца ад меней падрыхтаваных “ігракоў” Уладзімір Аўдошка з “Беларусбанка” (114) і Дзмітрый Лёля (107) з аддзела па надзвычайных сітуацыях. Трэцяе месца, падняўшы гіру ў двух відах 90 разоў, заняў Сяргей Васілеўскі з РВЭС. І зусім не спрабаваў сябе ў гэтым відзе Дзмітрый Кучаронак, аднак так стараўся, што не змаглі яму не даць прыз сімпатый гледачоў.

З вялікім адрывам нават без узроставага каэфіцыенту выйшла Алена Апёнак з райгаза. Пераможца апошніх гадоў па гімнастыцы зрабіла 45 адцісканняў. Сярод мужчын мацнейшым аказаўся Алег Крыскевіч з аддзела па надзвычайных сітуацыях, які набраў 27 ачкоў. У стральбе ж самым меткім (41 ачко) аказаўся Дзмітрый Врублеўскі з КУСГП “Арэхаўна”, на адно саступіў яму Віктар Сяргееў з ПУП “Сарочына”.

Самым небяспечным відам удзельнікі называлі шашкі. Мабыць і мелі рацыю. Такое напружанне трымалася за дошкамі ні хвіліну і не дзве, ніхто не жадаў саступаць. А самымі разумнымі спартсменамі на гэты раз аказаліся Мікалай Шчукін з АТП №6, Віталь Клімашэўскі з Вяркудскай СШ і Андрэй Мялешка з райгаза.

Назіраючы, як абступілі стэнд з вынікамі ўдзельнікі, пераканалася, што абыякавых тут не было. Ды і падчас паядынкаў гэта яскрава праглядалася. Падбадзёрванні, падказкі (не ў шашках, канечне). Асабліва калі гэта эстафета на лыжах, адрэзкі невялікія і ўсе навідавоку.

І аб чым могуць сказаць усяго тры прызавыя месцы сярод 32 каманд. Толькі аб тым, як складана трапіць у тройку лідэраў і што аб’яднаная каманда аддзела па надзвычайных сітуацыях і інспекцыі па падатках і зборах сапраўды мацней усіх. Сёлета яны падымалі сцяг на адкрыцці спартакіяды, і летась, і на наступны год будуць таксама. Бо і сёлета другія ў лыжнай эстафеце і падыманні гіры, чацвёртыя ў гімнастыцы і шостыя ў стральбе, самае горшае іх месца – 16, таму і набралі найлепшую суму месцаў. Сярэбраныя пераможцы – каманда аддзела адукацыі на першыя пазіцыі не вырывалася, усе прадстаўнікі “адстраляліся кучна” ад трэцяга па стральбе (В.Акулёнак) да восьмага па дыгатлону, і толькі шашкі адцягнулі назад – 24 месца. Ну а здзівіла ўсіх каманда Вяркудскай школы. Упершыню прымалі ўдзел – і трэцяе каманднае месца, прадстаўніца іх каманды Тамара Міронька атрымала і прыз за волю да перамогі. А ўвогуле вынікі гэтай каманды вельмі падобныя на лідэраў – два другіх месцы, два чацвёртых, 19 і 24, а срэбраным прызёрам яны саступілі толькі 1 ачко.

Каманду райгаза ад бронзы аддзяляе ўсяго 10 балаў. Выдатна выступілі сёлета каманды сельгаспрадпрыемстваў. Акрамя таго, што ўдзельнічала больш мінулагодняга – пяць гаспадарак з дзесяці, дык і якія месцы яны занялі: КУСГП “Арэхаўна” – 5, “Вялікадолецкае” – 7, ПУП “Сарочына” – 8, “Кублічы” – 13.

З кубкамі, медалямі і галоўнае, настроем пакідалі спартсмены актавую залу Ушацкай школы. І намерам з заўтрашняга дня пачаць трэніравацца.

В.КАРАЛЕНКА

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *