Ушачанка Оксана Шевченко — лауреат областной премии имени Героя Советского Союза Зинаиды Туснолобовой-Марченко

Главное Общество

На Дзень маці на Прыдзвінні традыцыйна праходзіць узнагароджанне лаўрэатаў прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. Яна заснавана Віцебскім аблвыканкамам у 2003 годзе і ўручаецца за высокі маральны прыклад у выхаванні дзяцей і ўмацаванні інстытута сям’і. Спіс 600 лаўрэатак мінулых гадоў сёлета папоўніўся яшчэ 24 прозвішчамі, сярод якіх і ўшачанка Аксана Фёдараўна Шаўчэнка.

“Вы асабліва адзначце, што без яе ў калектыве не праходзіць ніводнае мерапрыемства: турзлёт – значыць яна іграе ў валейбол, творчы конкурс – на выставе абавязкова торты і падзелкі, у тым ліку і дачкі Ані, на велапрабегі ўжо і не шукаем іншых кандыдатур. Заўзяты кветкавод – заўсёды дзеліцца расадай для азелянення нашай тэрыторыі. Галоўнае, што Аксана ніколі не адмовіць, не будзе шукаць прычын, чаму не, хоць магла б – у мнагадзетнай мамы клопатаў зашмат, асабліва ў выхадныя”, – намеснік дырэктара ТЦСАН Вольга

Ізмайловіч дапаўняла ўсю нашу гутарку, каб сціплая лаўрэатка нечага не ўтаіла.

Усяму калектыву было вельмі прыемна, што ў ліку ўзнагароджаных аказалася іх супрацоўніца – галоўны рухавік маленькага сямейнага сусвету і актыўны вінцік грамадскага жыцця калектыву.

Такой яна была заўжды, нават калі вучылася ў Плінскай школе. Яе сям’я таксама з мнагадзетных, Аксана ведала, як цяжка было бацькам, таму не думала, што сама пагадзіцца на траіх. Вось і будавацца Шаўчэнкі пачыналі без асаблівага размаху, на пазыку банка, калі нарадзілася толькі старэйшая Аня. А зараз зазначаюць, што нават калі б было пяцёра, нічога ў сямейным укладзе не змянілася б. “Наша вуліца Лабанка – маладая, расце шмат аднагодак, якія разам гуляюць і выносяць з дому ўсе лахарцікі, а пяку я часта і ў вялікай колькасці, калег люблю пачаставаць. Гатую гарбату з самых розных раслін. Ніколі не бывае ў нас і купленых тартоў – за мной гэта страва і калі адзначаем святы. А іх зашмат, паколькі з каледжа сябрую з дзвюма аднакурсніцамі і на Новы год нас мінімум 14 чалавек – 6 дарослых і 8 дзяцей. Яго сустракаем па чарзе ў Лепелі, Ушачах і Глыбокім, а 8 Сакавіка – толькі ў апошнім горадзе – напярэдадні дзень нараджэння сяброўкі, муж якой бярэ ўсе клопаты на сябе. У нас заўсёды так весела, з мноствам конкурсаў, што дзяцей не ўкласці спаць. Вялікай кампаніяй і вандруем па Беларусі, – расказвае Аксана. – Многія спачуваюць мне, маўляў, як гэта клапотна, а для нас – зусім не, бо ўсё робім разам. Клёцкі – заўсёды за мужам. Гатаваць можа нават 10-гадовы Іван”.

Каб не падумалі, што Шаўчэнкі толькі забаўляюцца, раскажам пра асноўнага памочніка. Ваня па ўласнай ініцыятыве частуе родных гарачымі бутэрбродамі, нядаўна здзівіў шакаладнымі аладкамі. Убачыў рэцэпт у інстаграме і зацікавіўся. Штодня ў яго ёсць абавязковыя задачы, не выканаўшы якія, не пойдзе гуляць – сябры добра ведаюць гэта і не спакушаюць. Ён ужо ўмее касіць, піліць, і нават будаваць, паколькі заўсёды побач з бацькам. Рукасты вадзіцель электрасетак Аляксей Уладзіміравіч Шаўчэнка амаль усё і ў доме рабіў сам, і вакол яго. Многа сіл заняла распрацоўка няроўнага пустыра, на якім зараз агарод, вялікая сажалка і зона адпачынку з драўляным гамаком, альтанкай з арэлямі, каменнымі кветніцамі. Пліткай выкладзены не толькі парадная частка двара, а і ўтульная тыльная – да градак і клумб падыходзіш па дарожках. Акрамя традыцыйнай агародніны тут вялізную частку займаюць клубніцы і кветкі.

Сямейны капітал і субсідыя для мнагадзетных дапамаглі скасаваць большую частку пазыкі на дом, хоць будоўля працягваецца ўжо 13 гадоў: у хуткай перспектыве лазня, няма пакуль і агароджы, што робіць сядзібу адкрытай зонай адпачынку і для суседскіх дзяцей.

Яны, дарэчы, таксама вельмі гаспадарлівыя. Дарослыя пэўны час не маглі зразумець, куды знікаюць інструмент, цвікі і новыя дошкі – а гэта юная грамада ўзвяла ў кустах дабротны “шалаш”, нават з дзвярыма на замку.

Выхаванне дзяцей у іх сям’і – традыцыйнае: на ўласным прыкладзе і з абавязкамі па доме. Дзяўчынкі разам з маці полюць і прыбіраюць, нават шасцігадовая Ева цеста раскатвае. Аня, якой 14, добра вяжа – навука бабулі Ірыны, яе вырабы нават прадаюцца на розных выставах. Мае яна ўжо і працоўную кніжку – улетку даглядала прысядзібны ўчастак школы і ТЦСАНа. Дзеці маюць уласныя грошы і, як гаворыцца – ведаюць ім кошт, не транжыраць, а прадумана збіраюць, Ваня, напрыклад, набыў сабе тэлефон і зараз копіць на веласіпед. Пры гэтым абсалютна шчодрыя, падзеляцца апошнім, і не толькі паміж сабой. Старэйшыя ходзяць у школу мастацтваў – выбар музычных інструментаў паў на гітару і баян, наведваць спартыўныя секцыі і басейн. Сабраўшыся разам за вячэрай, яна дзеляцца навінамі і могуць смела падсумаваць, што дзень напоўнены карыснымі справамі – значыць пражыты не дарэмна. На жаль, далёка не кожны з маладых людзей можа пахваліцца, што не лянуецца, умее працаваць і разлічваць на сябе, а не на ману з нябёсаў. Шаўчэнкі – удалы прыклад сям’і, маленькае святло якой злучаецца з падобнымі і робіць моцнай нацыю, сагравае ўвесь сусвет.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *