Ко Дню матери районная организация Белорусского союза женщин приготовила подарки для ушачанок, которые в этом году впервые стали мамами

Общество

Да Дня маці раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын падрыхтавала падарункі для ўшачанак, якія сёлета ўпершыню сталі мамамі. Актывісты арганізацыі і яе старшыня Дзіна Садоўская пабывалі ў сем’ях, павіншавалі матуль і татаў, распыталі, як яны адчуваюць сябе ў бацькоўскім статусе.

Так, жыхарка райцэнтра Таццяна Кранга з новай роллю асвоілася ўвогуле без праблем, што натуральна, бо да дэкрэтнага адпачынку паўтара года адпрацавала ў дзіцячым садку №4. А дагэтуль скончыла ўніверсітэт з чырвоным дыпломам! Маладая мама, дарэчы, паспела і да суполкі БСЖ далучыцца.

“Магчыма, хутка ўжо і на работу вернецеся? Мы вельмі чакаем!” – зазначыла актывістка арганізацыі і намеснік загадчыка названай дашкольнай установы Вольга Тычына. “Спяшацца не буду: сама ж у малодшай групе працавала і бачыла, як складана адаптавацца зусім маленькім, ды і выхавальнікам з імі цяжка, – усміхнулася Таццяна. – Дзяржава наша недарэмна трохгадовы тэрмін матулям для догляду вызначыла”.

А яе сынок Мірон тым часам вырашыў уразіць гасцей сваімі ўменнямі: паказаў, як жвава поўзае, а потым устаў на ножкі і радасна ўсміхнуўся. Маленькае сонейка, што напоўніла асаблівым сэнсам жыццё Тані і яе мужа Уладзіслава!

А святла і шчасця, канечне, многа не бывае, таму Дзіна Садоўская выказала спадзяванне, што на адным малышы яны не спыняцца.

Прыветліва сустрэў гасцей і маленькі жыхар Сарочына Данііл Фёдараў. Для яго мамы Кацярыны пасля нялёгкіх будняў аператара машыннага даення абавязкі матулі зусім не здаюцца натужлівымі. У аграрнай сферы працуе і галава сям’і Максім – ён электрык на мясцовым свінакомплексе. Таксама ў сельскай мясцовасці жыве маладая сям’я Дзіяны і Івана Капелька – госці з падарункамі завіталі да іх у вёску Заазер’е Вялікадолецкага сельсавета.

Дарэчы, аддзел ЗАГС таксама далучыўся да ініцыятывы: перадаў матулям памятныя прэзенты – прыгожыя вокладкі для пасведчанняў аб нараджэнні малых.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *