Самые оперативные! ОАО «Агро-селище» первыми выполнили госзаказ по сдаче зерна

Общество

Прычым, зрабілі гэта першымі не толькі ў нашым раёне, а і сярод трох дзясяткаў прадпрыемстваў Полацкага аграпрамысловага аб’яднання! Больш за тое, па аператыўных звестках, у вобласці нашых землякоў апярэдзіла толькі адна з верхнядзвінскіх арганізацый.

С.Плігаўка, С.Садоўскі.

Заданне селішчанцам было даведзена не надта вялікае: ім трэба было адправіць у дзяржаўныя засекі 50 тон пшаніцы і 180 – жыта. Аднак, вядома ж, планавыя лічбы для гаспадарак вызначаюцца прапарцыянальна занятым зерневымі плошчам – у “Агра-Селішчы” сёлета гэта 750 гектараў.

Учарашняй раніцай на мехдвары гаспадаркі, дзе радуюць вока залатыя ўзгоркі свежазмалочанага збожжа, адбылося прыемнае дзейства: ушанаваць лідараў прыехалі прадстаўнікі раённага кіраўніцтва. Дыплом, які засведчвае дасягненне, дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Аляксандравіч Плігаўка атрымаў з рук першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарча Сяргея Сяргеевіча Садоўскага. Гэта перамога стала прыкметнай у пакуль яшчэ непрацяглай кар’еры маладога агранома гаспадаркі Максіма Чарнабаева – румяны каравай, выраблены пекарамі Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, спецыялісту ўручыў намеснік старшыні райсельгасхарча Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў (на здымку). Віншаванні і словы падзякі пачулі і галоўныя аўтары пераможнага выніка – селішчанскія механізатары. Пахмурнае ранішняе надвор’е адклала выезд у поле, і работнікі займаліся наладкай тэхнікі. На сёлетнім жніве ў гаспадарцы працуюць чатыры камбайны: разам з “Палессямі” Алега Крывёнка, Генадзя Хадасевіча і Ільі Загародняга на палеткі выйшаў новы КЗС-1218, давераны нязменнаму ўдзельніку жніва Юрыю Юркевічу.

Прынамсі, гэта не першы сёлетні поспех селішчанцаў: раней яны здалі ў залік дзяржзаказу 50 тон высакаякаснага харчовага рапсу, які быў адпраўлены на Мінскі маргарынавы завод.

Што датычыцца іншых гаспадарак раёна, то ўжо блізкія да выканання дзяржаўнага заказу па збожжы “Маяк-Ушацкі” і “Дземенец”, а вось у “Глыбачанах” сітуацыя праблемная, бо моцная засуха паўплывала на якасць зерня і яго адпаведнасць стандартам.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *