Полвека в унисон. Секрет активного долголетия семьи Коробовых

Главное

У сямейнай пары Корабавых няма двухгалосся. Іх тэмбр гучыць ва ўнісон. І што адразу падкупляе – муж і жонка больш расказваюць не пра сябе, а адзін пра аднаго. “Ён вельмі любіць вучыцца, не дзве, а пяць вышэйшых адукацый мог бы лёгка атрымаць, усе дыпломныя работы – з адзнакай”, – гаворыць пра цягу да асабістага росту Уладзіміра Дзмітрыевіча Ніна Еўдакімаўна. “Яна ў нас – генератар ідэй, любое пачынанне павінна атрымаць яе згоду, – перабівае галава сям’і, а пасля невялікай паўзы дабаўляе. – Больш за ўсё баюся застацца без яе, настолькі гэта мой надзейны тыл”. І ўжо абодва падкрэсліваюць, што пражылі 51 год у сапраўднай згодзе, бо прыслухоўваюцца адзін да аднаго.

Нягледзячы на рознасць інтарэсаў, яны адзіныя ў галоўным – не могуць сядзець без справы. І нават добра разумеючы, што ім не патрэбна 10 сотак бульбы ці дзясятак кошыкаў цыбулі, карэкціруючы пасяўныя плошчы, тым не менш, раз за разам пакідаюць ранейшыя. Канечне, больш раздаюць, канечне, стамляюцца, аднак пагаджаюцца, што толькі рух працягвае іх жыццёвую актыўнасць. Летась звёўшы ўласную гаспадарку да мінімуму – трусоў і курэй, зноў мяркуюць набыць кабанчыка. Эксперыментуюць з сартамі, пародамі і абое пастаянна вучацца, адкрываючы нешта новае. “Пражыўшы 75 год, сёлета ўпершыню даведаўся, што грыбы могуць вырастаць за адну ноч. Мабыць, не ўсе, а вось рыжыкі дакладна, – кажа У.Корабаў. – Наогул вельмі люблю лес, бо ён падобны на людзей. Бачыш ля дзялянкі некалькі адзінокіх дрэў, і вось адно праз непрацяглы час ужо павалена бурай. Так і чалавек, калі не мае апоры. Радуюся прыгожаму баравіку, зразаю, а ён паедзены, і прыгадваю такіх вось, з чарвяточынай, людзей. Хаця ніколі не трымаю крыўды і перакананы, што добрых намнога больш. Да Радаўніцы мяркую скласці спіс тых, хто дапамагаў мне па жыцці, каб падаць у царкву запіску. Толькі з будаўніцтвам дома такіх шмат. Дошкі выдзеліў М.Бабаедаў, дапамог на нуль вывесці ўзровень пад гараж І.Роўба, металічныя вароты варыў Л.Мялешка… Найвышэйшай ацэнкай лічу стаўленне да цябе людзей, прыемна, калі з табой усе вітаюцца і памятаюць па імя”.

Лецішча”, “Рэзідэнцыя Валодзі”, “Стаміўся – адпачні” – гэта надпісы на драўляных дошчачках, зробленых гаспадаром, якімі пазначаны адрас дома і ўсе пабудовы. Уладзімір Дзмітрыевіч вельмі любіць займацца з дрэвам. І вось высока на дрэвах пасяліліся штучныя буслы, за агароджу вынесены паўкруглыя крэслы-лаўкі і купіны хостаў, а ў палісадзе і зараз разнаквецце вяргінь, рамонкаў, цыній. Кветкі, вышыўка – сфера інтарэсаў Ніны Еўдакімаўны. Муж дабаўляе, што яшчэ і кулінарыя. Сцены ва ўсіх пакоях завешаны карцінамі, у тым ліку і самаробнымі. Гаспадар шчыруе зараз над 17-й алмазнай вышыўкай. Гэта хобі на выпадак непагоды, паколькі ўвесь астатні час яму не трэба думаць, чым сябе заняць. Заядлы рыбак, сярод трафеяў якога шчупак вагой за 5 кілаграмаў і акунь на 1,2, аддае перавагу роднаму Вяркудскаму возеру. Два разы на тыдні абавязковыя рэпетыцыі ў хоры. Толькі другі год, як папоўніў рады народнага клуба “Ветэран”, а зараз ён адзіны мужчына-саліст і вельмі адказна ставіцца да адведзенай яму ролі. Не можа падвесці згуртаваны калектыў, а што датычыцца рэпертуару, то ў ім і патрыётыка, і рамансы, ёсць нават песня, з якой на раённай сцэне выступаў яшчэ у час працы майстрам па рамонце халадзільнікаў у райспажыўтаварыстве. Там пачынала працаваць і Ніна з далецкага Заазер’я, вось і пазнаёміліся. Як двум работнікам гандлю, калектыў выдзеліў маладым для набыцця камплект шчытавога дома – і пачалі будавацца на даволі праблемнай нізіне па Ніжненабярэжнай.

Яны вельмі рэдка клічуць некага на дапамогу, спраўляюцца самі, тым больш што і Ніне Еўдакімаўне, якая вырасла ў шматдзетнай сям’і, па плячы многія мужчынскія работы. Яна ж ініцыіруе ўсе дамашнія задумы, хаця муж, інжынер-энергетык па другой адукацыі, прымяняе для гэта спецыфічнае слова – генерыруе. Так у доме з’явілася газавае ацяпленне і больш зручная перапланіроўка, палявыя работы дапамагае выконваць мотаблок, па ўсёй тэрыторыі пракладзены дарожкі.

Корабавы – вельмі адкрытыя кантактныя людзі. Паколькі абодва працавалі ў розных арганізацыях раёна – знаёмых у іх шмат. Уладзіміра Дзмітрыевіча ўшачане памятаюць як энергетыка лясгаса, кіраўніка “Райсельэнерга”, калгаса імя Кірава, інспектара энергазбыту. А адной з самых адказных і нервовазатратных аказалася выбарная пасада – ён узначаліў газавы кааператыў, які ў іх мікрараёне існаваў у выглядзе гаспадарчай будоўлі. Для людзей лепш, паколькі газ быў падведзены намнога танней, а вось старшыня круціўся як вавёрка, шукаючы транспарт, кампетэнтных работнікаў, закрываючы скаргі наконт гразкай дарогі, парваных кабеляў і мноства іншых нюансаў.

Ніна Еўдакімаўна на пенсію ішла з “Белаграпрамбанка”, адкуль ужо атрымала запрашэнне на Дзень пажылых людзей. Пойдзе і на раённы канцэрт, каб падтрымаць з залы мужа. Адна з яго сольных песень будзе ўтрымліваць такія словы: “Вот так и живём, не ждём тишины. Мы юности нашей как прежде верны.”

Так, гады нясуцца – летась адсвяткавалі залатое вяселле, 5 кастрычніка – 75 юбілей мужа, а жонцы ў чэрвені споўнілася 70. Аднак ці змяніліся нашы героі? Канечне, не.
Абаяльная Ніна Еўдакімаўна па-ранейшаму не прымяняе ніякай касметыкі і мае цвёрды, прынцыповы характар. Уладзімір Дзмітрыевіч хаця і не бярэ больш у рукі гітару і не ганяе па футбольным полі мяч, хоць у юнацтве ў складзе “Нёмана” выступаў у чэмпіянаце краіны, а потым гуляў за зборную раёна, аднак пракансультуе і сына, і ўнукаў. “Адчуваю вас сваім равеснікам”, – сказаў неяк яму зяць. Так, маладосць – гэта не ўзрост, а стан душы. І ў час пошуку герояў публікацыі да Дня пажылых мы невыпадкова спынілі выбар на актыўнай сям’і Корабавых.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *