Крывое, Вечалле, Оталава… Гэтыя славутыя водныя аб’екты сталі сапраўдным брэндам нашага краю. Але калі мы запыталіся, якое з дзвюх соцень ушацкіх азёр самае маляўнічае, загадчык сектара спорту райвыканкама Сяргей Ціханёнак назваў… невялічкае Гародна, што ў кубліцкім наваколлі. А чалавек ён кампетэнтны: доўгі час адказваў за развіццё турыстычнай сферы раёна і мае багаты вопыт падарожжаў па розных куточках Ушаччыны.
“Няўжо ні разу там не бывалі?! – адрэагаваў ён на маё здзіўленне. – Дык бярыце фотакамеру і гумавыя боты – якраз паспеем да захаду сонца”. Канечне, мясціны гэтыя вядомыя многім, але, напэўна, ёсць сярод чытачоў і тыя, хто пра іх не ведае, так што прапанова была прынята. Пакуль ехалі праз Селішча і Чарапоўшчыну, міма касцёла і панскай сядзібы, муры якіх і зараз захоўваюць былую велічнасць, Сяргей Іванавіч тлумачыў, што накіроўваемся мы ў цэнтр Кубліцкага ўзвышша, і з-за значнага перападу вышынь некаторыя характарызуюць гэтае месца метафарай “ушацкая Швейцарыя”. А ў бліжэйшых вёсках Гародна называюць “горным возерам”.
Каб злавіць у аб’ектыў прыгожыя кадры, трэба прайсці ад Белюкоўшчыны па лясной сцяжыне, што вядзе ўздоўж вадаёма. Тут мы натрапілі на буйны валун, які, па меркаванні даследчыкаў, быў калісьці часткай язычніцкага капішча. Дарэчы, ля гэтага каменю здымаўся адзін з эпізодаў дакументальнага праекта Белтэлерадыёкампаніі “Зямля беларуская”, які стваральнікі задумвалі, як своеасаблівую краязнаўчую энцыклапедыю краіны.
- Менавіта ў гэтым наваколлі знаходзіцца самая высокая кропка Кубліцкага ўзвышша і ўсёй Ушаччыны – месца ля вёскі Гушчынская Слабодка, што на 239 метраў вышэй узроўню мора.
А праз паўкіламетра нам ва ўсёй сваёй восеньскай прыгажосці адкрылася Гародна, у воднай гладзі якога адлюстроўваўся стромкі лясны схіл. Занатаваўшы яркія пейзажы, мы вырашылі на яго ўзняцца. Для гэтага давялося фарсіраваць ручай (вось для чаго былі патрэбны боты!), пераходзілі яго, як бывалыя турысты – па ствалах паваленых дрэў, з жардзінамі ў руках. Дарэчы, напаўняе ручай крыніца Саўчанкі, што ў дзвюх сотнях метраў ад возера, а назву яна атрымала ад былой вёскі, якая стаяла над ярам.
Узысці на гару праз лясныя зараснікі ды яшчэ ў хуткім тэмпе (а перапад вышынь тут каля ста метраў) – не так і лёгка, затое калі мы апынуліся ў самай высокай кропцы наваколля, адчулі ўражанні, якія прымушаюць вандроўцаў мяняць дамашні камфорт на экстрым турыстычных маршрутаў.
Літаральна кожны можа паўтарыць наша невялічкае падарожжа – каб даехаць да “горнага возера” з райцэнтра, спатрэбіцца ўсяго мінут 30-40. А можна здзейсніць і які-небудзь іншы паход па маляўнічай Ушаччыне. Як паведаміла нам дырэктар раённага турыстычнага цэнтра Дар’я Мілая, установай распрацаваны і абноўлены 26 маршрутаў па тэрыторыі раёна (10 – веласіпедных, 6 – пешых, 5 – водных, 2 – аўтамабільныя і 3 – камбінаваныя).
- Гародна звязана з імем нашага знакамітага земляка Васіля Быкава. Родная вёска пісьменніка Бычкі знаходзіцца ўсяго ў 1,4 кіламетра ад возера, і ў дзяцінстве ён бегаў сюды купацца, а пазней апісаў яго ў аўтабіяграфічнай кнізе “Доўгая дарога дадому”.
Да слова, “ушацкая Швейцарыя” ў свой час прыцягвала ўвагу інвестараў, якія разглядалі ідэю ўзвесці тут турыстычны комплекс. Відавочна, што рэалізацыя такой задумы патрабуе значых укладанняў. Аднак мы зусім не выключаем магчымасці, што калісьці падобны праект увасобіцца ў жыццё.
Наталля БАГДАНОВІЧ.



