1200 литров молока, принятых у населения Ушачского района, пришлось вылить из-за содержания в нём антибиотика

Личное подсобное хозяйство

1200 літраў малака з утрыманнем антыбіётыку аказаліся проста вылітымі, і некалькі дзён малаказборшчык у Дубраўку, Слабаду, Мосар, Вяркуды, Завячэлле і іншыя навакольныя вёскі проста не заязджаў. Без прыбытку засталося каля трыццаці чалавек, а больш за ўсіх пацярпела В.Л.Вальвачова з Дубраўкі, якая ў летні перыяд здае праз дзень каля двухсот літраў.

Акрамя радыкальных мер была створана спецыяльная камісія, якая праз некалькі дзён пасля інцыдэнту накіравалася па маршруце, дзе малако прымае ПУП “Сямёныч” – прадукцыю з кожнага падворка правяралі спецыяльнымі тэстамі. Дарэчы, толькі трэцяя частка людзей пагадзілася аплаціць іх кошт, бо літаральна кожны быў упэўнены ў чысціні сваёй прадукцыі.

Абурэннем наконт таго, што не прымаюцца меры да несумленных малаказдатчыкаў, сустрэла камісію і чарговая гаспадыня. Маўляў, з-за некага пазбаўляецца грошай, на якія так разлічвала. Калі ж тэст паказаў наяўнасць антыбіётыку менавіта ў яе малацэ, жанчына вельмі моцна расхвалявалася – як і астатнія гаспадары, яна была ўпэўнена ў якасці, паколькі не лячыла карову.

Як жа антыбіётык трапіў у малако? Высветлілася, што гаспадыня лячылася сама і віноўніцай браку стала ненаўмысна. Для гаення адкрытых ранак яна выкарыстоўвала стрэптацыд – распаўсюджаныя мазі і парашкі. А праз рукі і вымя антыбіётык трапіў у малако.

Літаральна ўсе апошнія факты, выяўленыя ў нашым раёне, сведчаць пра тое, што антыбіётык трапіў у малако не ад хворай жывёлы, а ад людзей. Гэты факт у чарговы раз паказаў, што прычына не ў тым, што нехта свядома псуе малако, а ў збегу абставін і ў тым, што малаказдатчыкі проста не надаюць патрэбнай увагі сур’ёзнасці пытання, ці падыходзяць да яго аднабока –  сочаць, каб падчас здачы малака не лячылася жывёла, і забываюць, што самі карыстаюцца сродкамі з утрыманнем антыбіётыку.

Не так даўно ветэрынарная станцыя высвятляла крыніцы з’яўлення прэпарата тэтрацыклінавай групы ў малацэ адной з гаспадарак. Антыбіётыкамі прыгаданай групы статкі не лячылі, а вось адна з даярак прыбягала да іх. Яна магла проста не вельмі добра памыць рукі пасля таго, як трымала ў іх таблетку. Гэтага аказалася дастаткова, хаця хто мог падумаць пра такое, улічваючы, што кароў дояць апаратамі і кантакт з вымем жывёлы мае месца толькі падчас мыцця ці масажу. Таму вельмі важна ведаць, што для таго, каб сапсаваць прадукцыю, хапае нават мікраскапічнай часткі антыбіётыку.

Як вырашыць гэту актуальную праблему? Канечне, можна перад зборам малака правяраць кожны слоік, аднак тэст каштуе дорага – 12,5 рубля. Калі іх будуць набываць гаспадары, то проста не будзе сэнсу здаваць малако, калі малаказборшчыкі – ніякай выгады прымаць прадукцыю…

Такім чынам, малочная праблема толькі на сумленні лю­дзей. Перад тым як падаіць карову, падумайце, ці лячыліся вы самі, ці давалі антыбіётыкі іншаму гадаванцу. Перастрахуйцеся, сумленна вытрымайце ўвесь перыяд вываду антыбіётыкаў з арганізму жывёлы, пракансультуйцеся з ветэрынарным урачом. Лепш не здаць, чым здаць тое, у якасці якога вы не ўпэўнены. На малочнакансервавых камбінатах робяць праверкі кожнай партыі, кожны дзень. І ўсім хочацца, каб малаказборшчык завітаў у вёску і ў наступны раз.

Л.МІХАЛЬ, галоўны спецыяліст райсельгасхарча.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *