На строящемся в Ушачах физкультурно-оздоровительном комплексе провели гидротехнические испытания бассейна и приступили к укладке керамической плитки

Общество

Яшчэ адзін адметны момант адбыўся на мінулым тыдні на будаўніцтве фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва” – басейн напоўнены вадой. Праўда, пакуль не для таго, каб прыняць наведвальнікаў, а каб правесці гідратэхнічныя выпрабаванні. На працягу трох сутак вада павінна стаяць у басейні і калі ўзровень не спадзе, яе зліюць і будаўнікі прыступяць да ўкладкі керамічнай пліткі.

У тым, што басейн герметычны, майстар па сантэхнічным абсталяванні ПМК-38 У.У.Батыгін упэўнены на 99,9 працэнта. Гэта не першы падобны аб’ект спецыялістаў з Глыбокага – яны ж узводзілі басейн у Расонах, сочаць за жыццём сваіх будынкаў і зацікаўлены, каб яны радавалі наведвальнікаў.

– Сумняваліся ў свой час наконт запаўняльнасці расонскага басейна, а колькі там зараз адпачываючых з Расіі! – разважае Уладзімір Уладзіміравіч. – З Глыбокага мы з дзецьмі плаваць ездзім у Докшыцы, а ў аквапарк – ажно ў Мінск. Калі б ва Ушачах удалося абсталяваць у басейне хаця б міні-аквапарк, канечне, прыязджалі б да вас. Тым больш што глыбіня дазваляе ўстанавіць горкі. А аб’ект у вас унушальны, нідзе паблізу няма такой вялікай гульнявой залы.

Дарэчы, апошняя будзе на гэтым тыдні поўнасцю гатова. Зараз ідзе мантаж універсальнага паркетнага пакрыцця для гульні ў валейбол, гандбол і іншыя камандныя віды спорту, а таксама сядзенняў для гледачоў.

Ну а прагнозы майстра збыліся – узровень вады не ўпаў ні на міліметр і на басейне прыступілі да заключнага, можна сказаць, касметычнага этапу работ.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *