
Ушацкая раённая бібліятэка імя Еўдакіі Лось адзначыць заўтра прыгожы юбілей. Вось ужо на працягу цэлага стагоддзя гэта ўстанова адчыняе для цікаўных і дапытлівых партал у захапляльны кніжны свет. Змяняюцца часы і пакаленні, а ў яе ўтульных залах мы па-ранейшаму знаходзім светач ведаў, шукаем зносіны з цікавымі людзьмі.
Гісторыя бібліятэкі вядзе адлік з далёкага 1926 года, калі на Ушаччыне пачалі адкрывацца школы і культурна-асветніцкія ўстановы. У першы час кнігі займалі тут толькі пару стэлажоў, аднак людзі вучыліся грамаце і цягнуліся да ведаў – колькасць чытачоў і выданняў прыбывала.
Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў для бібліятэкі вылучылі невялічкі пакойчык з некалькімі паліцамі і сталом. Ачаг культуры меў папулярнасць – штовечар тут збіраліся старшакласнікі і дарослыя. Вядома, што ў 1949-м у арсенале бібліятэкі было 3600 экзэмпляраў кніг, а праз 10 год яна справіла наваселле ў новым будынку, дзе размешчана і зараз. У 1957-м па выніках рэспубліканскага агляду ўстанове ўручылі Дыплом Міністэрства культуры з надпісам “Лепшай раённай бібліятэцы БССР”. У гэтыя часы ў нашым храме кнігі працавалі Марыя Спірыдовіч, Любоў Клопава, Зінаіда Лявонцьева, Таццяна Крахотка, Любоў Карабань і іншыя захопленыя сваёй прафесіяй людзі.
У 60-я на час скасавання раёна ўстанова атрымала статус гарпасялковай, а ў наступнае дзесяцігоддзе бібліятэчная справа развівалася на Ушаччыне асабліва бурна.
У 1970-м у раённай бібліятэцы налічвалася 40000 экзэмпляраў і 2000 чытачоў.
У 1977-м была арганізавана цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма з адзіным кніжным фондам, прычым на сяле тады было 35 бібліятэк-філіялаў, меліся яны і ў не вельмі вялікіх вёсках – Сорзаве, Пораўне, Рагуцкіх, Турасполлі… Дырэктарам ЦБС стала Ірына Урбан – сапраўдны энтузіяст бібліятэчнай справы і апантаны краязнаўца. Дарэчы, менавіта яна пачала складаць летапіс установы, збіраць дакументы, фотаздымкі, матэрыялы пра падзеі і работнікаў.

“Ірына Яўгенаўна лічыла вельмі важным захаваць для нашчадкаў гісторыю любімай установы, укладала ў гэта душу, і калі яна пайшла на заслужаны адпачынак, я вырашыла працягнуць годную справу”, – расказвае супрацоўнік бібліятэкі Ірына Станіславаўна Малак, якая напярэдадні юбілея ўстановы правяла разам з калегамі вялізную работу і аформіла некалькі цудоўных альбомаў, адлюстраваўшых слаўны векавы шлях установы і бібліятэчнай справы. Прывядзём яшчэ некалькі фактаў з гэтага летапісу.
Сярод кіраўнікоў бібліятэкі былі і прадстаўнікі моцнага полу. Так, у перыяд з 1970 па 1976 год яе ўзначальваў Мікалай Данілавіч Мацюх.
У 1978-м указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Ушацкай раённай бібліятэцы было прысвоена імя Еўдакіі Лось. У той час у раёне працавала 45 бібліятэчных работнікаў.
У 1988-м фонд ЦБС налічваў больш 300 тысяч экзэмпляраў. У 1993-м ушачан абслугоўвалі 16 перасоўных бібліятэк, якія прапаноўвалі кнігі ў райбальніцы, пажарнай часці, міліцыі, гасцініцы, паштовым аддзяленні і на іншых аб’ектах.
Сярод тых, хто прысвяціў жыццё бібліятэчнай справе, – Ганна Іванаўна Пахілка, Ларыса Фёдараўна Голуб, Зінаіда Яўгенаўна Жарнасек, Галіна Максімаўна Жаланкоўская, Тамара Фёдараўна Казачонак, Валянціна Уладзіміраўна Шчарбіцкая, Ніна Лукінічна Хвасціёнак, Фаіна Раманаўна Пятніца, Любоў Піліпаўна Захарэнка, Галіна Дзянісаўна Клемянцёнак, Людміла Міхайлаўна Апёнак, Святлана Ягораўна Каліцкая, Валянціна Васільеўна Сідаровіч, Надзея Восіпаўна Дунец, Фаіна Раманаўна Хамічонак, Валянціна Іванаўна Жаваранак, Яўгенія Сяргееўна Вітко, Ала Іванаўна Данілёнак, Зоя Пятроўна Таранда, Таццяна Браніславаўна Гарбаценка, Галіна Мікалаеўна Іванова, Людміла Міхайлаўна Клопава, Таццяна Дзмітрыеўна Сакалова і шэраг іншых дастойных работнікаў – пералічыць усіх, на жаль, не дазваляе газетная плошча.
Ну а раённая бібліятэка працягвае сваю гісторыю. Зараз гэта не толькі кніжныя фонды, якія, дарэчы, пастаянна папаўняюцца, а і пляцоўка для самых розных актыўнасцяў, цікавых сустрэч, дыспутаў, канцэртаў, выстаў. Тут укараняюцца сучасныя тэхналогіі, рэалізуюцца крэатыўныя праекты.
- Урачыстасць з нагоды юбілею ўстановы будзе ладзіцца 15 верасня ў 15.00 у раённым цэнтры культуры. Раздзяліць свята з любімай установай могуць усе жадаючыя.
Завяршыць жа гэты экскурс у гісторыю ўстановы хочацца словамі выконваючай абавязкі дырэктара Ушацкай ЦБС Людмілы Дунік: “Шчыра віншую ўсіх цяперашніх і былых бібліятэчных работнікаў Ушаччыны з прафесійным святам, а калектыў раённай бібліятэкі – з адметным юбілеем! Жадаю здароўя і дабрабыту, новых ідэй і здзяйсненняў, удзячных чытачоў і асалоды ад сваёй працы! Стагоддзе – гэта слаўны шлях, але ўсё цікавае і значнае ў нас яшчэ наперадзе!”
Наталля БАГДАНОВІЧ.
