Зимой — на лето, летом — на зиму. Санаторий «Лесные озёра» востребован в любое время!

Общество

“На навагоднія святы месцаў даўно няма, у лістападзе таксама заняты ўсе 215, у снежні распачнём ранняе браніраванне на лета і літаральна праз тыдзень катэджы акажуцца “заселенымі”. Больш за ўсё расійскіх адпачываючых прыязджае з Санкт-Пецярбурга, Масквы, Смаленска і Пскова…”, – начальнік сектара маркетынгу і рэгістрацыі Юлія Дунік можа скласці агульны партрэт гасцей здраўніцы і нават расказаць пра лёс асобных прыезджых. Чаго не ведае канкрэтна ў гэты момант – ці будуць яшчэ сёлета туры выхаднога дня. Хоць і паступаюць калектыўныя заяўкі, патэнцыяльным кліентам часта даводзіцца адмаўляць, паколькі гэта магчыма толькі пры наяўнасці вольных месцаў, а такое зрэдку бывае выключна ў міжсезонне.

Вяртаюцца ў месца сілы

Хоць завіталі ў санаторый у сераду – дзень аказаўся багатым на засяленне. У пацвярджэнне слоў маркетолага, першымі сапраўды сустракаем расіян – сяброўкі хоць і імкнуліся хутчэй вызваліцца ад сумак, аднак ахвотна паразмаўлялі і паведамілі, што прыехалі са Смаленска. Недалёкая адлегласць – адна з прычын, чаму выбіраюць нашу здраўніцу, і не толькі расіяне. Напрыклад, складаней стала дабірацца з Латвіі, але па-ранейшаму набіраюцца групы з гэтай краіны. А прыехаўшы аднойчы, для многіх утульныя спакойныя “Лясныя азёры” становяцца месцам сілы, наталіцца якой вяртаюцца кожны год. Гэтым летам я пазнаёмілася з сям’ёй з Санкт-Пецярбурга, якая адпачывала ў нашай здраўніцы 19 разоў! Але аказалася, што гэта не рэкорд. “Пара з гэтага ж горада гасціла ў нас мінімум 30 разоў, мабыць і больш, паколькі я працую 10, а засяляем іх кожную зіму, у красавіку і летам, – паведаміла Юлія Васільеўна. – А тры расіянкі адпачываюць штогод усё лета, адна з іх, самы сталы наш госць – ёй 92. Не толькі мы іх ведаем, але і паміж сабой сябруюць, хоць і з розных гарадоў. З ліпеня па верасень праводзіць у нас жанчына з Хабараўска, пасля вайны выхоўвалася ў Вашкове ў дзіцячым доме, вось і прыязджае як дамоў. Даволі рэдкія прадстаўнікі, напрыклад, Ізраіля, Азербайджана, Амерыкі, бывае, таксама выбіраюць наш санаторый, каб пабываць на малой радзіме. Але большасць едзе, бо ім тут падабаецца”.

Па вашых просьбах
Пацвярджэннем таму – пара з Мінска, якая тройчы на год адпачывае ў здраўніцах Беларусі, у нас зараз упершыню, але вырашыла вярнуцца і на Новы год. “Кажуць, на свята ў вас асабліва весела, абавязкова праверым”, – усміхаюцца Аляксандр Калдачоў і Ніна Коўшык. Жанчына паказвае здымкі з персанальнай выставы сваіх карцін, якую дэманстравалі ў санаторыі. Яго супрацоўнікі ідуць насустрач любым прапановам гасцей, а дзякуючы зваротнай сувязі паляпшаюцца паслугі. “Кожны з адпачыўшых атрымлівае анкеты, дзе ацэньвае нас і выказвае прапановы. Ёсць таксама водгукі на “Яндэкс” і “Google”. Любыя заўвагі мы абмяркоўваем на агульных сходах. Так, па просьбах нашых гасцей ва ўнутраным двары ўстанавілі вулічныя трэнажоры, эканоміцца час запісу на працэдуры праз адміністратара, а не па кабінетах, як раней. Няма больш рассяленняў непажаданых суседзяў – нават калі гэта льготныя пуцёўкі праз цэнтр аздараўлення, вы не акажацеся ў адным нумары з чужым чалавекам”, – расказвае пра перавагі здраўніцы Ю.Дунік. Кожны тыдзень яна падае культработнікам спісы імяніннікаў, якіх віншуюць пры ўсіх. Па просьбе іх ці блізкіх падказваюць, як заказаць торт ці букет, на Новы год рыхтуецца асаблівае шоу. Патрэбна асаблівая дыета – падберуць стравы нават для вегетарыянцаў, як і працэдуры. Калі планы змяніліся – перанясуць забраніраваны нумар на больш зручныя даты. Усё гэта патрабуе дадатковага часу, аднак тут робіцца ўсё, каб кожны пакінуў санаторый са станоўчымі эмоцыямі.

На навуковай аснове
Сярод пастаянных наведвальнікаў “Лясных азёр” і Людміла Бяляева – дэкан стаматалагічнага факультэта Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта, з якім сёлета заключылі дагавор аб супрацоўніцтве. У метадах рэабілітацыі і аздараўленні ў санаторыі даўно абапіраюцца на навуковы падыход і нават з’яўляюцца першапраходнікамі. За год укараняюць па некалькі новых працэдур і набываюць дадатковае абсталяванне. Спецыялісты здраўніцы толькі сёлета прынялі ўдзел у трох міжнародных форумах, у тым ліку медыцынскага абсталявання, дзе і сябе рэкламавалі, і набывалі дадатковы вопыт.
З мая гэтага года самыя запатрабаваныя кабінеты працуюць без выхадных і да 20 гадзін, што спрасціла задачу ўшачанам, многія з якіх аздараўліваюцца тут амбулаторна. Сярод самых запатрабаваных працэдур: ударнахвалевая тэрапія, інтэнсіўны магніт, магнітатурбатрон, гала-, карбоксітэрапія, іголкаўколванне, унутрывенны лазар, стаматалогія. Пра кожную з паслуг можна прачытаць на сайце санаторыя, пабачыць у “Інстаграме” і “ВКонтакте”. Рэкламуюць іх, здымаюць фота, відэа, расказваюць пра акцыі, скідкі, адказваюць на пытанні, прымаюць водгукі і афармляюць заяўкі таксама работнікі сектара маркетынгу. У ім на чале з Ю.Дунік працуюць маркетолагі Кацярына Раманоўская і Вольга Мядзведзева, адміністратары Алена Каваленка і Таццяна Гарноўская. І самым распаўсюджаным спосабам набыцця пуцёвак па-ранейшаму застаецца анлайн-браніраванне непасрэдна праз сайт здраўніцы.

Вольга Караленка.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *