Бизнес-леди и счастливая мама. Юлия Тарасевич успешно совмещает заботу о детях и ведение своего дела

Общество

Здавалася б, што можа паспець мама траіх дзетак у дэкрэтным адпачынку? “Вельмі многае, было б толькі жаданне!” – скажа вам Юлія Тарасевіч. Энергічная, з мяккай душой і цвёрдым характарам яна сумяшчае клопат аб дзецях, наладжванне сямейнага ачага і вядзенне ўласнага бізнесу. Пры ўсім гэтым, нягледзячы на імклівы рытм жыцця і пастаянную занятасць, выглядае не стомленай, а шчаслівай.
“Зрабі акцэнт на сабе!” Менавіта такі слоган Юлія ўдала падабрала для свайго магазіна “Акцэнт”. Ужо роўна год гандлёвая кропка прапаноўвае ўшачанкам розныя стыльныя аксесуары.
– Кожная жанчына хоча выглядаць прыгожа і менавіта біжутэрыя, шалі, акуляры, сумкі, парасоны і іншае надаюць іміджу разынку. Гэтая тэма мне блізкая, тое, у чым разбіраюся і да чаго ляжыць душа. Так і ўзнікла ідэя адкрыцця сваёй справы. Ну а тым больш побач было надзейнае плячо мужа Дзмітрыя, які таксама распачаў бізнес ва Ушачах, толькі ў аўтамабільнай сферы, – гаворыць Юлія.
Для старту пэўны час накоплівала грошы. Маючы за плячыма дыплом настаўніка замежнай мовы, займалася рэпетытарствам. Вельмі дарэчы аказалася і падтрымка дзяржавы ў выглядзе бязвыплатнай субсідыі на развіццё ўласнай справы. Пачынала ж спачатку ў Наваполацку, дзе хоць і больш пакупнікоў, аднак куды вышэй канкурэнцыя. Таму і вырашыла заняць нішу ў родных Ушачах. Працяглы час шукала падыходзячае для гандлёвай кропкі памяшканне, урэшце спыніўшыся на другім паверсе аўтастанцыі. Як і ў многіх пачынаючых прадпрымальнікаў, спачатку былі некаторыя цяжкасці, але паступова справа развівалася, напрацоўваўся аўтарытэт, кола пастаянных кліентаў.
– У рабоце для мяне важнейшыя складнікі – якасць і прывабны кошт. Адказна падыходжу да выбару тавару і за ім заўсёды адпраўляюся сама. Працую толькі з беларускімі пастаўшчыкамі і сертыфікаванай прадукцыяй, каб пакупнік меў гарантыю і магчымасць замены тавару. А яшчэ імкнуся не проста запоўніць паліцы, а каб у наведвальнікаў “Акцэнта” быў вялікі выбар. Не менш важная для мяне і эстэтыка, а таму старалася памяшканне зрабіць утульным, планую давесці яго да ідэала! – расказвае Ю.Тарасевіч.
Сапраўды, з гэтага магазіна жанчыне складана выйсці без пакупкі. Нельга прайсці міма арыгінальных касметычак, шаляў на любы густ, прыналежнасцей і аксесуараў для прычосак. Любімы водар духоў тут можна набыць нават на разліў, шмат тавараў ёсць і для маленькіх модніц. Каб зацікавіць прыгожую палову, “Акцэнт” рэкламуе тавар у сацыяльных сетках, пастаянна праводзіць розыгрышы і акцыі, а днямі запушчана і спецыяльная сістэма скідак – пастаянныя кліенты маюць магчымасць атрымліваць 10-працэнтную скідку. У перспектыве плануе ўвесці падарачныя сертыфікаты.
Зусім нядаўна Ю.Тарасевіч пашырыла бізнес, заняўшыся яшчэ адным блізкім ёй накірункам. Побач з “Акцэнтам” запрацаваў і “Свет цацак”. “ І для мяне самой гэта вельмі актуальна. Як маці добра ведаю, што патрэбна і што можа зацікавіць дзетак”, – адзначае Юлія.
Зрэшты, дзіву даешся, як усё паспявае мнагадзетная мама! Яна з лёгкасцю спраўляецца з трыма непаседамі, малодшаму з якіх яшчэ няма і годзіка. “Круціцца” паміж Наваполацкам і Ушачамі, маючы пакуль толькі аднаго прадаўца. Пры такой занятасці маладой жанчыне хапае яшчэ сіл і часу на любімыя хобі. Так, Юлія ўмее плесці афрыканскія коскі, нават прайшла спецыяльныя курсы і мае адпаведны сертыфікат майстра. А некалькі разоў на тыдзень увечары спяшаецца на трэніроўкі па сілавым стрэйчынгу.
Ва ўсіх пачынаннях яе заўсёды падтрымлівае любячая сям’я. З гэтага і складаецца простае жаночае шчасце.
Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *