В Ушачском районе прошел профсоюзный правовой прием

Общество

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прадаўжае практыку правядзення выязных прававых прыёмаў. 29 верасня жыхары ўсіх рэгіёнаў краіны маглі звярнуцца з пытаннямі працоўнага і асабістага характару да прафсаюзных юрыстаў. Ва Ушацкім раёне прававы прыём прайшоў на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Магчымасцю атрымаць прававую кансультацыю скарысталіся трое ўшачан. Адказвалі ж на пытанні прававы інспектар Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Галіна Зубрыцкая і памочнік пракурора Ушацкага раёна Вадзім Лісаў.

Адразу некалькі пытанняў датычыліся тэмы працоўных адпускоў. Іх графік складаецца загадзя, але што калі ўзнікае вострая неабходнасць пайсці ў адпачынак у іншы час? Калі водпуск можа быць перанесены ці падоўжаны? Інспектар патлумачыла, што гэта магчыма пры часовай непрацаздольнасці работніка, пры надыходзе тэрміну водпуску па цяжарнасці і родах, пры супадзенні працоўнага водпуску з адпачынкам у сувязі з навучаннем, у выпадках нявыплаты работніку ва ўстаноўлены тэрмін заработнай платы за час адпачынку і некаторых іншых выпадках, якія агаворваюцца артыкулам 171 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Калі ўзнікла неабходнасць перанесці водпуск па асабістых прычынах, зрабіць гэта можна са згоды наймальніка і адлюстраваўшы перанос у адпаведнай заяве.

Яшчэ адна заяўніца цікавілася, ці можна атрымаць выплату на аздараўленне, калі работнік не ідзе ў водпуск. Г.А.Зубрыцкая зазначыла, што гэта магчыма, калі такая ўмова агаворана ў калектыўным дагаворы. Як і дзяленне водпуска на тры часткі, але ёсць нюанс – адна з іх павінна быць не менш 14 дзён.

Задаваліся таксама пытанні наконт выплат і працаўладкавання. “Такая форма працы вельмі зручная як для саміх работнікаў, якія могуць атрымаць кансультацыю, практычна не адрываючыся ад працы, так і для прафсаюзных юрыстаў, якія аператыўна могуць зарыентавацца на месцы”, – падкрэсліла Г.А.Зубрыцкая, падводзячы вынікі прававога прыёму.

Таксама яна прыняла ўдзел у мерапрыемстве па прававой асвеце, якое было праведзена з работнікамі ТЦСАН і старшынямі пярвічак прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *