Заготовка кормов в ОАО «Ильюшинский»: качественно и в срок

Общество Сельское хозяйство

Летні сонечны дзень, цёплы ветрык даносіць пах свежаскошанай травы і ўжо падсушанага сена. Для кагосьці гэта час адпачынку, а вось для працаўнікоў сельскай гаспадаркі – напружаны час корманарыхтоўкі.
Накіроўваючыся ў ААТ “Ільюшынскі”, не сумнявалася ў тым, што там ідзе арганізаваная і зладжаная работа. Нездарма па тэмпах нарыхтоўкі кармоў гаспадарка на першым месцы, а прозвішчы многіх яе працаўнікоў пастаянна знаходзяцца на Дошцы гонару, зацверджанай у газеце “Патрыёт”. Хоць скасіць першым укосам неабходна 1110 гектараў – а гэта адно з самых вялікіх заданняў па раёне – удаецца ўтрымліваць лідзіруючыя пазіцыі: ужо скошаны 101 працэнт да плана. Каб забяспечыць амаль двухтысячнае пагалоўе жывёлы кармамі, зараз і неабходна вось так плённа працаваць. 
На полі каля невялікай вёскі Дудчына цішыню парушаў гул тэхнікі – ішлі кормаўборачныя камбайны, спяшаліся адвезці зялёную масу трактары, непадалёк працавалі касілка і граблі.

– Толькі сенажу нам неабходна нарыхтаваць 8660 тон, а яшчэ больш чатырохсот тон сена. Хоць у мінулым годзе травы былі лепшыя і кармавых адзінак за адпаведны перыяд было больш, мы поўнасцю забяспечым сябе неабходнай колькасцю кармоў, ужо закладзены сянажныя ямы ў Старым Сяле і побач з Ільюшынскім комплексам 4874 тоны, – расказвае старшыня гаспадаркі С.А.Халімоненка. – Летась амаль увесь корм быў закладзены першым класам, так стараемся зрабіць і сёлета – робім для сябе, а таму імкнёмся, каб усё было па тэхналогіі, каб атрымаўся якасны корм. У дзве змены працуе тэхніка на трамбоўцы.
А спраўляюцца з такімі высокімі задачамі ў “Ільюшынскім” дзякуючы руплівым працаўнікам, якія з ранку да вечара без выхадных за штурваламі трактароў у полі. Уладзімір Лёля і Уладзімір Мацішын на кормаўборачных камбайнах КВК-800 нарыхтавалі больш за дзве тысячы тон кожны. На адвозцы задзейнічана пяць адзінак, калі адвозяць на далёкія адлегласці, то ледзьве паспяваюць спраўляцца.
Прыемна адзначыць, што ў ліку пастаянных перадавікоў на розных сельскагаспадарчых работах не толькі ў межах гаспадаркі, але і ў раёне прадстаўнікі моладзі – Аляксандр Селезень на адвозцы, Дзмітрый Бурак на касьбе траў. 
Ну а любая сумленная праца, безумоўна, павінна быць заахвочана. Механізатары знаёмы з нормамі і расцэнкамі, ведаюць, колькі зарабілі за папярэдні дзень. Як і звычайна, у сельгаспрадпрыемстве ў час корманарыхтоўкі арганізавана ўнутрыгаспадарчае спаборніцтва, лепшыя атрымаюць грашовыя прэміі. Дарэчы, хутка ў “Ільюшынскім” будуць падведзены вынікі адразу дзвюх важных кампаній – пасяўной і корманарыхтоўчай, падчас мерапрыемства будуць адзначаны і ўзнагароджаны лепшыя работнікі. А ў пачатку чэрвеня дэлегацыя працаўнікоў з ААТ “Ільюшынскі” наведала выставу “Белагра” ў Мінску.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *