Степанида Устиновна Побойкина вырастила 11 детей

Общество

Масток з дошак, выкашаны двор, старая, але не пахілая хаціна, а ў ёй 96-гадовая бабулька. Жыве і жыве сабе. Некалькі гадоў назад ужо і цяжкае захворванне ўрачы прызналі, такі няпросты шлях прайшла, а вось далей і далей працягвае Бог яе дні, месяцы… І не проста так, напэўна. Ёсць за што гэтак узнагароджваць.
Сучасныя мамы баяцца клопату аб дзецях, у асноўным абмяжоўваюцца двума. А гэтая жанчына, Сцепаніда Усцінаўна Пабойкіна з Глыбачкі Глыбачэнскага сельсавета, адзінаццаць падняла на ногі, вывела ў жыццё.
Усё пачалося з таго, што ў аднавяскоўца Івана памерла жонка. Засталося чацвёра дзяцей, меншай дзяўчынцы было сем месяцаў, большаму – сёмы гадок. Тады сястра ўдаўца стала сватаць Сцепаніду, маўляў, ідзі за яго. І суседка, мудрая бабуля, параіла: ці так, ці так, усё роўна гаруеш у бацькоўскай сям’і, дзе бедната і сямёра дзяцей, дык у Івана хоць сама гаспадыняй будзеш. Так і пайшла дзяўчына за ўдаўца, стала матуляй чужым дзецям. Нараджаліся і свае. Сямёра з’явіліся на свет. Як цяпер прызнаецца, клопату хапала, але хужэйшае амаль што забылася.
Зразумела, праз столькі гадоў Сцепаніда Усцінаўна сваё маладое жыццё прыгадвае ў асноўным з аптымізмам, бо ўсё ёй было па плячы, нават у цяжкія моманты выходзіла са становішча. А самае складанае – гэта, канечне, вайна. Іван пайшоў у партызаны. Захопнікі наляцелі ў вёску, абрабавалі гаспадароў. У Пабойкіных усё асноўнае было нажыта: карова, парсюкі, куры. Гэта ўзялі, а пакуль конь заставаўся, Сцепаніда пагрузіла на павозку самае неабходнае, пасадзіла дзяцей і паехала наўцёкі ад немцаў. Аказалася ў матырынскім лесе.  
– Во дзе бяда, – прыгадвае жанчына. – Размясціліся на пнях. Халодна. Дзве дзяўчынкі былі яшчэ зусім маленькія, дык я іх у кажух закруціла. А Федзя, большы з усіх, канём кіраваў, калі ехалі. Такое перажыла, але ўсіх з сабой трымала, думала: паміраць, дык разам… Аднак пашчасціла: выжыла ўся сям’я ў тую ліхую гадзіну.
Пасля Вялікай Айчыннай Сцепаніда працавала ў паляводстве, а больш за дваццаць гадоў – даяркай. Ды так, што нават ордэнам “Знак пашаны” была ўзнагароджана ў 1966 годзе.
– У маіх кароў у стойле так чыста было, хоць пад імі спаць кладзіся, – прыгадвае жанчына. –А мы ж паілі жывёлу з вядзёр, даілі ўручную. У маёй групе было 32 каровы. Носіш, носіш ваду. Ад даення рукі балелі. І тры разы на дні прыходзілі на ферму спраўляцца… Але рады мы, даяркі, былі, што неяк паступова прыбаўлялі нам зарплату. У нас з Іванам дзеці падрасталі. Трымалі асабістую гаспадарку, таму есці было што.
Цяпер жанчына адна. Не хоча ісці да дзяцей, хоць у вёсцы і два сыны, дачка. Яна ў асноўным і даглядае маці. У хаце акуратна прыбрана, печ натоплена, на ёй бабуля грэе ногі. А доўгімі начамі і днямі ўсё лепшае прыгадвае. Напрыклад, як ездзіла на Украіну. Там Іванаў сын жыве, дык як самую родную сустрэў яе. Столькі радасці было для абаіх. Наогул, усе дзеці добра адносяцца да яе. Але ж самі пенсіянерамі ўжо зрабіліся, не кожны дабярэцца да маці, а каго ўжо і няма на гэтым свеце. Але 12 унукаў, 8 праўнукаў мае жанчына. Гэта радуе.
– Якая ваша самая галоўная мара? – пытаюся ў Сцепаніды Усцінаўны.
– А вось стану перад іконай і прашу, каб маіх дзетак, унукаў і праўнукаў не пакрыўдзілі і каб мне доўга ў ложку не ляжаць перад тым, як адысці. А пакуль што жыву, і добра.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *