Благодаря почтальону Наталье Могилиной жители деревни Мосар без посылок не останутся

Общество

Наталля Антонаўна Магіліна чакала нас ля аўтобуснага прыпынку ў Мосары. Менавіта з цэнтра вёскі і пачынаўся пятнічны маршрут паштальёна, які мы вырашылі прайсці разам: дарогай гутарылі, ды і на свае вочы бачылі, якія паслугі запатрабаваны на вёсцы.

Дом №2 па вуліцы Калгаснай – наша першая кропка. Брамку дагледжанай сядзібы адчыняе сімпатычная жанчына, якой і адрасавана вялікая пасылка. “Што ў ёй, калі не сакрэт?” – пытаюся ў яўна задаволенай кліенткі, якая не адказвае, а паварочвае каробку, і я магу прачытаць адпраўшчыка. Гэта кампанія, якая прапаноўвае адзенне беларускай вытворчасці, а аплата адбываецца па факце дастаўкі. Наталля Антонаўна набірае на апараце суму заказу, і кліентка прыкладае карту. “І не баіцеся памыліцца з памерам?” – распытваю ўладальніцу новай сукенкі. “Не першы раз карыстаюся рознымі інтэрнэт-пляцоўкамі, у тым ліку “Белпошты” рostmarket.by. Каталог з вялікім выбарам, танны кошт, лёгка падабраць, ды і вярнуць можна. Праўда, ні разу не давялося гэтага рабіць”, – рэкламуе паслугу паштавікоў жанчына, а Наталля Антонаўна пацвярджае, што гэты адрасат – яе пастаянны кліент.

Мы рухаемся далей, і Н.Магіліна тлумачыць, што паколькі ў вёсцы немагчыма набыць прамысловыя тавары – толькі першай неабходнасці ў магазіне – таму так запатрабавана паштовае абслугоўванне. “Насенне, посуд, бялізна, запчасткі – чаго толькі не заказваюць. Быў аднойчы нават задні мост да машыны. Такую пасылку не данесці, таму паведамляю заяўнікам, каб забіралі самастойна. І заўсёды прыгадваю перавагі рostmarket.by – пры неабходнасці кур’еры даставяць тавар да дома. Увогуле нашы кліенты не прайгралі ад таго, што няма стацыянарнага аддзялення, а толькі выйгралі. Перыёдыку і пенсіі я прыношу на дом, там жа аплачваюць і ўсе паслугі, забыліся аплаціць крэдыт – раблю гэта ў любы час, ды і пасылкі яны раней забіралі самі, а зараз, бачыце, таксама прыношу на ганак”.

Тым часам даходзім да наступнага адрасата. Настаўніцы прыйшло пісьмо, памерам больш падобнае на бандэроль. Не заказное, таму роспіс у атрыманні не патрэбны, аднак замінка з дастаўкай усё ж атрымалася: яно не змяшчалася ў паштовую скрыню. Наталля Антонаўна звязваецца па мабільным тэлефоне з кліенткай і дамаўляецца, куды пакласці незвычайны “ліст”. Паштальён, канечне, ведае нумары абсалютна ўсіх аднавяскоўцаў, што часта дапамагае ў абслугоўванні. Яны тэлефануюць Н.Магілінай у любы час, калі трэба выпісаць газеты, адправіць пісьмо, заказаць тавар. Вёска Мосар хоць і вельмі раскінутая, бо аб’яднана з ранейшымі Заазер’ем і Замошшам, тым не менш, усе выдатна ведаюць адзін аднаго, ды і маршрут паштальёна усё ж кампактны. Навакольныя Белае, Горы, Кісялёва абслугоўваюцца мотадастаўкай.

Яшчэ адна асаблівасць вёскі ў тым, што на лета сюды прыязджае многа дачнікаў, таму работы ў цёплы час у паштальёна болей. Вось і чарговы адрасат – сезонны масарчанін, якога не было дома, таму ў скрыню кладзецца паведамленне аб неабходнасці атрымаць заказное пісьмо.

“Заўтра пайду зусім па іншым маршруце. У суботу ў сумцы будуць у асноўным газеты, пераважна “раёнка”, якую ў вёсцы выпісвае 26 чалавек. Хоць і памяншаецца колькасць насельніцтва, падпіска ў мяне трымаецца на ранейшым узроўні, ну а на “Патрыёт” угаворваць нікога не трэба – людзі любяць сваё выданне”, – тлумачыць Наталля Антонаўна, якая ўтрымлівае план і па ўсіх іншых паказчыках.

“Спецыялістаў, якія жывуць і працуюць на месцы, маюць пастаянны кантакт і нават асаблівыя суседска-сяброўскія адносіны з кліентамі, на сённяшні час складана, ды нават немагчыма замяніць. Таму мы вельмі цэнім такіх работнікаў як Наталля Магіліна, якая валодае рэдкім спалучэннем камунікабельнасці і тэхнічнай адукаванасці, без чаго зараз немагчыма аказваць паштовыя паслугі”, – гаворыць намеснік начальніка Полацкага міжрэгіянальнага вузла паштовай сувязі Ірына Агароднікава.

Н.Магіліна пацвярджае, што пераход на лічбавае абслугоўванне, як і розныя праграмы, з якімі працавала ў аддзяленні, яна асвоіла нават без накіравання на адпаведныя курсы. Чытала, унікала, ды нават калегам падказвала. Яно і не дзіўна, бо мае вышэйшую тэхнічную спецыяльнасць – скончыла Наваполацкі політэхнічны інстытут. Зараз, якім бы ні быў маршрут, з ёй разам пастаянна “Мабільны паштальён” – праграмны комплекс, які выконвае літаральна ўсе аперацыі, што і ў гарадскім аддзяленні. Вельмі мабільная і сама ўладальніца разумнай прылады. Хоць і з’яўляецца на сённяшні дзень самым вопытным спецыялістам Ушацкага паштовага аддзялення, ды і сумка паштальёна мае немалую вагу, Наталля Антонаўна з лёгкасцю пераадольвае любыя маршруты. Яна не проста любіць сваю работу, а выконвае яе з асаблівым пазітывам. Спартыўная, стройная, яна наведваецца да кліентаў з нязменнай усмешкай, і ўзамен абавязкова атрымлівае такую ж.

Наталля Антонаўна – маці траіх ужо дарослых дзяцей і выдатная гаспадыня. Палачанка, якую лёс у 1986 годзе звязаў з Мосаршчынай (па размеркаванні трапіла прарабам у мясцовы калгас) даўно асвоіла вясковы ўклад, трымае вялікую падсобную гаспадарку, і ў ліку зусім нямногіх карэнных жыхароў – ажно дзве буронкі.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *