Колькі б ні ўгаворвалі мы дзяцей і падлеткаў бавіць час не ў лічбавай прасторы, а на сапраўдных спартыўных пляцоўках – модныя захапленні з сучаснага жыцця ўжо не выкрасліць. А значыць, трэба знайсці разумны кампраміс. Напрыклад, прыдумаць праект, які прымусіць геймераў выйсці з віртуальнага свету ў рэальны. Менавіта такую мэту мае фіджытал-спорт, у назве якога зліваюцца два англійскія словы physical (фізічны) і digital (лічбавы). Адпаведна, і складаецца ён з дзвюх частак: спачатку ўдзельнікі змагаюцца ў камп’ютарнай гульні, а потым пераходзяць на сапраўдную пляцоўку.
У чацвер турнір па фіджытал-спорце прайшоў у Віцебску. Ладзіўся ён у другі раз, і колькасць удзельнікаў істотна павялічылася: за перамогу ў футболе змагаліся 16 каманд юнакоў 12-14 год, а студэнты выяўлялі мацнейшых у стрытболе. Упершыню да цікавых спаборніцтваў далучыліся і ўшачане.
Віртуальная частка для нашых землякоў аказалася “слабым звяном”: гульню “ФІФА” (сімулятар футбола) яны раней практыкавалі толькі ў тэлефонным фармаце, тут жа трэба было змагацца на гульнявых прыстаўках PlayStation, прыстасоўвацца да джойсцікаў і кнопак. А таму ўсім сапернікам па падгрупе далі фору, бо лік пасля камп’ютарных баталій пераносіўся на старт гульні на міні-футбольнай пляцоўцы. А вось тут нашы хлопцы практычна не мелі сабе роўных. Мяркуйце самі: стартавыя 0:5 у матчы з камандай Лепеля ўшачане ператварылі ў 9:6, 0:7 з аршанцамі – у 9:8, 1:2 з дубровенцамі – у 7:4. Адзіная асечка ў паўфінальным матчы з лёзненцамі не дазволіла пазмагацца за першае месца, затое ў паядынку за “бронзу” нашы землякі разграмілі каманду Віцебскага раёна – 9:4.
Лепшым іграком каманды быў прызнаны Ілья Сляцкі, а трэнер Раман Фядосенка падкрэсліў, што выдатна выглядалі на пляцоўцы абсалютна ўсе! Гонар раёна абаранялі Аляксей Салодкін, Максім Паршонак, Назар Курбака, Антон Качынскі, Аляксандр Бучынскі і Ілья Гірсёнак.
“Гэта вельмі цікавы напрамак для пакалення, якое расце разам з лічбавымі тэхналогіямі. Ён дазваляе развіваць і інфармацыйны складнік, і не забывацца пра актыўны лад жыцця”, – падкрэсліў падчас урачыстага ўзнагароджання начальнік упраўлення спорту Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Фацееў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

