Сюрприз от крылатой гвардии. В день ВДВ ушачские десантники навестили с подарками отделение круглосуточного пребывание для пожилых людей и инвалидов в Веркудах

Общество

Сёлетні Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый стаў па-сапраўднаму святочным для пастаяльцаў аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН, што ў Вяркудах. У госці да іх з цёплымі словамі і падарункамі 2 жніўня завіталі прадстаўнікі крылатай гвардыі з гарпасёлка. Ініцыятарам правядзення такой дабрачыннай акцыі выступіў ушачанін Васіль Казьянін, падтрымалі ж яго Аляксандр Кызыма і Дзяніс Пчолка.

Мужчын у блакітных берэтах у аддзяленні сустракалі віншаваннямі. І ўсё ж галоўная ўвага дасталася тым, хто па розных прычынах аказаўся ў сацустанове, – зараз гэта 24 чалавекі. Дэсантнікі шчодра частавалі іх рознымі ласункамі, жадалі доў­гіх гадоў жыцця і аптымізму. Тых, хто па стане здароўя не змог прыйсці ў вызначанае памяшканне, яны наведалі персанальна ў пакоях. І калі напачатку сустрэчы на вачах расчуленых бабуль і дзядуляў блішчэлі слёзы, на развітанне ўсе яны дружна паціскалі гасцям руку, з задорам прамаўляючы “За ВДВ!”

– Вельмі годная ініцыятыва! – зазначыла загадчыца аддзялення Алена Ігнатовіч. – Не да ўсіх нашых падапечных наведваюцца блізкія, некаторыя іх увогуле не маюць, а таму сустрэча атрымалася цёплай, амаль сямейнай. Яны і зараз за кубачкам чаю ўспамінаюць дэсантнікаў.

“Блакітныя берэты” мяркуюць зрабіць падобныя мерапрыемствы традыцыйнымі, далучыўшы да іх як большую колькасць саслужыўцаў, так і адрасатаў, якім патрэбна іх увага і, магчыма, фізічная дапамога.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *